Подписаться! Лента новостей Техносфера Лесное хозяйство

У Баранавіцкім раёне знішчаюць старадаўні парк з рэдкімі відамі фаўны

У парку пры былой сядзібе Незабытоўскіх у Вялікай Сваротве робяць дарогу – выкарчавалі дрэвы і пабурылі будынак былой кузні.
0 комментариев intex-press.by
Продолжение темы:

Пра тое, што ў Вялікай Сваротве мясцовыя гаспадарнікі робяць дарогу праз старадаўні парк і знішчаюць дрэвы, эколагам і журналістам паведамілі вяскоўцы.

Сапраўды, сёння цэнтральная частка парка ў Вялікай Сваротве спярэшчана пратэктарнымі слядамі гіганцкіх колаў, паўсюды насыпаныя кучы жоўтага пяску, ляжаць выдраныя дрэвы.

– Незваротна пашкоджаная частка паркавай тэрасы: знішчана некалькі старых дрэваў, зрыта частка сцяны бэзу, моцныя механічныя пашкоджанні атрымаў быдынак былой кузні, да якой вядуць сляды трактара-пагрузчыка.

Тое, што за амаль 200 гадоў не разбурылі ні войны, ні час – разбурыў нейкі механізатар, – пракаментаваў ўбачанае ў Вялікай Сваротве старшыня эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання «Неруш» Уладзімір Зуеў.

Па словах эколага, парк у Вялікай Сваротве адметны некалькімі індыкатарнымі відамі фаўны. Тут, напрыклад, жыве ўстойлівая папуляцыя звычайнай квакшы – невялікая, але мілавідная жабка, якая жыве пераважна на дрэвах і кустоўі – занесена ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды як від, што патрабуе ўвагі. У парку адзначаецца шмат вінаградных смаўжоў, якіх у Беларусі здабываюць у прамысловых маштабах, аднак гэта здабыча строга лімітавана.

Будаўніцтва дарогі ў парку ў Вялікай Сваротве таксама можа парушыць спакой стронгі – аднаго з найкаштоўнейшых беларускіх чырвонакніжнікаў сямейства ласосевых, які жыве і нерастуе ў мясцовай рэчцы Сваротва. Дарога, якую цяпер робяць у Вялікай Сваротве, акурат вядзе да броду праз рэчку ў межах парка.

Кіраўнік філіяла «Пачапаўскі» птушкафабрыкі "Дружба" Ігар Грыб, чые палі атачаюць Вялікую Сваротву, пацвердзіў у размове з Intex-press, што яго гаспадарнікі сапраўды падсыпаюць і пашыраюць дарогу праз парк на месцы старой, зарослай з часам вясковай дарогі, каб сельскагаспадарчая тэхніка мела дадатковае выйсце на палі па іншы бок Сваротвы.

– У мяне на тым беразе каля 500 га палёў. Я ж не магу ўсю тэхніку праз вёску пускаць! – агучыў сваю пазіцыю Ігар Грыб.

І ўсё ж дазволу на правядзенне дарожна-будаўнічых работ, па яго словах, гаспадарнікі не атрымлівалі.

– Які дазвол ад мяне патрабуецца, калі я праводжу сельскагаспадарчыя работы! – выказаў меркаванне Ігар Грыб.

Аднак, як паведаміў Intex-press начальнік Баранавіцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Алег Загурскі, гаспадарнікі ўсё ж мусілі атрымаць дазвол на будаўніцтва дарогі і выкарчоўванне дрэваў, тым больш, што будаўніцтва адбываецца ў 25-метровай водаахоўнай зоне рэчкі Сваротвы.

У найбліжэйшы час супрацоўнікі інспекцыі паабяцалі выехаць на месца, каб разабрацца з сітуацыяй.

Ранее по теме:

Комментарии читателей: