Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Конкурсы

Падведзены вынікі фотаконкурсу "Магія дзікай прыроды Беларусі-2013"

12 лепшых здымкаў беларускай прыроды ўвайшлі ў вялікафарматны каляндар на наступны год.
1 комментарий birdwatch.by
Продолжение темы:

На працягу 9 першых месяцаў гэтага году наш сайт Птушкі штодня разам з Гродзенскім гарадзкім аддзяленнем ГА "Таварыства беларускай мовы" і выдавецкай ініцыятывай “Гарадзенская бібліятэка” праводзіў фотаконкурс, адной з галоўных мэтаў якога было адабраць 12 лепшых здымкаў прыроды нашай краіны для вялікафарматнага насценнага календара на наступны год.

З некалькі сотняў здымкаў, размешчаных на сайце birdwatch.by з розных мясцін Беларусі, ў намінацыі “Магія дзікіх птушак” карыстальнікі сайту сваімі высокімі ацэнкамі адабралі ў фінал 81 здымак, у намінацыі “Магія дзікіх жывёл” – 41 здымак, у намінацыі “Магія МакраСвету” – 32 здымкі, у намінацыі “Магія краявідаў” – 34 здымкі.

Далей міжнароднае Журы ставіла свае адзнакі ўсім здымкам-фіналістам. Такім чынам перамаглі, і па ўмовах фотаконкурсу, будуць надрукаваныя ў Календары на наступны год, якія будуць урачыста ўручаныя аўтарам здымкаў-пераможцаў наступныя фатаграфіі дзікай прыроды Беларусі:

1

“Баявічка”. Аўтар – Мікалай Верабей

Вялікая сініца (Parus major) адганяе дамовага вераб’я (Passer domesticus). 1-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх птушак”.

“На маёй сталоўцы сініцы звычайна не ўдзельнічаюць у бойках з вераб'ямі, але гэтая, напэўна, з птушанага АМАПу.”

18.01.2013, Любань, Міншчына

2

“На лапаткі”. Аўтар – Мікалай Верабей

Сутычка палявых вераб’ёў (Passer montanus). 2-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх птушак”.

“Паядынак у паветры ў птушынай сталоўкі” 18.01.2013, Любань, Міншчына

3

“Перазімаваў”. Аўтар – Мікалай Верабей.

Вялікі баклан (Phalacrocorax carbo) пад час рыбалкі. 3-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх птушак”.

"Некалькі гадзін баклан прыбіраўся ў 200 м ад мяне, але потым праз адзін нырок нечакана хутка апынуўся у 100 м, а праз другі перада мною. Па цячэнню, але ўсё ж такі я быў вельмі здзіўлены яго імклівасцю."

06.04.2013, р.Арэса, Любанскі р-н, Міншчына

4

“Вынаходлівае мышаня”. Аўтар – Мікалай Верабей

Палявая мыш (Apodemus agrarius). 1-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх жывёл”.

“Як высвятлілася, тое, што ўпадзе з птушынай сталоўкі, не прападзе - там таксама нехта харчуецца.”

23.02.2013, Любань, Міншчына

5

“Сакавіцкай раніцай”. Аўтар – Аляксандр Эрдман

Лось (Alces alces). 2-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх жывёл”.

“Здымак зроблены з "наскоку" - дакладней, з пад’езду. Паехаў здымаць краявіды. Раптам заўважыў пару ласёў на прыгорку, метрах у 100 ад дарогі. Прыпыніў машыну пад прыкрыццём прыдарожнага кусціка, апусціў шыбу і праз пару хвілін яны самі выйшлі з-за галін, якія іх прыкрывалі. На камеры стаяў шырокавугольнік. З доўгафокуснай оптыкі ў машыне быў толькі "пяцісотнік". Вось на 500мм і зняў гэты "краявід", непасрэдна з аўтамабіля...”

18.03.2013, Полацкі раён, Віцебшчына

6

“Змрочны дазор” Аўтар – Мікалай Верабей

Бoбр еўрапейскі (Castor fiber). 3-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх жывёл”.

“Бобр-разведчык на заходзе сонца.” 08.04.2013, р. Арэса, Любанскі р-н, Міншчына

7

“Не па зубах”. Аўтар – Сяргей Дамброўскі

Павук і матыль. 1-е месца ў намінацыі “Магія МакраСвету”.

“Мае здымкі - гэта дзесяткі кіламетраў пешшу з цяжкім заплечнікам, які набіты фотатэхнікай; гэта гадзіны і дні, праведзеныя нерухома на пякучым сонцы ў траве; гэта рызыка быць унесеным быстрай плынню ракі, падсмажаным маланкай, уздоўж і ўпоперак пагрызеным насякомымі, тыднёвыя прастуды з-за правалаў пад лёд; гэта пастаянныя абмежаванні ў ежы з-за каштоўнай апаратуры і недасыпанне ў чаканні сваіх залатых хвілін раніцай у адзіныя выходныя. Гэта чаканні, расчараванні, пераадольванне сябе і перамогі. Гэта – стыль жыцця і яго сэнс. Гэта і мала, і многа для аднаго чалавечага жыцця”.

8

“У траве”. Аўтар – Сяргей Дамброўскі

Махаон зблізку. 2-е месца ў намінацыі “Магія МакраСвету”.

9

“Схавалася”. Аўтар – Сяргей Дамброўскі

Страказа-стрэлка. 3-е месца ў намінацыі “Магія МакраСвету”.

10

“Ледастаў”. Аўтар – Уладзіслаў Сакалоўскі

Мінская Свіслач. 15.12.2010. 1-е месца ў намінацыі “Магія краявідаў”.

“Прызнаюся чэсна - прыязджаў на гэта месца ўжо шмат разоў. Аднак зрабіў яшчэ адзін восеньскі кадр – і ўсё.”

11

“Каса”. Аўтар – Аляксандр Батура

Вілейскае вадасховішча. 17.10.2010. 2-е месца ў намінацыі “Магія краявідаў”.

“Увосень, калі ў вадасховішчы паніжаецца ўзровень вады, на плыткіх месцах узнікаюць мудрагелістай формы астравы і пясчаныя косы. Першыя замаразкі пакрываюць шэранню прыбярэжную траву, тонкі лядок узнікае на водмелях. Узыходзячае сонца растопіць шэрань і лядок, разгоніць туман. Аднак набліжэнне зімы ўжо адчуваецца…”

12

“Без людзей”. Аўтар – Сяргей Дамброўскі

Пойма р. Мухавец пад Брэстам. Восень 2012 г. 3-е месца ў намінацыі “Магія краявідаў”.

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў фотаконкурсу “Магія дзікай прыроды Беларусі-2013” адбудзецца ў Гродна ў суботу, 23 лістапада 2013 г.

13

Дызайн календару – Дзьмітры Гупянец
Ранее по теме:

Комментарии читателей: