Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Мероприятия

Развіццё “дарослых” і “маленькіх” экалагічных НДА: чаго засцерагацца і што рабіць

Арганізацыйнае развіццё сёння робіцца модным – аб гэтым кажуць на Кірмашы аргразвіцця-2013.
0 комментариев
Продолжение темы:

Так, аргразвіццё - гэта модна!

Арганізацыі займаюцца аргразвіццём таму, што гэта модна. У тым ліку экалагічныя. І палова з не пытаюцца сябе, навошта гэта патрэбна. Пагаджаюся з тэзісам Вітаўта Рудніка: так, гэта модна, - кажа Ірына Белая з сакратарыяту таварыства Зялёная сетка.

Робіцца модным тое, да чаго ў беларускіх НДА проста няма звычкі – і гэта прыкмета таго, што паляпшаецца сувязь між кансультантамі і атрымальнікамі іх кансультацый, атрымлівае жыццё сама ідэя. Як і ў любой моды, ёсць адмоўныя бакі: 80% атрымальнікаў не рэалізуюць свой план па аргразвіццю і 95% запытаў кансультацыю – для атрымання стратэгічнага плана развіцця.

Арганізацыйнае развіццё – стракатая новенькая з’ява, якая, падавалася б, дае міфічныя магчымасці. Але, праўда, пры ўмове, што ім правільна скарыстаешся. Паводле Ірыны Белай, арганізацыям, асабліва тым, хто нядаўна сярод НДА, цяжка вызначыць свой фокус у развіцці, перавесці абстрактнае “павялічыць патэнцыял” у канкрэтнае “павялічыць знешнюю дзейнасць арганізацыі”:

Заўсёды трэба адказваць на пытанне “Для чаго?” Якім чынам зменіцца дзейнасць маёй арганізацыі ад таго, што я буду рабіць унутры? Не казаць “палепшыцца ахоп”, а вельмі канкрэтна вызначаць, які ўпылыў будзе на супольнасць па-за арганізацыяй. І з гэтага выбудуюцца прыярытэты ўнутранага развіцця.

Не заўсёды стратэгічны план – універсальны сродак ад усіх праблем. Ён абсалютна не ратуе, лежачы ў стале. Дамовіўшыся пра місію і склаўшы план, можна думаць над тым, як яго з паперкі перанесці ў рэальнае жыццё. Рэцэпты для арганізацый – самыя розныя, у залежнасці ад прыярытэтаў: калі патрэбна больш працаваць з людзьмі, то надалей спатрэбіцца піяр-стратэгія, добры імідж, структура арганізацыі, зручная для ўключэння вялікай колькасці новых сяброў.

Простая фішка, якая неабходная арганізацыі

Што тычыцца экалагічнага сектара, то адказ на пытанне “Для чаго?” можа быць наступны. Ірына Сухій, сябра савета “Экадом”:

Я б больш за ўсё звярнула ўвагу на тэзіс Ірыны Белай: усе змяненні павінныя прыводзіць да большага ўплыву звонку. Выклік перад экалагічнымі арганізацыямі стаіць у тым, што яны маласяброўскія ці несяброўскія, яны – добрыя агенцыі з добрымі праектамі, але не звязаныя са сваімі мэтавымі групамі.

Місія некаторых супольнасцей ці арганізацый – напрыклад, Зялёнай сеткі - тычыцца ўзмацення ўплыву грамадскасці на экалагічна значныя рашэнні “і нам трэба, каб было шмат-шмат людзей, якія звяртаюць увагу і намагаюцца адстойваць сваё права на дабраспрыяльны навакольны асяродак” (Ірына Сухій).

Самая масавая экалагічная арганізацыя – Ахова птушак Бацькаўшчыны (каля 3000 чалавек). Іх тэма – вельмі канкрэтная, дадатная і зразумелая, хаця арганізацыя займаецца шырэйшымі рэчамі накшталт захавання біяразнастайнасці. Пасыл “Любіце птушак - зрабіце для іх добрую справу” прыцягвае людзей.

Я лічу, што ўсе арганізацыі маглі б знайсці нейкую простую фішку для сябе, да якой было б лёгка далучыцца, - Ірына Сухій.

Праблемы “дарослых” і “маленькіх” экалагічных НДА

Іншы бок пытання “Для чаго?” – накіраванасць арганізацыі. Ірына Белая:

Вельмі шмат маленькіх арганізацый, якія ставяць для сябе мэты на ўзроўні выніку, а не ўплыву на супольнасць. Развітая арганізацыя плануе, якое ўздзеянне на грамадства будуць мець яе паслугі, а не проста хоча зрабіць што-небудзь. Яна мае індыкатары. А многія экалагічныя арганізацыі працуюць на прадуты і паслугі: ачысціць ад смеця лес раз, два, той жа лес трэці, але не вырашыць праблему.

Гэтая ж праблема найчасцей неістотная для арганізацый “дарослых”, якія “выраслі да таго, каб кансалідавацца з іншымі, сінхранізавацца і ўплываць на полісі” (Ірына Белая). Ёсць і праблемы, якія пакуль так і застаюцца нявырашанымі: зусім няма праграм развіцця для маладых арганізацый, якія б дапамаглі зразуменць сябе і тое, што яны жадаюць зрабіць. Ім проста не падыходзіць інструментарый.

Трэба рыхтаваць прагармы па аргразвіццю для ініцыятываў і фактычна дапамагаць гэтым маленькім ініцыятывам атрымаць фінансавую і рэсурсную падтрымку. Таму што планка высокая, і яны пад яе не заскочаць, яны - новенькія, - кажа Ірына Белая.

Адзін з выклікаў кансультантам – каштоўнасці, асабліва карпаратыўная этыка экалагічных арганізацый: калі кансультант ездзіць на джыпе і кідае смецце на вуліцы, у яго можа не атрымацца ўсталяваць патрэбны ўзровень даверу з экалагічнай арганізацыяй.

Таксама варта звяртаць увагу на тое, што праграмы вопытных НДА часам рыхтуюцца без аналізу патрэбаў спажывальнікаў паслугаў, можа выкарыстоўвацца неадаптаваны і нерэлевантны інструмент. Істотна, каб на трэнінгах па адукацыі кансультантаў удзельнічалі не толькі замежныя, але і беларускія трэнеры.

Ганна Валынец

Фота – orgconsulting.by

Ранее по теме:

Комментарии читателей: