Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Мероприятия

Эколагі: прыняцце экалагічна значных пытанняў мусіць быць з удзелам грамадскасці

У Мінску адбыўся круглы стол "Праблемы рэалізацыі Орхускай канвенцыі ў Беларусі і шляхі іх вырашэння".
0 комментариев

21 чэрвеня 2013 году ў Мінску адбыўся экспертны круглы стол "Праблемы рэалізацыі Орхускай канвенцыі ў Беларусі і шляхі іх вырашэння". Удзел у мерапрыемстве ўзялі эколагі і юрысты "Экадома", "Зялёнай сеткі", Lawtrend, прадстаўніца ПРААН у Беларусі і Беларускай антыядзернай кампаніі. Сустрэча адбылася пры падтрымцы Асамблеі НДА.

Сярод закранутых тэмаў выступоўцаў былі доступ да правасудздзя, дзейнасць Мінпрыроды ў святле рэкамендацый, вынесеных Камітэтам па выкананні Орхускай канвэнцыі ў дачыненні да Беларусі. Таксама быў прэзэнтаваны Аналіз заканадаўства Рэспублікі Беларусь у святле Канвэнцыі пра доступ да інфармацыі, удзел грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступ да правасудздзя па пытаннях аховы навакольнага асяродздзя.

Паводле юрыста "Экадома" Сяргея Магонава, у беларускім заканадаўстве існуе праблема доступу да экалагічна значнай інфармацыі і ацэнкі ці ёсьць гэтая інфармацыя канфідэнцыяльнай. У Канвенцыі дакладна акрэслена, хто і якім чынам вызначае абмежаваную для шырокага кола грамадства інфармацыю.

Таксама адным з невыкананняў Орхускай канвенцыі ёсць тое, што людзі не могуць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, не маюць доступ да інфармацыі і правасудздзя па пытаннях навакольнага асяродздзя. Абмеркаванне, калі і праводзіцца, то ўжо пасля падпісання ўсіх неабходных дакумэнтаў і актаў, дзе абазначаныя і месца, і тэхналёгіі. І ў гэтым выпадку назіраецца фармальнае грамадскае абмеркаванне, якое можна паўплываць толькі на змену дробных момантаў.

Гэта ўсё, упэўнены юрыст "Экадома", абумоўленае адсутнасцю рэгулявання далучэння грамадскасці да абмеркавання на заканадаўчым узроўні. Міністэрства прыроды змяшчае інфармацыю на сайце, аднак, паводле экспэртаў, вельмі часта незразумела, якія праекты ўжо прынятыя, якія толькі распрацоўваюцца. Тое ж адбываецца і на сайце парламенту.

Удзельнікі круглага стала звярнулі ўвагу і на праблему з доступам да правасудздзя, якая абумоўленая недастатковай кампетэнтнасцю судздзяў па тэматыцы Орхускай канвенцыі. Напрыклад, калі экалагічнае ГА падае скаргу, яе накіроўваюць у Гаспадарчы суд, дзе вялікія пошліны і іншая сыстэма суда, якая не зусім кампетэнтная для разгляду спраў па парушэнні Орхускай канвенцыі.

Юрыст "Зялёнай сеткі" Марына Дубіна акцэнтавала ўвагу на пытаннях градабудаўніцтва і архітэктурнай забудовы, і тых праблемах, якія існуюць у гэтай сфэры. У чарговы раз парушаецца доступ простых грамадзян да інфармацыі, што, адпаведна, вядзе да фактычнай немагчымасці ўплываць на рашэнні і ўдзельнічаць у грамадзкіх абмеркаваннях. Разам з тым, у склад Камісіі грамадскіх абмеркаванняў трапіць зацікаўленым грамадзянам немагчыма. Камісія фармуецца кіраўніком адміністрацыі, мясцовыя жыхары ў яе склад не ўключаюцца, маўляў, "камісія ўжо створана".

Таксама існуе праблема з тым, што грамадзяне часта ня ведаюць, да каго звяртацца і хто ім можа дапамагчы. Разам з тым, ад іх патрабуецца быць кампетэнтнымі ў юрыдычных справах пры напісанні скаргаў.

Старшыня Праўленьня грамадскага аб'яднаньня Ірына Сухій пракамэнтавала вынікі экспэртнага Круглага стала:

- Агулам ацэньваю вынікі сустрэчы станоўча. Прадстаўнікоў дзяржаўных органаў не было, аднак былі прадстаўнікі Орхускага цэнтру і Праграмы развіцця ААН. Мы абмеркавалі і вызначылі агульныя ключавыя кропкі, якія ёсць у працэсе рэалізацыі Орхускай канвенцыі ў Беларусі, і тыя неабходныя змены дзеля эфэктыўнага выканання Канвэнцыі. Па большасці пунктах нашыя меркаванні супадаюць. Аднак, ёсць і пазыцыі, якія патрабуюць далейшых перамоў.

Перад усім, эксперты і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый настойваюць на наданні грамадскасці большых правоў і магчымасцяў і больш шырокага далучэння да абмеркавання і прыняцця эка значных рашэнняў. Разам з тым, сама Орхуская канвенцыя ўтрымлівае пэўныя агульна сфармуляваныя палажэнні, што дазваляе трактаваць іх на карысьць дзяржаўных органаў.

Паводле Ірыны Сухій, экалагічная супольнасць надалей працягне перамовы і лабіраванне інтарэсаў грамадскасці ва ўдзеле ў грамадскіх абмеркаваннях.

- Зараз ідзе распрацоўка Палажэння аб парадку правядзення Грамадскіх абмеркаванняў экалагічна значных рашэнняў. ПРААН узгадняе праект з Міністэрствам прыроды. Аднак, грамадскасць ніякім чынам на гэтым этапе не далучаная да абмеркавання. Атрымліваецца, што палажэнне пра ўдзел грамадскасці распрацоўваецца без удзелу грамадскасці. Насамрэч, грамадзяне павінны ўдзельнічаць у абмеркаванні на этапе, калі рашэнне яшчэ не прынятае.

Так, паводле Орхускай канвенцыі, ёсць тры віды рашэнняў: канкрэтныя рашэнні (будаўніцтва АЗС, напрыклад), распрацоўка і прыняцце планаў і праграм, а таксама распрацоўка заканадаўчых актаў. І менавіта на першым этапе, калі толькі маецца намер распачаць дзеянне, неабходна абмяркоўваць з зацікаўленымі людзьмі магчымае рашэнне і шукаць кампрамісы. На практыцы бачым, што абмеркаванне адбываецца на апошнім этапе. Адпаведна, грамадскасць успрымаецца як скандалісты і тармазы ўсіх працэсаў.

Па выніках мерапрыемства плануецца прыняцца шэраг супольных дакументаў датычных выканання Орхускай канвенцыі ў Беларусі, а таксама градабудаўнічых рашэнняў.

Круглы стол праводзіўся таксама як падрыхтоўчы этап да Форуму экалягічных арганізацый, які меўся адбыцца ў канцы чэрвеня. Аднак, з тэхнічных прычынаў пераносіцца на кастрычнік. Паводле Ірыны Сухій, таксама на Форуме планавалася прыняць шэраг супольных дакументаў, датычных выканання Орхускай канвенцыі ў Беларусі, будаўніцтва Кітайскага парка і градабудаўнічых рашэнняў. Аднак праз перанос Форуму, дакументы ў хуткім часе будуць распаўсюджаныя сярод СМІ і грамадскасці.

Круглы стол праводзіўся пад эгідай ІІІ Рабочай групы Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасьці Усходняга Партнёрства ў межах праекту Еўрапейскай камісіі "Узмацненне патэнцыалу Нацыянальных Платформаў Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства". Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялогу арганізацый грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў улады і еўрапейскіх інстытуцыяў дзеля распрацоўкі праграм вырашэння актуальных праблем і ўплыву на працэс прыняцця рашэнняў на вышэйшым узроўні. Мерапрыемства арганізаванае пры ўдзеле Асамблеі НДА.

Комментарии читателей: