Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Персоны

Яўген Лабанаў: Пра валанцёрства, бізнэс і НДА

А таксама велагонкі і калі супу не месца ў сметніцы, разважае Яўген Лабанаў, дырэктар «Цэнтра экалагічных рашэнняў».
0 комментариев ampby.org
Продолжение темы:

У школе Яўген займаўся ў навукова-даследчым гуртку “Касмічная біялогія”, дзе і нарадзілася любоў да практычнай навукі. Пасля скончыў біяфак БДУ. Адзінае, аб чым шкадуе, што не паступіў туды на пяць год пазней. Маўляў, больш бы атрымаў.

«Важна, каб чалавек верыў у тое, што робіць»

- Як вы лічыце, якога чалавека можна назваць лідарам?

Гэта не той, хто сябе лічыць лідарам, а той, каго людзі гатовыя ўспрымаць так. Часцей за ўсё публічны чалавек. Той, чыё меркаванне для іншых істотнае. Яго словы могуць быць кімсьці пачутыя, і ёсць шанец, што нехта зробіць так, як ён сказаў. І за паслядоўнасць тых дзеянняў, за каштоўнасці ён нясе адказнасць – не юрыдычную, але маральную. Калі разумееш, што твае дзеянні і ўчынкі істотныя, больш уважліва думаеш, што робіш і кажаш.

Я пару разоў на тыдзень дакладна стасуюся з журналістамі, і намагаюся аналізаваць тое, што кажу, казаць толькі па тэмах, па якіх ёсць чым падзяліцца. Важна, каб чалавек верыў у тое, што робіць, што гэта на карысць. Што гэта супадае з яго каштоўнасцямі. Бо калі інакш – гэта крывадушнасць.

Лідарства як камандная велагонка

- А вас можна назваць лідарам?

Не ведаю, як адказаць. Мяркую, ёсць людзі, якія бачаць мяне лідарам у пэўных сэнсах. У той жа час я разумею, што мне шанцуе, таму што я працую і стасуюся з людзьмі – маімі калегамі, сябрамі і аднадумцамі, якія насамрэч лепшыя за мяне – па сваіх прафесійных ці асабістых якасцях. Я лічу, што кожны чалавек часам з’яўляецца лідарам, а часам яму патрэбная падтрымка іншых.

Гэта як у каманднай велагонцы – ты можаш ехаць наперадзе нейкі час, а пасля, праз некалькі хвілін ты мяняешся і едзеш у паветранай кішэні за спінай іншага. А пасля спераду нехта яшчэ…

1

Істотна, што чалавек зрабіў за сваё жыццё

- Як звычайна паводзяць сябе людзі, да меркавання якіх прыслухоўваюцца?

Мне падаецца, тут можа быць шмат адказаў. Мы бачым у сённяшнім грамадстве вельмі сур’ёзную дэвальвацыю каштоўнасцей: «залатая моладзь», прайсці дрэс-код у дарагім клубе і набыць кактэйль за 200 даляраў – усё гэта падаецца як тое, да чаго імкнуцца.

А рэальна праз 50-70 год усе мы памром. І істотна перад смерцю, што чалавек зрабіў за сваё жыццё і што можа узяць з сабой – каму змог дапамагчы, хто пра яго будзе памятаць. Хаця нельга сказаць, што раней усё было выдатна, а зараз дрэнна.

«Калі пытанне грошай застаецца тактычным – аптымальна»

- Арганізацыя мусіць быць грантавай ці негрантавай?

Гэта не асноўнае пытанне. Галоўнае – што вы хочаце рабіць. Калі для гэтага вам патрэбныя рэсурсы, то гэта могуць быць гранты, ахвяраванні альбо сродкі спонсараў – дзяржавы ці камерцыйнай кампаніі. Альбо вы ўкладаеце свае грошы. Калі пытанне грошай застаецца тактычным – аптымальна.

Працуючы з грантам, у нейкай ступені вы трапляеце пад залежнасць ад прыярытэтаў грантавых праграм/конкурсаў. І тут трэба ў першую чаргу трымаць у галаве свае мэты.

Калі казаць з пункта гледжання краіны – гэта бязвыплатныя інвестыцыі. За апошнія 10-15 гадоў – дзясяткі мільёнаў даляраў. Іншая справа – практычна ва ўсіх нашых арганізацый нізкая ступень фінансавання з Беларусі, а гэта адзін з індыкатараў устойлівасці арганізацыі.

Адчуванне падтрымкі: калі паляпшаюцца стасункі між арганізацыямі

Дзейнасць грамадскай арганізацыі не можа быць эфектыўнай, калі яна дзейнічае ў адзіночку. Калі ты з’яўляешся часткай больш шырокага руху, дзе людзі дзейнічаюць не толькі так, як ты, з’яўляюцца розныя кропкі прыкладання сілаў, супраца між арганізацыямі. Калі казаць пра экалагічны сектар, мне радасна, што ў нас з бегам часу паляпшаюцца стасункі між арганізацыямі.

Раней узровень ізаляванасці быў нашмат большы. Зараз усе, хто актыўна працуе, сустракаюцца між сабой, у тым ліку на ўзроўні кіраўніцтва, ведаюць, хто чым зараз займаецца. І ад гэтага адчуванне нейкай падтрымкі. Калі ты зараз зрабіць нешта не можаш, але зробіць іншы.

2

Праца: сэнс жыцця ці месца, дзе зарабляюць грошы?

У мяне ёсць умоўны працоўны дзень – гадзін з 11 да 19-20. Але я цалкам магу пасля 23 гадзін абмяркоўваць нешта ў скайпе. Мне падаецца, вельмі добра, калі праца – гэта не толькі месца, дзе ты зарабляеш на жыццё, але і намагаешся рабіць нешта, што ты лічыш значным і што з’яўляецца часткай твайго жыцця.

- … больш сацыяльна значнае за звычайную працу ў краме, напрыклад?

Я б дакладна не пагадзіўся, што праца звычайнай прадавачкі ці касіра менш сацыяльна значная… А сацыяльная значнасць урача на хуткай нашмат большая за маю.

Я цалкам магу ўявіць, што ты працуеш 8 гадзін на суткі, каб зарабіць. Але пры гэтым для цябе самае важнае – сям’я. Ці нешта іншае, на што пасля выдаткуеш час і энергію. Тады нармальна, калі ты ставішся да працы як да месца, дзе зарабляеш грошы.

- Чаму вы займаецеся экалагічнай дзейнасцю, а не бізнэсам?

Асабіста я пакуль не стаяў перад выбарам альбо/альбо. Пакуль гэта не надта цікава і вострай неабходнасці зарабіць шмат грошай не было… Але сацыяльны бізнэс, можа, некалі і адбудзецца. У нас у працэсе дзейнасці ўзнікаюць досыць цікавыя бізнэс-ідэі, якімі мы займацца не можам. І хацелася б, каб быў чалавек, які будзе гэта рабіць. Сертыфікацыя, зялёныя офісы і экадызайн, адкіды…

«Галоўнае, каб папера, метал і пластык не былі палітыя супчыкам»

Надзённае – чаму смецце трэба збіраць асобна?

Гэта звязана з псіхалагічным стаўленнем. Для большасці з нас гэта – выкінулі ў смеццепровад і забыліся. Мы нібыта вырашылі праблему. А насамрэч праца з адкідамі – тое нешматлікае, чым звычайны чалавек рэальна можа прынесці карысць наваколлю.

У сярэднім у сям’і з горада накшталт Мінску 50-70% адкідаў – гэта пакаванне: папера, шкло, пластык. Амаль усю яе можна перапрацаваць. А між тым у Беларусі досыць сур’ёзная праблема: нястача шклабою для вытворчасці шкла. Мы нават яго завозілі з Расіі.

У першую чаргу істотна, каб у вас смецця было мала. І наступнае – аддзяляць арганіку ад неарганікі: галоўнае, каб папера, метал і пластык зверху не былі палітыя якім-небудзь супчыкам.

3

«Канцэпт валанцёрства – тое, чаго нашаму грамадству сапраўды не хапае»

У мяне зараз шэраг сяброў з’ездзілі ў ЗША па праграме Community Connection. І адно з іх уражанняў – узровень валанцёрства там непараўнальна вышэй, чым у нас. Хутчэй калі ты гэтага там не робіш, то з табой нешта не так.

А я памятаю яшчэ стэрэатыпы ва ўніверы: патрэбныя грошы – пайшоў здаў кроў. Тут складана казаць пра валанцёрства. Калі ў нас дэкларуецца сацыяльна арыентаваная дзяржава, маецца на ўвазе, што яна павінная зрабіць усё для людзей. Я грамадзянін і спажывец паслуг. А што я сам магу зрабіць? Канцэпт валанцёрства – тое, чаго нашаму грамадству сапраўды не хапае.

«Шчасце вельмі моцна звязана з каштоўнасцямі чалавека»

- Вы шчаслівы чалавек?

Напэўна так. Я разумею, што ёсць шмат рэчаў, у якіх можна расці. Змяняць у сабе… Шчасце вельмі моцна звязана з каштоўнасцямі чалавека. Для мяне першае пытанне – пытанне веры, якая мне дае насамрэч сілы нешта рабіць, і я разумею, дзеля чаго.

4

Даведка АМП

Яўген Лабанаў – дырэктар «Цэнтра экалагічных рашэнняў». Тры гады з’яўляецца сакратаром Аб’яднання моладзі беларускай праваслаўнай царквы. Займаецца адукацыйнымі і сацыяльнымі праектамі з валанцёрамі.

Праз сайт «ЦЭР» можна адсочваць інфармацыю пра экафестывалі, конкурсы, флэш-мобы, адукацыйныя мерапрыемствы, эка-летнікі.

Можна “падпісацца” на доўгатэрміновую адукацыю – напрыклад, стаць “студэнтам” моладзевага адукацыйнага цэнтра “Экастарт”.

Заўсёды можна стаць валанцёрам – дастаткова патэлефанаваць у офіс і сказаць “хачу дапамагчы”. Тыя, хто не мае часу актыўна далучыцца да ЦЭР, могуць выбраць і “пасіўны” спосаб падтрымкі, напрыклад, ахвяраваць грошы на дзейнасць арганізацыі.

Ранее по теме:

Комментарии читателей: