Подписаться! Лента новостей Экознание

Пражскія "канікулы" - захапляльнае самаудасканаленне

Ніколі не кажы ніколі і пастаянна павышай планку свайго развіцця, бо межаў у самадасканаленні няма.
0 комментариев

Цяпер гэтымі двумя правіламі я магу смела кіравацца па жыцці. Скончыўшы ў гэтым годзе Школу экалагічнага актывіста, мне цяжка было ўявіць, што яшчэ могуць быць нейкія сюрпрызы і адкрыцці.

ДЗЕНЬ 1: МІНСК-САМАЛЁТ-ПРЫВІТАННЕ, ПРАГА-ІНІЦЫЯТЫВА AUTO*MAT

З нас, шасці шчасліўчыкаў-выпускнікоў Школы, Прагу да гэтай паездкі, напэўна, бачыла толькі адна Ліза.

Таму ў дзень вылету ўнутры аж усё сціскалася ад чакання сустрэчы з гэтым неверагодным горадам!

Сама ж Прага прывітала нас невялікім дожджыкам, але гэта не магло сапрасаваць прадчування насычанага тыдня вучэбнай праграмы.

Засяліліся мы, бадай, у самым ціхім месцы горада, але ля самага гістарычнага цэнтру.

Наконт насычанасці праграмы, нашы чаканні апраўдаліся, бо амаль адразу пасля абеду-перакусу нас зарганізавалі на прагляд дакументальнага фільма пра ініцыятыву Auto*mat. Так, Прага гэта вельмі прыгожы і чароўны горад, з яго вуліцамі-лабірынтамі і адной вялікай праблемай – транспартнай перанасычанасцю, якую і стараецца вырашыць гэта мясцовая велаініцыятыва. Пасля прагляду, мы накіраваліся на офіс, каб пазнаёміцца з Вітэкам, актывістам Auto*mat’а, дзе акрамя прэзентацыі ён распавёў нам пра дзейнасць ініцыятывы і галоўныя перамогі ў барацьбе з уладамі за месца на вуліцах Прагі. Пасля гэтага Вітэк расказаў нам аб мерапрыемствах, якія былі арганізаваны ў межах Дня без аўтамабіля пры падтрымцы Auto*mat’а.

ДЗЕНЬ 2: ВЕЛАТРЫП ПА ПРАЗЕ

На другі дзень арагнізатары зрабілі нам нечаканы сюрпрыз – цэлы дзень мы перамяшчаліся па горадзе на веласіпедах, што патрабавала пэўных навыкаў і цярпення!

У кожным районе была перакрыта толькі адна вуліца. Але ж святкаваць Дзень без аўтамабіля выйшла неверагодная колькасць людзей: як жыхароў Прагі, так і турыстаў. Мы таксама атрымалі магчымасці прайсціся пасярод праезжай часткі і пакаштаваць мясцовую ежу і напоі разам з сапраўднымі пражанамі.

За дзень нам удалося наведаць некалькі кірмашоў і танцавальных пляцовак, а таксама інфармацыйных стэндаў, дзе публічна кожны мог абмеркаваць гарадскія праблемы з прадстаўнікамі розных нефармальных і дзяржаўных арганізацый. Мы таксама вырашылі не заставацца ў баку ад такой магчымасці і падселі за стол да Ladime Prahu, дзе паспрабавалі прапанаваць сваё бачанне ўдасканалення адной з цэнтральных вуліц горада. У далейшым наш план ператварылі ў вясёлы калаж.

Але найбольшае ўражанне на нас зрабіла спаборніцтва па пад’ёму ў гару на веласіпедах на адной з вуліц. Прычым у спаборніцтве прымалі ўдзел не толькі хлопцы, але і найбольш смелыя дзяўчаты. Зноў жа, мы проста не маглі не паспрабаваць гэты пад’ём на сваёй шкуры і наш Стас стаў першым беларусам, хто непасрэдна паўдзельнічаў веласпаборніцтве.

ДЗЕНЬ 3: ШПАЦЫР ПА ПРАЗЕ І МАЗГАВЫ ШТУРМ ПРАЕКТАЎ

Экскурсія па Празе, гэта цудоўная задумка, аднак, пасля цэлага дня пакатушак, далася яна нам з цяжкасцю. Хаця і была яна даволі незвычайнай, бо вадзілі нас не па папулярных турыстычных месцах Прагі, а хутчэй па найбольш цікавых.

Дабраўшыся да цэнтра, мы накіраваліся на work-shop па праектнаму менеджменту. Бо ўсё ж кожны з нас пасля выпуску са Школы экалагічнага актывіста ехаў у Прагу з мэтай набрацца вопыту для рэалізацыі ўласных ідэй. І дзякуючы Кірылу нам удалося раскласці галоўныя элементы праектаў па палічках, упарадкаваць ідэі не толькі на паперы, але і ў галаве.

ДЗЕНЬ 4: БРНО

Рана раніцай на чацверты дзень нас чакаў цягнік на Брно

– другі па велічыні горад пасля Прагі, аднак больш спакойны і ціхі. У Брно ёсць адна адметнасць, ён лічыцца студэнскай і заканадаўчай крэпасцю, магчыма таму жыццё ў ім мае такі размераны характар.

Тут нас чакала сустрэча з Петрам Махалакам, чалавекам-актывістам па жыцці. Для пачатку ён распавёў нам пра дзве буйныя чэшскія ініцыятывы: “Рух Вясёлка” і “Незгінальныя”, накірункі іх дзейнасці, праграмы і дасягненні. А затым прапанаваў самастойна падрыхтаваць план кампаніі: ад распрацоўкі мэт і мэтавых груп, аб’ектаў да стратэгій і сродкаў, згодна з якім мы думаем рэалізоўваць свае ідэі.

Сустрэча з Петрам аказалася вельмі карыснай, бо адбыўся не толькі абмен вопытам, але і разуменне важнасці падрыхтоўчага працэсу ажыццяўлення сваіх планаў.

Прыемным сюрпрызам ад нашага перакладчыка з чэшскай на беларускую стала невялікая экскурсія па старажытнай частцы Брна. Дзякуючы менавіта Сяргею, мы адрымалі шанец убачыць Брно па-сапраўднаму.

ДЗЕНЬ 5: ПАШЫРЭННЕ СВЕТАПОГЛЯДАЎ

У гэты дзень была, бадай, самая насычаная праграма за ўвесь перыяд нашага прыбыванне ў Празе па колькасці наведваемых месцаў і арганізацый.

Першымі да каго мы завіталі ў госці была арганізацыя People in need, якая працуе амаль ва ўсіх краінах свету, дзе адбываюцца ці ваенныя канфлікты, ці прыцясняюцца чалавечыя правы. Акрамя гэтага, арганізацыя стараецца наладзіць дэмакратычныя працэсы ў вырашэнні канфліктных сітуацый, што адыгрывае асаблівую ролю ў фарміраванні грамадскіх супольнасцяў у пэўных частках свету.

Наступная арганізацыя, куды мы завіталі – INEX – для валанцёраў і актывістаў. У сваёй невялікай прэзентацыі нам прадэманстравалі найбольш яркія прыклады сваіх праектаў і валанцёрскіх ініцыятыў.

Затым мы накіраваліся на Экаферму, якая па сваіх функцыях не толькі з’яўляецца выхаваўчым цэнтрам для дзяцей, але і цэнтрам падтрымання традыцый. Так на ферме вырошчваюць чыстыя прадукты, здабываюць мёд, якія можна купіць тут жа, трымаюць музей побытавай культуры і гадуюць жывёлу. Цікава, што на гэтым падворку працуе гатэлік і эка-школка для маленькіх жыхароў чэшскай сталіцы. Падчас экскурсіі нам удалося не толькі прайсціся праз гасцінны двор і мясцовую балацінку, але і пацерабіць незвычайных рудых цялушак, і чэшскіх парсючкоў, а таксама закупіцца мясцовымі вырабамі з канаплі.

Але найбольш чаканай для нас была сустрэча на офісе Greenpeace, з чэшскімі актывістамі гэтай арганізацыі. Нягледзячы на тое, што мы мусілі прабыць у іх усяго каля гадзіны, затрымаліся там аж на тры. Гэта быў рэальны шанс даведацца пра ўсё, што хацелася, задаваць самыя нясціплыя пытанні да “зялёных” актывістаў. Грынпісаўцы натхнілі нас не толькі сваёй дзейнасцю, а яшчэ і ўласнай харызмай, бо кожны з актывістаў аказаўся надзвычайна цікавай асобай.

ДЗЕНЬ 6: АФІЦЫЙНАЯ ПРАГРАМА І САКРЭТЫ САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТАК

Адразу з раніцы наша група сустрэлася з дэпутатам, прадстаўніком “Партыі зялёных” , якая падзялілася незвычайным вопытам кіравання ў асобнаўзятым раёне Прагі. Уся соль кіравання заключаецца ў тым, што ні адно рашэнне па добраўпарадкаванню ці пабудове чаго-небудзь, не прымаецца без удзелу жыхароў, прычым не жыхары ходзяць за прадстаўнікамі ўлады, а якраз наадварот. На жаль, нават у Чэхіі, акрамя раёну Прага 10, прыкладаў такога супрацоўніцтва трох узроўневага кіравання няма.

Наступнай на чарзе была арганізацыя Agora Central Europe, якая займаецца замацаваннем працэсу дэмакратызацыі грамадскіх супольнасцяў. Agora – хутчэй нагадала пасрэдніка паміж уладай і грамадствам. Што таксама з’яўляецца незвычайным прыкладам для беларускіх рэаліяў.

І нарэшце сацыяльныя сеткі, здавалася б, што можа быць прасцей, бо кожны дзень мы прасіжваем у іх гадзінамі. А вось Яраслаў Валух даказаў нам, што пры дапамозе звыклых прыёмаў яшчэ можна і раскручваць свае кампаніі, праекты і ідэі, прыцягваць людзей не прыкладаючы асаблівых намаганняў. Яшчэ адным адкрыццём было для нас тое, як праз інтэрнэт можна цікава падаваць інфармацыю пра любую экалагічную праблему, паказаць яе маштаб.

ДЗЕНЬ 7: МІНІСТЭРСТВА ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ-АЭРАПОРТ-SWEET, SWEET HOME

У апошні дзень праграмы мы наведаліся ў Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі, дзе ў нефармальнай размове абмеркавалі плюсы падобных вучэбных праграм, распавялі, што мы асабліва падкрэслілі для сябе, а таксама прапанавалі рэалізоўваць усё ж двухбаковы абмен ініцыятыўнымі “студэнтамі”.

Затым нас чакала доўгая дарога дадому, якая зразумела была пранізана пэўным сумам.

Відавочна, што такая паездка ў Прагу для усіх стала ў пэўнай ступені адкрыццём іншага свету, а насычаная вучэбная праграма – харошай пачатковай ступенню на шляху пераўтварэння ідэй у канцэптуальныя і паўнавартасныя праекты і кампаніі.

Хрысціна Чарняўская

Фота аўтара

Ранее по теме:

Комментарии читателей: