Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Персоны

Траваеды каменных джунгляў

1 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаюць Сусветны дзень вегетарыянства, з якога пачынаецца месяц вегетарыянскай свядомасці.
3 комментария
Продолжение темы:

Прычын перайсці да вегетарыянства ў чалавека можа быць некалькі: камусьці не хочацца прадтрымліваць забойства жывёл, кагосьці хвалююць пытанні экалогіі, для іншых жа гэта харошы эксперымент у падтрымцы сяброў.

Нягледзячы на тое, што ў Заходняй Еўропе і Амерыцы вегетарыянства даўно ўспрымаецца нормай і на людзей, якія вядуць безмясны вобраз жыцця, ужо ніхто не паказвае пальцам, у беларускай прасторы існуе занадта шмат стэрэатыпаў, якія тармозяць развіццё таго ж вегетарыянскага сервісу.

Напярэдадні Сусветнага дня вегетарыянства greenbelarus.info сустрэўся з прыхільнікамі вегетарыянства, каб даведацца пра стаўленне іх блізкіх да такога выбару, пра недахопы, якія існуюць у гарадскім харчовым сервісе, а таксама распытаць пра рэцэпты любімых страў.

1

Аляксей, праграміст:

– Год пяць таму я быў дзікім мясаедам і нават з вялікай агрэсіяй ставіўся да вегетарыянцаў. Зараз мне за гэта не сорамна, можна толькі пасмяяцца з таго, як можа змяніцца чалавек.

Усё пачалося з таго, што недзе год я не ўжываў мяса з-за жонкі, якая якраз была вегетарыянкай. Пасля мы разышліся і паколькі маім асабістым выбарам не было вегетарыянства, я гэта кінуў. Затым пачаў задумвацца наконт здароўя. Я задаваўся пытаннем: “як мяса можа быць карысным, калі гэта чужое цела, калі там шмат таксінаў?”. Паступова я перастаў есці свініну, там і да курыцы дайшло, а пасля і зусім адмовіўся ад мяса. Заўважыў, што здароўе палепшылася, з’явілася шмат сіл. У пытанні мясаедства таксама задумаўся над тым, як жывёла масава вырошчваецца для забойства ў вельмі дрэнных умовах. І ў суме ўсё гэта дало тое, што цяпер мне мяса зусім не хочацца.

У бацькоў узнікала шмат пытанняў наконт майго выбару. Маці спачатку баялася за маё здароўе. Бабуля і дзядуля да гэтага часу перажываюць. Канешне, сталае пакаленне асабліва хвалюецца, бо яны лічаць, што есці мяса вельмі важна. Усе астатнія ўжо звыклі і не чапляюцца, бо я зараз здаравей за іх і не хварэю па пяць разоў у сезон, як яны. Для мяне адсутнасць мяса стала вельмі крутой звычкай, каб узмацніцца. І нават, калі чалавек есць мяса, я б параіў яму час ад часу рабіць безмясныя дыеты, каб цела ўзнавілася і прыйшло ў нармальны стан..

Я харчуюся здаровай ежай, якая вельмі простая і яе зусім не цяжка набыць, таму клапаціцца асабліва не трэба. Калі выяжджаю надоўга ў горад, то бяру з сабой арэхі, каб не шукаць, дзе перакусіць, а ўжо дома паесці нармальна.

Зараз вегетарыянства зрабілася даволі папулярнай тэмай, бо досыць развітым стаў рух за здаровы лад жыцця, за адсутнасць алкаголю. Хаця, канешне, шмат чаго залежыць ад супольнасці ў якой ты жывешь.

Рэцэпт вегаскага хлебу ад Аляксея:

1 шклянка жытнёвай мукі 2 шклянка пшанічнай мукі 5 сталовых лыжак аўсяных хлоп’яў 1 сталовая лыжка расцертага насення ільна 2 сталовыя лыжкі кунжута 2 сталовыя лыжкі сланечнікавых семак (чышчаных, зразумела) 1 чайная лыжка солі 1 чайная лыжка соды (можна дадаць крыху воцату) 1 сталовая лыжка алеі. На вока — вады (лепш мінеральнай) роўна столькі, каб цеста можна было замясіць і надаць з яго форму. На хлебе абавязкова зрабіць надрэзікі, каб не было трэшчынаў. Пекчы ў духоўцы пры тэмпературы 150-170 градусаў на пряцягу 40-60 хвілін.

2

Марына, юрыст:

– Я вегетарыянец ужо шэсць – сем год. Чалавек паступова змяняе свае погляды. І калі ў сваім асяродку ты сустракаеш людзей, пазітыўныя ідэі якіх на цябе пэўным чынам уплываюць, глядзіш фільмы, чытаеш кнігі пра вегетарыянства, у нейкі момант разумееш, што не можаш заставацца абыякавым да гэтага. А ідэя з вегетарыянствам узнікла ў мяне пасля прагляду дакументальнага фільма “Зямляне”, які я, чэсна, не змагла дагледзіць да канца. Але пасля гэтага я зразумела, што магу паспрабаваць, а калі паспрабавала, то ўпэўнілася, што лёгка быць вегетарыянцам, не есці мяса і што чалавек можа абсалютна спакойна без яго абыходзіцца. Мае маральныя, этычныя і экалагічныя прынцыпы для мяне важней за патрэбы майго страўніка.

Бацькі заўсёды ўспрымалі гэта як юнацкі максімалізм, чакалі, што гэта хутка пройдзе. Яны лічылі, што мяса, самы важны элемент для майго здароўя. І калі я хварэла, мне заўсёды казалі, што гэта з-за таго, што я не ем мяса і рыбу. Зараз яны прымаюць мой выбар. Адзінае, мама прызналася, што ёй давялося навучыцца гатаваць вялікае мноства спецыяльных страў.

У Мінску з вегетарыянскім сервісам няма вялікіх праблем, у многіх сталовых ці кафэ заўсёды ёсць стравы без мяса. А вось у рэгіянальных гарадах больш складана паесці так, як ты хочаш. Ты амаль не маешь магчымасци замовіць асобна гарнір без мяса ці рыбы. Не думаю, што гэта хутка зменіцца, бо не так шмат людзей, якія імкнуцца паўплываць на сітуацыю, часцей яны проста ўстаюць і выходзяць. А трэба пакідаць свае каментары і прапановы ў кнізе водгукаў, інакш не зменіцца практыка.

Хочацца верыць, што людзі становяцца больш свядомымі і разумеюць сваю адказнасць за здзек над жывёламі, але і тое, што мы з’яўляемся ўмоўнымі заказчыкамі птушкафабрык і жывёлагадоўляў. Канешне некаторы працэнт людзей становяцца вегетарыянцамі з-за моды, сяброў і г.д. Але я спадзяюся, што людзі больш разумныя. Бо калі раней большасць пераходзіла ў вегетарыянства выключна па этычных прычынах, то зараз ведаю тых, хто і па экалагічных.

Рэцэпт запечанай гародніны пад сметанковай падлівай ад Марыны:

Кабачкі, баклажаны, моркву, цыбулю, бульбу, цукіні і грыбы тонка парэзаць, выкласці слаямі, заліць сметанковай падлівай і пасыпаець нацёртым сырам. Соль, спецыі па смаку. Запякаць у духоўцы да поўнай гатоўнасці.

3

Стас, актывіст:

– Я не ем мяса толькі год. Штуршком да такога кроку стаў выбар майго сябра. Калі мы з ім абедалі ці вячэралі, я заўважаў, што на стале стала радзей з’яўляцца мяса. Ён адмовіўся ад мяса па этычных прычынах, а я вырашыў да яго далучыцца і спачатку перастаў есці мяса, акрамя курыцы. Але гэта было ня доўга, да моманту, калі мы паглядзелі фільм “Зямляне”, пасля чаго я прыйшоў дадому і сказаў: “Мама, з сённяшняга дня я не ем мяса!” Бацькі канешне ад мяне не адмовіліся пасля гэтага, хаця непаразуменне бало. На працягу некалькіх месяцаў яны яшчэ ўгаворвалі мяне з’есці: “ну хаця б адну катлетку”, “супчык на курыцы”, казалі, што жывёлы для таго і вырошчваліся. Я нават спрабаваў чытаць разам з мамай Льва Талстога “Першая ступень”, у якой ён піша пра забойства жывёл. Не дачытаўшы да канца, яна зразумела, што пераконваць мяне бессэнсоўна. Зараз яна абсалютна спакойна гатуе мне супы на алеі, а тата – салат аліўе без мяса. Мы паразумеліся. Я не наведваю кафэ, рэстараны і г.д. таму адчуванне нейкага недахопу ў сервісе ў мяне няма. Аднак, мне пакуль не даводзілася чуць, што ў Магілёве ёсць вегетарыянскае ці веганскае кафэ. Значыць праблема большасці месцаў грамадскага харчавання ўсё ж існуе. Мне б хацелася верыць у свядомасць людзей, што яны становяцца больш разумнымі ў пытанні ежы, што яны ўсё ж разважаюць, ці сапраўды есці мяса – такі ўжо добры выбар.

Рэцэпт кефірнага пірага ад Стаса:

2 яйка 2 шклянкі цукру 4 шклянкі мукі 2 шклянкі кефіра. Змешваем яйкі з цукрам, дадаем муку і кефір, перамешваем да аднароднай масы, дадаем чайную лыжку соды, гашанага воцату. Перамешваем. Выкладваем масу на змазаны алеем процвень. Праз 30 хв. процвень перавярнуць і паставіць яшчэ на 30 хв. у духоўку.

4

Аня, каперайтэр:

– На працягу двух год я была вегетарыянкай і цяпер ужо тры гады веган. Адмовілася ад мяса, бо мне шкада жывёл. У адзін цудоўны момант я паглядзела праграму пра нетрадыцыйную медыцыну ў Кітаі і зразумела, што гэта занадта жорстка і не справядліва. Я стала цікавіцца тэмай вегетарыянства больш і зразумела, што магчыма жыць так, каб дзеля твайго абеду нікога не забівалі. Затым я адмовілася ад прадуктаў жывёльнага паходжання, так мне было прасцей.

Мая мама медык, таму яе хваляваў мой выбар. І аргументу, што я не ем мяса, бо мне шкада жывёл – ёй, вядома, не хапіла. Таму мы з ёй паразмаўлялі, я расказала, што бялок можна атрымоўваць і з іншых прадуктаў. Але мне падаецца, што яна ўсё ж спадзявалася, што мяне на доўга не хопіць, што гэта проста падлеткавыя забабоны. Зараз бацькі нармальна да гэтага ставяцца, ды й сваякі таксама, хаця без жартаў не абыходзіцца, але ўсе адносяцца з павагай.

У горадзе паступова пачынаюць адкрывацца кафэ, дзе ёсць нават веганскае меню. Паколькі попыт расце на вегетарыянскія стравы, то ўжо ў многіх кафэ ёсць даступныя стравы без мяса.

Наконт распаўсюджання вегетарыянства, тут можа спрацоўваць сарафаннае радыё, кола аднадумцаў павялічкавецца. Зараз даступна шмат інфармацыі, многія арганізацыі абароны жывёл распаўсюджваюць вегетарыянскія ідэі. Зразумела, што людзі чытаюць, абмяркоўваюць, задумваюцца.

Рэцэпт сушы ад Ані:

Робяцца як звычайныя сушы, толькі замест рыбнай начынкі дадаецца агурок і карэйская морква.

5

Каця, студэнтка:

– Я вегетарыянка прыблізна тры гады. Асноўная прычына – этычная. Ёсць шэраг іншых, больш ускосных прычын і розных момантаў, якія неадназначныя нават для мяне самой. Як то экалагічныя праблемы індустрыяльнай жывёлагадоўлі, таксама існуе праблемай голаду ў свеце; праблемы духоўнага росту і развіцця, якія не магчымя без адмовы ад мяса; здароўе... Усё гэта дыскусійныя пытанні, але ў чым я ўпэўнена і што з'яўляецца для мяне асноўнай прычынай выбару: мяса – гэта забойства, пастаўленае на канвеер, і нічым неапраўданая чалавечая нялітасць... Я перакананая, што можна паўнавартасна харчавацца і выдатна сябе адчуваць і без мяса, і ў гісторыі ёсць такія прыклады, нават доўгажыцеляў-вегетерыанцаў. Тады навошта пазбаўляць жыцця? Тым больш таго, хто цалкам беспраўны і безабаронны перад чалавекам? Я шчыра гэтага не разумею, і напэўна, не зразумею ніколі. Таму сама я не магу спажываць мяса жывёлаў, не прымаю гэтай неапраўданай жорсткасці ў дачыненні да іх. Шкада толькі, што так позна прыйшло разуменне гэтага, раней я проста не задумвалася над гэтым пытаннем, але лічу, што чалавек павінны жыць свядома, яму недарма дадзена свабода выбару, памятаць пра якую часам замінае звычка, кансерватызм, рэлігійнасць, ці вера, што раз так робяць усе – гэта правільна.

З бацькамі непаразуменні былі і, на жаль, ёсць. Недахоп у гарадскім "вегетарыянскім" сервісе відавочна, што ёсць, тыя крамы ці кавярні, што апошнім часам пачалі адчыняцца – нешматлікія і дарагія, а выбар у іх не вялікі. Асабліва цяжка ў гэтым сэнсе веганам. Але для мяне гэта не так важна, таму што магу спакойна пражыць і без наведвання кафэ ці рэстаранаў, прыгатаваць што-небудзь самой, смачнае і са звычайных прадуктаў, якія можна знайсці ў бліжэйшай краме. Хаця пасля наведвання Еўропы прыйшла нейкая разбэшчаная ў гэтым сэнсе. Але мне бліжэй непафасныя рэстараны, дзе проста завышаныя кошты, улічваючы, што зараз гэта модна. Не хапае такіх з'яў, як, напрыклад, у Берліне, дзе на сквотах ці анархістскіх кафэшках можна паесці веганскай ежы за кошт, які ты вызначаеш сам, бесплатна, ці вельмі танна.

Мода не ўзнікае проста так, і з'яўляецца рэакцыяй на з'явы ў грамадстве, якія яна, аднак, адлюстроўвае як у крывым люстэрку. Усё ж у свеце (і даўно) пачалі падымацца праблемы правоў жывёл і экалогіі, яны ўсё гучней. Гэтую ідэю падтрымліваюць некаторыя моладзевыя субкультуры з палітычнай накіраванасцю. У моладзі ўсе пабудавана на перайманні адным ад аднога розных ідэй, таму "ідэя", з'явіўшыся аднойчы, пачынае хутка і актыўна прасочвацца. Ідэя вегетарыанства ідзе адразу з некалькіх накірункаў, акрамя пэўных субкультур, таксама яшчэ і з захаплення такімі плынямі, як крышнаізм, буддызм. Цікаўнасцю да Індыі і яе культуры, што звязана з сучаснай сусветнай тэндэнцыяй змяшэння і ўзаемадзеяння разнастайных культур, якія раней былі ізаіляваны адна ад адной, ці супрацьстаялі. У цэлым, гэта пазітыўныя з'явы, аднак мода мае два недахопы: перайначвае любую з'яву ў нешта больш паверхневае, і часовае.

Рэцэпт аўсяных катлет з бульбай ад Каці:

На адну шклянку аўсянкі – адна сярэдняя бульбіна і паўшклянкі кіпеню. Заліць аўсянку кіпеням і даем настаяцца. Пачысціць бульбу і затым нацерці на дробнай цёрцы і дадаць у аўсянку. Пасаліць, дадаць сваіх любімых прыпраў, можна таксама цыбулю, грыбоў, моркву... Усё перамяшаць, зрабіць з гэтай масы катлеты ці ляпёшкі і падсмажыць на патэльні да прыгожай залацістай корачкі, на сярэднім агні.

6

Алеся, студэнтка:

– Амаль тры гады я з’яўляюся веганам і да гэтага год была вегетарыянкай. У мяне так склалася, што большасць маіх сяброў былі вегетарыянцамі ці веганамі. І я сама задумавалася, каб перайсці да такога вобразу харчавпання. Але асноўная прычына, гэта маральны аспект пытання, бо забіваць жывёл – дрэнна.

Спачатку бацькі не прымалі мой такі крок, гэта было складана. Бо старэйшае пакаленне лічыць, калі ты не ясі мяса, то хутка сам памрэш ці як максімум у цябе будуць праблемы са здароўем. Зараз жа сітуацыя змянілася, калі штосьці гатуюць яны, то абавязкова без мяса ці асобна неяк. Аднак, найчасцей я гатую сабе сама.

І асаблівага недахопу ў сэрвісе для вегетарыянцаў я не адчуваю, хаця вось для веганаў ён канешне ёсць, бо максімум, што ты можаш заказаць – бульбу, гародніну. Але няма такога, каб ты зайшоў у любое кафэ і мог паесці паўнавартасна: першае, другое. Я ўжо не кажу пра сталовыя, бо там меню зусім абмежаванае.

Моладзь з розных прычын пераходзіць на вегетарыянства і веганства, магчыма для кагосьці гэта таксама этычнае пытанне, для кагосьці мода, магчыма камусьці па здароўю, хаця я не ведаю такіх людзей. Але нават, калі гэта мода, то таксама не блага, бо можа хтосьці задумаецца і будзе прытрымлівацца гэтай ідэі.

Рэцэпт пірага ад Алесі:

1 шклянка мукі 1 шклянка манкі 1 шклянка сока ці вады з варэннем 1/3 шклянкі алею Цукар па смаку, сода, воцат. Усе інгрыдыенты перамешваюцца. Па жаданю можна дадаць якую-небудзь садавіну, варэнне ці нават гародніцу, напрыклад, моркву. Выкласці ўсё на падагрэты процвень і ў духоўку пры тэмпературы 70 на хвілін 30-40.

Хрысціна Чарняўская
Ранее по теме:

Комментарии читателей: