Подписаться! Лента новостей Экожизнь Отдых и туризм

Багач: наш адказ “Дажынкам”!

У Вязынцы адсвяткавалі свята ўраджаю.
0 комментариев
Продолжение темы:

Багач, Багатуха, Багатнік – аўтэнтычнае беларускае свята, прысвечанае культу земляробства і ўраджаю, якое адзначаецца ўвосень. Багач – бо ўсяго, што з поля сабраў, на стале багата! У гэтую суботу захавальнікі народных традыцый – удзельнікі Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства ( СЭТ) – вырашылі адзначыць Багач у сваім фірмовым стылі: са спевамі, танцамі, уласнай кухняй і кірмашом народнай творчасці. Ладзілася свята ў Вязынцы, якая неаднойчы ўжо прымала гасцей на этна-святах. Збольшага, “Багач” сабраў каля сотні чалавек, якія цікавяцца беларускімі абрадамі і даўніной.

фота аўтара

Быў праведзены абрад абходу з грамнічнай свечкаю – у драўляным каўшы, поўным зерня, была ўваткнутая запаленая свечка. СЭТаўцы перадалі свячу дырэктарцы музея на захаванне – як-ніяк, галоўная гаспадыня і захавальніца “Вязынкі”.

СЭТаўцы перадалі грамнічную свечку - абавязковы атрыбут Багача - дырэктарцы музея Вязынка

Пасля абраду пачаліся спевы – выступалі гурты “Горынь”, “Рада”, Раман Яраш, аднак “цвіком” сталі аўтэнтычныя бабулькі з вёскі Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна, якія праспявалі жніўныя песні са сваёй мясцовасці. Па традыцыі на “Багача” спявалі таксама кірмашовыя і застольныя песні, якія пераходзілі ў танцы.

Гурт Горынь

Госцейкі з вёскі Студзераўшчына выканалі некалькі аўтэнтычных жніўныж песень

Аматарам хэндмэйду таксама было чым пажывіцца: майстры праводзілі бясплатныя майстар-класы па лепцы з гліны, саломапляценні, вырабу абрадавых лялек, кавальстве. Хутарскі хлопец Іван, які “вынайшаў гліну”, дзяліўся уласным досведам стварэння музычных інструментаў – тут жа на месцы ён жвава вырабляў пяючых птушачак, коней, барашкаў. А на продаж выстаўляў акарыны з аўтэнтычным узорам і беларускіх свісцячых цмокаў. Да творчага працэсу падцягваліся дзеткі – ім, дарэчы, было дзе разгуляцца. Разам з бацькамі яны валяліся на стозе сена, гулялі ў “Явар”, плялі вяночкі з восеньскага лісця.

Майстар-клас па саломапляценні

Рамесніцкая дарожка: вырабы на любы густ

Традыцыйныя беларускія абрадавыя лялькі

Час гуляць у Явар!

Надвор’е выдалася ў суботу студзёнае, таму была патрэба пагрэцца. Гэта таксама было прадугледжана арганізатарамі: працавала “палявая кухня”. Крупнік, праснакі і смажаныя каўбаскі карысталіся вялікім попытам, а меню ўражвала незнаёмымі словамі. Прывыкшая хутка прабягаць вачыма складнікі меню, здзівілася, ўбачыўшы ў складзе зёлкавага напоя “мацярдушку”. “Па-руску гэта “орегано” , – патлумачыла дзеўчына, якая мяне абслугоўвала. Але ж смачна выйшла! На салодкае можна было пачаставацца мядком ад сямейнай майстэрні “Поўня”.

Аўтэнтычнае хутка-смачна

Ахвочых да ласункаў спадарыня Кацярына частавала мядком з уласнай пасекі

Музыкі наладжваюць інструменты: хутка танцы!

Аўтэнтычнае хутка- смачна

Панначка Восень

Дзяўчаты нарыхтоўваюць восеньскія ўпрыгажэнні - вяночкі з яскравага лісця

Этна-свята скончылася традыцыйнымі танцамі – што музыкі гралі, тое госці і таньчылі. Вось такая альтэрнатыва сучасным Дажынкам: і традыцыйна, і карысна і весела.

Кацярына Радзюк

Фота аўтара

Ранее по теме:

Комментарии читателей: