Подписаться! Лента новостей Экожизнь Отдых и туризм

Хадзьба для здаровага жыцця

У парку Горкага бясплатна вучылі майстэрству фінскіх лыжнікаў – скандынаўскай хадзьбе.
0 комментариев
Продолжение темы:

Што гэта такое і з чым яго ядуць даведаліся на ўласным вопыце, калі ўзяла ў рукі дзве палкі і пайшла крочыць па свіслацкай набярэжнай. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках еўрапейскага Тыдня мабільнасці. Сапраўды, калі мы ўжо гаворым пра адмаўленне ад асабістага транспарту, значыць, разлічваем на ўласныя сілы – фізічную падрыхтоўку. Камусьці даспадобы бег 2 разы на дзень, хтосьці рухаецца па горадзе выключна на ровары, а нехта “вычвараецца” ў асанах хатха-ёгі . Але ёсць яшчэ адзін цікавы і даволі просты спосаб падтрымаць сваё здароўе знаходзячыся ў руху – гэта скандынаўская хадзьба.

Аказалася, што папулярны сярод еўрапеўцаў занятак – хадзьба з палкамі – у Беларусі цікавіць старэйшую ўзроставую групу, бо на майстар-клас у парк Горкага падцягнуліся толькі жанчыны-пенсіянеркі. Адна з іх, Таццяна, у маладосці займалася лёгкай атлетыкай і паспрабаваць спартыўную навінку не адмовілася.

“Галоўным чынам на здароўе ўдзейнічае наш вобраз жыцця”, – заўважыў Аляксандр Мех, інструктар па фінскай хадзьбе. – Экалогія, “дрэнная” спадчыннасць – гэта другасныя паказнікі. Усё залежыць толькі ад нас саміх. Калі мы больш рухаемся, менш сядзім у аўтамабілі і ў офісным фатэлі, то і рэзультат будзе іншы. Што можа прапанаваць нам скандынаўская хадзьба? Яна вельмі энергазатратная, спальвае шмат калорый. Даволі часта хадзьбу з палкамі параўноваюць па эфектыўнасці з плаваннем. А займаюцца ёй па трох прычынах – каб падтрымліваць добры фізічны стан, дзеля пахудзення і ў спартыўных мэтах”.

Перад пачаткам прагулкі абавязковы этап – размінка. Мы папрысядалі, пакруцілі галавой і рукамі. Наступны крок – выдача спортінвентарыя – дзве палачкі (вытворчасці Фінляндыі і Эстоніі) са спецыяльнымі пальчаткамі. Дарэчы, палачкі падбіраюцца кожнаму індывідуальна, у залежнасці ад росту. Экіпіраваўшыся, мы пачалі павольна хадзіць. “Асноўная памылка пачаткоўцаў – гэта тое, што махавая нага супадае з махавай рукой – тлумачыў Аляксандр - Такога не павінна быць”.

Мы павялічвалі хуткасць, спускаліся і падымаліся па няроўным ландшафце парка Горкага. Палкі нібыта падштурхоўвалі рухацца хутчэй. Але ўвага была скіраваная на правільнасць пападання пары нага-рука, на рух рукі і дыханне. Раптам мы спыніліся. “А зараз праверым, як пажывае наш пульс”, – кажа Аляксандр і засякае 10 секунд. У мяне настукала 17 раз, у Таццяны – 16. – “А цяпер памнажаем гэтую лічбу на 6 і дадаем свой узрост”. Мой вынік – 123, паказаў на тое, што для мяне нагрузку трэба павялічыць. А ў Таццяны атрымалася каля 150 – гэта стандарт для добрага здароўя.

У канцы прагулкі, якая заняла крыху больш за паўгадзінкі, мы зноў размяліся. Адчулі, як прыемна стаміліся рукі і ногі. “Самае галоўнае, што няма асаблівай нагрузкі на калена, бо ў мяне яно хворае”, – адзначыла былая спартсменка Таццяна.

Вось такім чынам можна займацца па дарозе на працу, на прагулцы, падчас абедзеннага перапынку. Хочаце быць здаровымі – рухайцеся больш!

Даведка:

Скандынаўская (фінская, хадзьба з палкамі) хадзьба была прыдумана фінскімі лыжнікамі, якія такім чынам трэніраваліся ўлетку. З іхняй падачы хадзьба пайшла ў народ і стала даволі папулярнай. Хадзьба з палкамі зніжае крывяны ціск, узровень цукру і ліпідаў у крыві, паніжае рызыку захварэць на дыябет. Інвентар – спартыўныя палкі – можна набыць і ў Беларусі, кошты ад 80 тысяч (400 каштуюць палкі скандынаўскай вытворчасці).

Кацярына Радзюк

Фота аўтара

Ранее по теме:

Комментарии читателей: