Подписаться! Лента новостей Экознание

Быць чалавекам – значыць захаваць прыроду чалавека ў самім сабе

Сяргей Харэўскі: Любіць не прымусіш. Ўжо вырасла пакаленьне, якое ня ведае, адкуль родам іхныя дзяды!
0 комментариев

Сёння чалавецтва заклапочана захаваннем навакольнага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, аднаўленнем традыцый і пошукам сакральных сэнсаў у мінулым. І, зразумела, што станаўленне сучасная грамадства на рэйкі ўстойлівага развіцця немагчыма без уліку вопыту папярэдніх пакаленняў.

Пяць пытанняў ад greenbelarus.info да беларускага мастака, літаратара, культуролага, мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага пра мінулае і будучыню беларускага народу, традыцыі выхавання, спажывецкую культуру і адарванасць ад каранёў.

Якія традыцыі існавалі ў беларусоў, у тым ліку ў ежы, выхаванні і культуры?

Пра гэта існуе вялізарная літаратура, корпус тэкстаў якое склаўся напрыканцы XVIII-сярэдзіны ХХ стагодзьдзя. Яскравы ўнікальны сьвет беларусаў вывучалі ня толькі нашы ўласныя дасьледчыкі-землякі, але й польскія, расейскія, нямецкія, літоўскія, украінскія этнографы й фальклярысты. Ад дасьледваньняў Адама Станіслава Нарушэвіча да Міхася Раманюка накоплены такі багацейшы матэрыял, што яго немагчыма вывучыць цалкам нават у межах унівэрсітэцкіх праграмаў. Цікаўным магу параіць зазірнуць, для пачатку, у такія кнігі як энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі” і “Беларуская міфалогія”. Што датычыць кулінарыі, то самымі аўтарытэтнымі, з найноўшых, ёсьць публікацыі Тадэвуша Навагродзкага, а з класікі – кніжкі “Літоўская гаспадыня” Г. Цюндзявіцкай ды “Кухарка літоўская” В. Завадзкай, што выйшлі яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодздзя! Зараз яны перавыдадзеныя, часта цытуюцца ў розных выданьнях, то бок, даступнымі сталі шырокай беларускай публіцы. Да нядаўняга часу ў нас пераважалі менавіта вэгэтарыянскія стравы, што замацоўвалася й хрысьціянскімі рэгуламі – абавязковымі доўгімі пастамі, а ў каталікоў абавязкова поснымі пятніцамі – са збожжа, бабовых культур, агародніны, малака і малочных прадуктаў, насеньня лёну і канапель, прадуктаў зьбіральніцтва — грыбоў, ягад, садавіны, мёду. Традыцыйная беларуская кухня вельмі блізкая да літоўскай і латышскай. Цягам стагодзьдзяў на яе паўплывалі габрэйская, польская, нямецкая ды татарская кухні.

Нашыя традыцыі фармаваліся, натуральны чынам, у канкрэтных прыродна-кліматычных умовах, як пісаў Янка Купала: сярод пустак балот беларускай зямлі, на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай… Малаўрадлівыя глебы, але з багацейшай дзікай прыродаю, сярод неабсяжных разлогаў балот і дрымучых пушчаў, з марознымі зімамі, гарачым летам і даўжэзным міжсезоньнем былі тым асяродзьдзем, што фармавала нашую паўсядзённую культуру й пабытовыя традыцыі. Яшчэ сто гадоў таму беларусы мусілі дасканала ведаць усё, што датычылася лесу й балотаў, бо гэтыя веды былі асноваю выжываньня. Дзікая прырода шчодра адарыла нашых прадзедаў і будаўнічымі матэрыяламі, і лекамі, і прадуктамі. Літаральна 80-90 гадоў таму дзікія грыбы, ягады, арэхі, зёлкі, мёд, рыба і дзічына – былі неад’емнымі складнікамі нашае кулінарыі, а ўменьне іх даставаць і зьберагаць – важнейшай часткаю пабытовых традыцыяў, падзелу працы і гендэрных роляў.

А якія адносіны былі ў беларускага чалавека да зямлі?

Адносіны былі супярэчлівыя. З аднаго боку – беларусы спрадвеку клялі сваю зямельку, шчыры пясок ды каменьне, ліхаманкавыя балоты й магутныя паводкі, бясконцыя дажджы ды туманы, што вымагалі вялізарных высілкаў, каб весьці хоць які цывілізаваны лад. То бок, беларусы ад пачатку часоў былі незадаволеныя сваім кліматам!

А зь іншага боку – беларусы кранальна прывязаная да роднага краю, неахвочыя да перамены месцаў. І сама зямля, палітая потам, няскораная і да сёньня, мела сакральны зьмест. У першасных тут уяўленьнях, у роднай зямлі ня можа быць нічога адмоўнага. Нават балаты – гэта ні зямля, ні вада, а перашсьвет, пачатак усяго. Нашы продкi лiчылi, што галоўнымi багамi сярод людзей i у прыродзе ёсьць Сонца i Зямля. Iх дзецi – Ярыла i Жытняя Баба – сочаць за збожжам. У Ярылы i Жытняй Бабы былi свае дзецi – ураджай Жыцень, ураджай Спарыш, ураджай Рай, ураджай Багач. Зямля – гэта найкаштоўнейшае багацце, і народ не мог не надзяліць зямлю чарадзейнымі якасцямі, міфалагічнымі ўяўленнямі ды і проста адносіцца да яе з вялікай пашанай. Беларусы мелі са сваёй зямлёю глыбінную містычную повязь. Паводле беларускае касмагоніі, зямля – круглае як яйка і стаіць у вадзе, а ў сярэдзіне яе ўвесь час гарыць агонь. Колісь беларусы верылі, што і пад зямлёю таксама жывуць людзі, але іншыя -- малыя, нядужыя, бо няма ў іх сонца, але як настане канец свету, то зямля-яйка перавернецца й гэтыя людзі апынуцца наверсе, тады як мы сыйдзем пад зямлю…

У старыя часы беларусы лічылі Зямлю жывой істотай, што несла ў сабе жаночы пачатак. Неба апладняе зямлю гэтаксама, як мужчына апладняе жанчыну. Яна апладнялася жыватворным дажджом – і давала новы ўраджай. У песьнях яе завуць ня йначай, як Маці.

Зямля лічылася сьвятой, асцярожнае да яе ставіліся паважліва, асьцярожна, яе нільга было біць, зьняверваць ці пашкаджаць. Былі табу – зямлю нельга біць калом, калупаць нагой лупцаваць бізуном ці пугаю. Адначасова існавала забарона чапаць зямлі падчас яе зімовага сну – ад Пакроваў і да Радаўніцы. Родная зямліца, узятая чалавекам з сабой на чужыну, адыгравала ролю абярэга, пасля ягонай смерці яе клалі ў магілу. Зямлю, выкапаную кратом, зашывалі ў шапку маленькаму дзіцяці, каб яно не згубілася, каб яго не скралі.

Самай моцнай клятвай, лічылася тая, калі чалавек спачатку цалаваў, а затым з’ядаў жменьку зямелькі. Адпаведна, і найвялікшым праклёнам было – каб зямля не прыняла чалавека, каб яна яго вывернула.

Якім чынам прывівалася дзецям народная культура, культура адносін?

Дзеці пераймалі культуру ў жывых паўсядённых стасунках, у свай сям’і, у вясковай радні. Паколькі яны самі гадаваліся ў хаце, на падворку, то з маленства ў іх не было аніякіх сакрэтаў, што датычна тэхналягічных і фізіалягічных працэсаў, што адбываюцца ў натуральных гаспадарках. То бок – нічога не магчыма было схаваць ад цікаўных дзіцячых вачэй! Існавала вэртыкальная сыстэма стасункаў у сям’і, дзе носьбітамі мудрасьці й духоўнасьці выступалі найстарэйшыя – прадзеды і прабабкі, на якіх і быў ускладзены галоўны клопат пра самых малых. Дзеці аніколі не бывалі самотнымі, безнагляднымі! Так перадавалася мова, песьні, калыханкі, казкі, прымаўкі, міталягічныя і касмаганічныя ўяўленьні народа пра Сусьвет… І, натуральна, перадвалаіся жывыя гістарычныя веды. Кожны дзіцёнак з маленства ведаў гісторыю чатырох-пяці пакаленьняў! Нагадаю – сем’і былі вялікія, часам складаліся зь трох-чатырох пакаленьняў… А ў даўжэзныя зімовыя месяцы, пад адным дахам, без электрычнасьці, жанчыны пралі кудзелю, часалі воўну, ткалі, амаль несупынна, пры тым, сьпяваючы хорам… Уявілі сабе?

Пасьля дзеці спакваля далучаліся да працы. Трэба зазначыць, што вясковыя дзеці-беларусы мелі энцыкляпэдычныя, па сёньняшніх мерах, веды ў розных галінах батанікі, заалёгіі, фізіялёгіі. Гэтыя веды з натуралістыкі й аргранай культуры былі перадумоваю выжываньня. Падазраю, што дзеці ў традыцыйным старасьвецкім грамадзтве ведалі пра навакольны сьвет нашмат болей, чым сёньняшнія дзеці, якіх гадуе тэлевізар…

Ну, ня варта забываць і пра рэлгігійнае выхаваньне, што давалася пры цэрквах ці касьцёлах…

У чым Вы бачыце прычыну адарванасці людзей ад беларускай культуры?

Перадусім – адарванасьць ад уласнае мовы, што ёсьць носьбітам культурных, і, нават, генэтычных кодаў. З моваю нам перадаецца вобразнае ўяўленьне, гукавы мелас, веды пра самы блізкі наш паўсядзённы сьвет і памяць пакаленьняў пра самыя архаічныя плясты нашае падсьвядомасьці. Як, нават тэарэтычна, чалавек можа быць носьбітам і стваральнікам беларускае культуры, калі ён не валодае моваю песьняў, народнай вобразнасьці, што нясе ў сябе народная паэзія, фразеалягічныя абароты, прымаўкі, прыказкі, праклёны ды г. д.? Уласная мова – галоўная падстава ўласнае культуры!

А ўжо пасьля ўсё астатняе – ненармальнае выхаваньне ў садках і школах, нядбайнасьць бацькоў і дзядоў, адстутнасьць дзяржаўнае падтрымкі… У дзяржаўных СМІ фальклёр, народная культура адсутнічае цалкам! Не атрымліваюць належнага статусу й самадзейныя народныя калектывы, майстры-саматужнікі, народныя мастакі… Ну хто цяпер займаецца папулярызацыяй і пашырэньнем беларускае культуры? Калі Вы апошні раз чулі па радыё народныя песьні, а па БТ – народныя танцы бачылі?

То бок – галоўная прычына – у цяперашняй дзяржаўнай палітыцы. Ёсць, вядома ж, і аб’ектыўныя прычыны – татальная зьмена ладу жыцьця (ужо трэцяе пакаленьне беларусаў вырасла ў гарадах!), экалягічныя праблемы, што разбурылі традыцыі цэлых рэгіёнаў…

Якія традыцыі мы мусім захаваць, каб не згубіцца ў сусвеце і ўсё ж асацыяваць сябе як нацыю, частку пэўнага народу? Ці існуе верагоднасць вяртання беларусоў да вытокаў?

Вельмі малая верагоднасьць. Я пэсыміст на гэты конт. Хоць, усё ў руках саміх беларусаў. Калі зусім няма жаданьня жыць па-свойму, гаварыць на ўласнай мове, любіць сваё, то як гэта прышчапіць? Любіць не прымусіш. Ўжо вырасла пакаленьне, якое ня ведае, адкуль родам іхныя дзяды! Хоць, нават сёньня, яшчэ ня ўсё згублена… Але павінна быць воля і з боку нашае дзяржавы (як гэта робіцца ва ўсім сьвеце!) і жаданьне самога народу. Неверагодна, каб гэта адбывалася масава насуперак дзяржаўнай палітыкі…

Зь вялізарнага абсягу нашых традыцыяў самыя даступныя ў паўсядзённым ужытку -- шматвекавая школа народнага дойлідства, зь якое можа чэрпаць да бясконцасьці прыёмы цясьлярства, арганізацыі прасторы, кампазыцыі, экалягічнасьці, аздобы й вельмі практычны цям, здаровае пачуцьцё меры, эканоміі энэргіі й матэрыялаў. Сёньня беларускія традыцыі дойлідства вельмі б арганічна прыдаліся і ў храмавым і ў прыватным будаўніцтве, у агратурыстычных аб'ектах, у малапамерных аб'ектах гандлю й абслугоўваньня. Літаральна гадоў 20 таму вясковая Беларусь была спрэс драўляная, а сёньня ўжо знайсьці добрых майстроў-цесьляроў -- праблема. Не кажу ўжо пра тых, хто мог бы вырабіць сапраўдную гонту, ці пакрыць дах чаротам...

Колісь былі выдадзеныя выдатныя кнігі па народнай архітэктуры Ю. Якімовіча, А. Лакоткі, С. Сергачова, А. Кулагіна... На жаль ані гэтыя веды, ані вялізарная традыцыя не запатрабаваныя. Ну, і, натуральна, можна было бы адрадзіць і стварыць наноў сучасную беларускую кулінарыю, пазнаёміцца зь якой у горадзе цяпер няпроста. Але, для гэтага патрэбная арганізацыя вытворчасьці тутэйшых "спэцыялітэтаў" -- загатаваных у розны спосаб грыбоў і ягадаў, арэхаў і зёлак. Сёньня ж нават звычайнага, яшчэ 20 гадоў таму, сялянскага клінковага сыру не знайсьці, ня кажучы ўжо пра дзічыну ці рачную рыбу, кшталтам сама, судака ці шчупака.

Паўтаруся – найперш трэба пашыраць сфэру ўжытку ўласнае мовы! Той, хто карыстаецца беларускай моваў штодзённа – ня можа ня быць носьбітам беларушчыны! Усё астатняе дадасца! Той, хто жыве ў суладзьдзі з беларускай культураю – цалкам натуральна ня можа быць абыякавым да праблемаў экалёгіі, ці захаваньня гістарычнай спадчыны! Ну, вось не магу сабе ўявіць такога, каб чалавек вольна карыстаўся беларускай моваю і быў абыякавы да роднае прыроды да нацыянальнае гісторыі! А вось адваротных прыкладаў, на жаль, безьліч…. Ну, як, не валодаючы вольна моваю, можна сьпяваць беларускія песьні, якіх безьліч? “Песьняры”, “Сябры” ды “Верасы”, у свой час, закранулі толькі маленечкі кавалак тае спадчыны, а які быў эфэкт! Зараз гэта можна рабіць па-новаму, інтэпрэтаваць па-іншаму. Аднак – перадусім, неабходна валодаць аўтэнтычнай, сапраўднай традыцыяй са школы. Але што ж гэта за беларускія школы такія, у якіх дзяцей ня вучаць беларускім песьням?

Які сэнс, без праблемы мовы, гаварыць пра нацыянальную кулінарыю, традыцыі талокаў, абрады Гуканьня Вясны ці Камаедзіцу? Адпаведна, мы ня зможам існаваць надалей, пакуль радыкальна ня зьменім свайго стаўленьня да нашае прыроды, перадусім глыбака вывучаючы і шануючы яе з маленства, без шанаваньня сваіх продкаў і пашаны да старэйшых людзей, без рупнасьці пра памяткі нашае мінуўшчыны, ад якой нам засталося ня шмат, а значыць мы павінны берагчы тое, што маем, яшчэ больш пільна і аддана, чым нашыя суседзі! Але – найперш, пачаўшы з сябе, мець годнасць паўсюдна казаць па-свойму, па-беларуску!

Захаваны аўтарскі правапіс

Хрысціна Чарняўская

Ранее по теме:

Комментарии читателей: