Таварыства "Зялёная Сетка" і Лятучы Універсітэт запрашаюць на публічную лекцыю прафесара Алега Чэрпа "Сцэнары будучыні: экалогія vs палітыка", якая адбудзецца 28 кастрычніка ў Галерэі "Ў" (праспект Незалежнасці 37а) а 19.00.
Сучасныя камп'ютарныя мадэлі і натуральныя навукі прагназуюць сцэнары сацыяльнага развіцця. Пры такіх сцэнарах тэхнічна магчыма як захаванне глабальных экасістэм, перш за ўсё клімату, так і эканамічны рост. Аднак незразумела, наколькі такія перспектывы магчымыя з палітычнага і сацыяльнага пункту гледжання.
Як звязана рашэнне экалагічных і эканамічных праблем з праблемамі гуманітарнымі?
Якім будзе чалавек у гэтым "новым свеце"?
Ці магчыма ў рамках прапанаваных мадэляў улічыць нявызначанасць, звязаную з чалавечым фактарам?
Што прапануюць гуманітарныя і сацыяльныя навукі ў рамках сцэнарыяў развіцця чалавецтва?
Запрашаем абмеркаваць ролю грамадскіх навук у пошуках адказу на гэтае актуальнае пытанне.
Уваход на лекцыю вольны.
_________________________________________________________________________________Даведка пра лектара:
Алег Чэрп, прафесар універсітэта Лунда (Швецыя), Цэнтральна-еўрапейскага універсітэта (Венгрыя), з'яўляецца прафесарам кафедры навук аб навакольным асяроддзі і палітыцы. Даследчыя інтарэсы ўключаюць энергетычную бяспеку і стратэгіі ўстойлівага развіцця ў сітуацыі транзіту. Быў дакладчыкам Працоўнай групы па навакольным асяроддзі (у тым ліку змяненне клімату) Сёмай рамачнай праграмы (FP7) Еўрапейскай камісіі. Мае доктарскую ступень Манчэстэрскага ўніверсітэта, працаваў з НДА і Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у Цэнтральнай Азіі, Расіі і Беларусі.
Беларускі Зялёны Партал, прэс-рэліз