Подписаться! Лента новостей Зеленое движение

На Гарадзеншчыне распрацоўваюць стратэгію ўстойлівага развіцця

Эксперты лічаць, што праца над пытаннямі рэгіянальнага развіцця ў Беларусі вядзецца несістэмна і незбалансавана.
0 комментариев t-styl.info

Несістэмна, без актыўнага ўдзелу грамадскасці, без яснага разумення прыярытэтаў – так можна ахарактарызаваць працу над Стратэгіяй устойлівага развіцця Гродзенскай вобласці да 2030 г., якая ідзе зараз у Гродне. Зробленыя на гэты момант напрацоўкі, якія лягуць у аснову Стратэгіі, былі прэзентаваныя 22 кастрычніка ў час сустрэчы, арганізаванай у межах праекта “Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь”. Удзел у сустрэчы бралі прадстаўнікі каманды праекта, гарадзенскага аблвыканкаму, ВУЗаў і грамадскіх аб’яднанняў горада.

“Много поваров в одной кухне” ... а сістэмна займацца пытаннямі рэгіянальнага развіцця ў Беларусі няма каму. Так ахарактарызаваў сітуацыю з распрацоўкай стратэгіі ўстойлівага развіцця ў Беларусі эксперт праекта Джошуа Бадах (на здымку ніжэй справа).

Па яго словах, у многіх краінах свету Стратэгія ўстойлівага развіцця з’яўляецца другім па важнасці дакументам пасля Канстытуцыі. Але ў Беларусі дагэтуль няма цэнтральнага каардынуючага органа, які займаўся б аналізам інфармацыі, распрацоўкай зменаў у заканадаўстве, забяспячэннем балансу паміж інтарэсамі грамадскага сектару, мясцовых уладаў і бізнесу ў працэсе распрацоўкі Стратэгіі. У час сустрэчы выявілася, што ўсе гэтыя хібы характэрныя і для Гарадзеншчыны. Толькі ў кастрычніку грамадскасць горада пачала атрымліваць хоць якую інфармацыю пра тое, што ідзе праца па распрацоўцы Стратэгіі ўстойлівага развіцця вобласці. У выніку толькі пару грамадскіх арганізацый горада паспела падрыхтаваць свае прапановы.

Не эканомікай адзінай

Прадстаўленыя ў час сустрэчы вытрымкі з аналізу патэнцыялу рэгіёну і магчымасцяў яго развіцця факусаваліся найперш на тым, што трэба зрабіць для развіцця эканомікі рэгіёну. Так, гучалі прапановы сфакусавацца на прыцягненні інавацыйных тэхналогій, стварэнні высокатэхнічных вытворчасцей, будаўніцтве лагістычнай інфраструктуры, “прарыве” у экспарце турыстычных, фінансавых, інфармацыйных паслуг. Кіраўнік грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік заўважыў, што сярод прыярытэтаў развіцця рэгіёна павінны быць і пытанні, звязаныя з паляпшэннем якасці жыцця канкрэтных груп насельніцтва. Напрыклад, да 2030 г. у вобласці кожны трэці жыхар будзе ў пенсійным узросце. Гэта патрабуе сур’ёзнага рэфармавання сістэм сацыяльнага забеспячэння, медыцынскага абслугоўвання, адукацыі і занятасці насельніцтва. У сувязі з гэтым эксперты арганізацыі прапанавалі зрабіць складовай часткай Стратэгіі устойлівага развіцця рэгіёна пілотную праграму “Рэгіён, прыязны да сталых людзей”. Цікавасць аўдыторыі выклікала таксама канцэпцыя развіцця грамадзянскай супольнасці на Гарадзеншчыне, прадстаўленая Вітаўтам Руднікам. Свае прапановы да канцэпцыі Стратэгіі агучылі таксама грамадскія аб’яднанні “ВелаГродна” і “ВІТ”.

Кошт пытання – 900 тысяч еўра

Праца над чарнавым варыянтам абласной Стратэгіі ўстойлівага развіцця мае скончыцца да канца года. На яе дапрацоўку пойдзе ўвесь 2015 г. Але ўжо зараз кожная вобласць рыхтуе свае прапановы на фінансаванне пілотных праектаў, якія, па логіцы, павінны адпавядаць прапанаваным у чарнавым варыянце рэгіянальных канцэпцый прыярытэтам. Але прыярытэтаў пакуль няма, а праекты ўжо ёсць... На запаветныя 900 тыс. еўра, адведзеныя на Гарадзеншчыну, прэтэндуюць пакуль тры ідэі: распрацоўка канцэпцыі развіцця турызму альбо роварнага руху ў вобласці, закупка абсталявання для поўнага цыклу перапрацоўкі цвёрдых бытавых адкідаў у Наваградку альбо абсталявання для міні-ГЭС (праект гарадзенскага “Водаканала”). Яшчэ нядаўна самым рэальным прэтэндэнтам на еўрапейскія грошы лічыўся праект пабудовы пад Гродна элітнага гатэльнага комплексу, на базе якога можна было б займацца таксама іпатэрапіяй. Аднак запрошаная на рэалізацыю ідэі сума (2 млн. еўра) моцна перавышае магчымасці праекта “Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь”. Канчатковае рашэнне адносна таго, які пілотны праект ад вобласці будзе пададзены на фінансаванне, будзе прыймацца кіраўніцтвам гарадзенскага аблвыканкаму.

Беларускі Зялёны Партал па матэрыялах сайта "Твой стыль"

Крыніца фота t-styl.info

Ранее по теме:

Комментарии читателей: