Подписаться! Лента новостей Экоправо Законодательство РБ

Чаму “да закона ставяцца, як да…” і якія змены чакаюць Закон “Аб ААПТ”

Рыгор Фёдараў аб тым, што змянілася за 20 год у Законе “Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях” і чаго яму не стае.
0 комментариев

Беларускі закон "Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях" мае ўжо 20 год, а ўсіх змен у ім – адно скарачэнні. Адзіным выняткам з гэтага могуць стаць папраўкі да закона, якія, магчыма, будуць неўзабаве ўнесеныя. Але аб іх ніжэй.

Артыкул выключаны, выключаны, выключаны... Рэгуляванне пераводзілася ў іншыя нарматыўныя акты, а закон за гэтыя гады рабіўся ўсё больш і больш рамкавым, - кажа Рыгор Фёдараў, юрыст, старшыня Савету ГА “Экадом”. - Гэта не ёсць добра, і я лічу, што закон мае патрэбу ў нармальным абнаўленні”.

На думку юрыста, таксама дакумент ёсць досыць дэкларатыўным тычна ўдзелу грамадства ў стварэнні законаў і нарматываў.

Правілы аднолькавыя для турыстычнага нацпарка “Нарачанскі” і глухога “Прыпяцкага”

Першае, за што чапляецца вока юрыста – колькасць катэгорый ААПТ. Іх чатыры: запаведнік, нацпарк, заказнік, помнік прыроды. Для параўнання – у Свярдлоўскай вобласці такіх катэгорый аж чатырнаццаць.

Катэгорый трэба больш: напрыклад, нацпаркі ўсе розныя, і калі Прыпяцкі вядомы дзікаватасцю, то Нарачанскі – самы наведваемы. Рэжымы ў гэтых нацпарках паводле закону аднолькавыя. А між спецыялістаў існуе тэорыя, згодна якой з гадамі рэжым самага закрытага аб’екта – як Прыпяцкі – падцягваецца да рэжыму самага адкрытага, дзе найбольш турыстаў і гаспадарчай дзейнасці.

Спыніць існаванне ААПТ можна ў любым “іншым выпадку”

Вытрымка: “Спыненне функцыянавання ААПТ ажыццяўляецца… і ў іншых выпадках у адпаведнасці з нарматыўна-прававымі актамі РБ”.

Юрыст: “Мяне больш за ўсё хвалюе штука з “іншымі выпадкамі”. Тут не напісана “у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі”. Напісана – у адпаведнасці з НПА (нарматыўна прававым актам). Любымі”. А НПА ёсць любы нарматыўны дакумент, ад Канстытуцыі да рашэння мясцовага выканкаму. З гэтага вынікае, што выдаць дакумент, які спыніць функцыянаванне ахоўваемай тэрыторыі, можа любы чыноўнік.

Чаму былыя тэрыторыі заказнікаў аддаюць пад здабычу торфу

Калі нехта пажадае змяніць межы зон у ААПТ ці межах саміх ААПТ, ён мусіць кіравацца “экалагічнымі інтарэсамі”, якія ў гэтым выпадку вышэй за эканамічныя.

Тут пытанне ў наступным: змяненне межаў можа быць шляхам змяншэння плошчы, і гэта азначае, што частка тэрыторый застанецца па-за ААПТ. Фактычна гэта спыненне рэжыму ААПТ на частцы тэрыторыі, - каментуе юрыст. Тое, што няма ніякага спісу неабходных дакументаў і нідзе не ўдакладняецца, што такое “экалагічныя інтарэсы”, “і стварае нашыя праблемы датычна вывядзення часткі тэрыторыі з заказніка і аддачы яе пад здабычу торфу”.

Дарога па Прыпяцкім і гідралагічны рэжым

Вытрымка: “На тэрыторыі нацпарка забараняецца любая дзейнасць, якая можа нанесці шкоду: …ці вядзе да змянення гідралагічнага рэжыму”.

Гідралагічны рэжым рэч далікатная, а дарогу ў Прыпяцкім нацпарку зрабілі. І гэтая дарога не можа на яго не паўплываць. Атрымоўваецца, дарога па-за законам… але гэта нікога не спыніла. Ды й увогуле азначэнне дзейнасці, якая зарабаняецца, вельмі ўжо шырокае.

Экасістэма не разбіраецца ў відах высечак

Таксама ў нацпарках “забараняюцца… высечкі лесу галоўнага карыстання”.

Юрыст: “Пытанне: а суцэльная санітарная высечка чаму не забароненая? Для экасістэмы якая розніца, будзе ўсё выразанае шляхам высечкі галоўнага карыстання ці шляхам санвысечкі? Раней у Лясным кодэксе не было паняцця суцэльных санвысечак, а зараз ёсць. І таму ўзнікае праблема”.

Ці адносіцца гасцініца да эколага-асветніцкай працы?

Вытрымка: “На тэрыторыі запаведніка дазваляецца дзейнасць, накіраваная на… эколага-асветнічкую працу” (запаведнік у Беларусі адзін - Бярэзінскі біясферны).

Юрыст: “Што такое эколага-асветніцкая праца? Гасцініцу будуем ці экскурсіі водзім? Гэтага няма ў законе, няма ў палажэнні аб Бярэзінскім (запаведніку). А хто гэта дазволіў? Інвестар ці той, хто будзе дазваляць інвестарам будаваць”.

“Гэта напісана, але ж мы не можам выканаць!”

І апошняе - увогуле цікавая фармулёвачка: амаль любая дзейнасць цягне падобнае парушэнне, - кажа Рыгор, каментуючы забарону на “дзейнасць, што цягне за сабой парушэнне ўмоваў існавання аб’ектаў расліннага і жывёльнага свету” - Разумееце, да чаго прыводзяць такія нормы? Да адпаведных адносінаў: “Гэта напісана, але ж мы не можам выканаць!” – і таму гэта не выконваецца. У выніку да закона ставяцца, як да…”.

Будучыя змены: ці можна распалавініць біятоп?

Таксама закон не забараняе падзяленне аднаго біятопу на розныя зоны – а для гэта можа быць важна і нават крытычна. Магчыма, хутка такі падзел зробіцца немагчымым – на разглядзе ў Парламенце знаходзіцца праект зменаў у Закон “Аб ААПТ” (першае чытанне, унесены дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў 10 верасня 2014 году).

Закон прапануецца дапоўніць наступнай нормай: "Не дапускаецца пераўтварэнне (ў частцы змянення межаў ААПТ, якое цягне выключэнне унікальных… прыродных комплексаў і аб'ектаў з межаў гэтай тэрыторыі, і (ці) змяненне рэжыму аховы і выкарыстання ААПТ, якое можа прывесці да страты гэтых прыродных комплексаў і аб'ектаў) і спыненне функцыянавання ААПТ, калі мэты, дзеля якіх абвяшчалася тэрыторыя, не дасягнутыя".

Патэнцыйна гэта можна перадухіліць змяненне межаў заказнікаў праз выключэнне з іх тэрыторыі каштоўных прыродных комплексаў.

"Гэта вельмі прагрэсіўная норма. Яна рэалізуе прынцып стварэння ААПТ "навечна”, - падкрэсліў Рыгор.

Ганна Валынец

Ранее по теме:

Комментарии читателей: