Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Персоны

“Радыёактыўны снег” Алеся Дзянісава

Гарадзенскі музыка пра эка-майдан, люмінісцэнтныя лампы ды акцыю, да якой хацеў бы далучыцца.
1 комментарий
Продолжение темы:

Алесь не любіць называць сябе “эка-актывістам”: ані ў размовах пра мінулае, ані пра сучаснасць. Спяваў пра экалагічныя тэмы, бо “не мог не спяваць”, карміў эка-майдан на Нёмане, бо “жыў побач”, на ровары зараз ездзіць – “бо зручна”… На нашыя пытанні адказвае найбольш экалагічны з патрыятычных і найбольш патрыятычны з экалагічных музыкаў Алесь Дзянісаў.

- Ці часта задумваешся над экалагічнымі пытаннямі?

- Само жыццё прымушае нас задумвацца над экалагічнымі пытаннямі, бо кожны год на нашай планеце адбываюцца эка-працэсы, датычныя кожнага. У тым ліку і кожнага беларуса! І тут не толькі ў Чарнобылі справа – проста экалогіі надаецца мала ўвагі. Таму пра некаторыя рэчы варта нават крычаць! Але ў нас, нажаль, калі ўзнімаеш нейкую праблему, гэта часцей за ўсё асацыюецца з антыдзяржаўнай прапагандай… Беларусь – гэта частка свету. Калі паглядзець на змены клімату, зразумела, што гэта не з-за нашых прадпрыемстваў альбо свінакомплексаў, гэта глабальная праблема.

Эка-майдан на Нёмане

- Але ты прымаў некалі ўдзел у акцыях КДС “Разам”, якія часта тычыліся экалогіі?

- Самай гучнай эка-акцыяй “Разам” быў пратэст супраць будаўніцтва ГЭС на Нёмане: гэта і ўлёткі, і семінары, і знакаміты “захоп” Арабкі ў Горадні… Тады, на пачатку 2000-х, не памятаю год, эка-актывісты ды спачуваючая публіка наўпрост узяла пад кантроль востраў на Нёмане паміж Старым і Новым мостам, зусім недалёка ад цэнтру горада. Было лета, да востраву можна было прайсці ўброд, калі ведаеш месцы. Паставілі намёт, расцяжку “Нёман супраць ГЭС”… Першыя некалькі дзён я варыў ежу ў хаце, бо жыў недалёка, ды насіў актывістам. Потым адзін з удзельнікаў прынес прымус – пачалі там гатаваць. Удзень, асабліва ўвечары, там было шмат людзей, на ноч заставалася значна меней. Вечарамі ладзіліся канцэрты, чыталіся вершы. Тады востраў быў яшчэ не зарослы хмызнякамі, чысценька было, пясочак…

- А што міліцыя?

- Яны не ведалі, што з намі рабіць, бо востраў не трапляе ў юрысдыкцыю горада. Ён знаходзіцца на Нёмане, таму ім кіруе нейкае рачное ўпраўленне ці флатылія… Два дні мянты прыглядаліся да нас – на беразе стаяла некалькі аўтамабіляў, у іх цікавалі людзі. Але нікога не чапалі. На трэці дзень яны прыехалі на маторнай лодцы і сказалі паздымаць расцяжкі, якіх было ўжо дзве. Мы сказалі, што не здымем. Тыя збянтэжыліся і папрасілі “добра сябе паводзіць” і з’ехалі (смяецца). Пасля, калі пайшоў розгалас, двойчы прыязджала дзяржаўнае тэлебачанне. Дарэчы, ніхто з . “незалежных СМІ” так і не прыйшоў.

Аніводная песня нічога не вырашыць

- Ты казаў, што гурт “Кальян”, у якім ты спяваў, падымаў экалагічныя тэмы. Што гэта былі за тэксты?

- У першым альбоме Андрэй Сакалоў выканаў у акустыцы песню “1-2-3-4-5…”, прысвечаную паляванню на жывёлаў. “Радыёактыўны снег” цяжка назваць выключна экалагічнай: яна перадае агульнабеларускі настрой. З маіх тэкстаў бадай самы вядомы – “Самалёт”, аб тым як апошнія людзі адлятаюць на самалёце пасля экалагічнай катастрофы. Ты пісаў, бо пісалася, ці задумваўся пра нейкі сацыяльны пасыл? У тыя часы, як мне здаецца, у дзевяностыя-нулявыя, ніхто не задумваўся пра нейкія пасылы. Тое, што мы займаліся музыкай – гэта ўжо быў пасыл. Мы так жылі. Місіянерствам не займаліся дакладна. Я і зараз магу сказаць, што аніводная песня нічога не вырашыць. Зараз, мажліва, я ўжо больш разумею адказнасць за тое, што сказаў. Хацелася і хочацца наўпрост нешта сказаць, распавесці.

- Адзін з апошніх тваіх праектаў – “Людзі на балоце” – гэта не пра праблемы балотаў?

- Нажаль альбо на шчасце – не.

- Вяртацца да эка-тэмаў не збіраешся?

- Ёсць у мяне думка, зрабіць гурту “Dzieciuki” песні пра сучаснасць. І там абавязкова будуць экалагічныя тэмы.

Пачынаць трэба не з АЭС, а з двароў

- Як варта ў сучаснай Беларусі падыходзіць да эка-праблемаў? З пратэстамі, петыцыямі, песнямі?

- Час актыўных акцыяў прайшоў. Не ў сэнсе, што яны не актуальныя, а ў сэнсе, што яны ў Беларусі адразу сустракаюць жорсткае супрацьдзеянне. Большасць пакруціць пальцам каля скроні, а мянты возьмуць пад рукі… Мне падаецца, што экалагічная тэма – гэта акурат тая тэма, якую ўлады маглі б распрацоўваць – тут жа няма палітыкі! Прапагандаваць праз СМІ, праз школу.

Што тычыццы эка-актывістаў, то найбольш эфектыўным з іх боку, на маю думку, было б асветніцтва. Менавіта па пытаннях, якія хвалююць людзей. Будаўніцтва АЭС людзей хвалюе на ўзроўні: “Можа рване, а можа і абыйдзецца” – гэта абстракцыя для большасці. Пачынаць трэба не з АЭС, а з двароў! Напрыклад, нейкі дэбіл увесь час ставіць на газон машыну. Трэба патлумачыць бабулям, моладзі, мамам з дзецьмі, як на яго паўплываць, куды напісаць і г.д. Тое ж з дрэвамі, якія пілуюць у двары. Пакажыце людзям, як супрацьдзейнічаць, і яны будуць змагацца за свой двор!

- А ёсць пазітыўныя ініцыятывы з боку дзяржавы?

- Так, мне, напрыклад, вельмі падабаецца сегрэгацыя смецця. Галоўнае, каб пасля насамрэч адбываўся раздзельны вываз і перапрацоўка: шкло да шкла, пластык да пластыка. Людзі ж сапраўды падтрымалі! У сваім двары я заўжды бачу кантэйнер для пластыка, поўны бутэлек! І ніхто ім не расклейваў улёткі, проста паставілі кантэйнеры і ўсё ўсё зразумелі. У ЖЭСе паглядзелі “квадратнымі вачыма”, але ўзялі

- Маеш персанальныя эка-звычкі?

- Стараюся заўсёды кідаць смецце ў сметніцу, таксама вучу сваю дачку, а яна падказвае сваім сябрам. На балконе ў мяне заўсёды стаіць асобны пакет для пластыка і асобны для шкла. Пару год таму была рэклама, што люмінісцэнтныя лампы трэба несці ў ЖЭСы. Я і прынёс неяк штукі тры-чатыры. На мяне паглядзелі “квадратнымі вачыма”, але …узялі (смяецца). Зараз нашу ў крамы, дзе іх прадаюць: мяняю старыя на новыя. Тое ж з батарэйкамі – у супермаркетах ёсць пункты па іх зборы. Трэба з дробнага пачынаць, я лічу. Ну і на ровары езджу – гэта практычна, зручна і экалагічна.

- Ты аматар паходаў, я ведаю. Маеш з сябрамі нейкі паходны эка-статут?

- У лесе заўсёды акопваем вогнішча, бычкі не раскідваем. Ніколі не рубім жывых дрэваў: заўсёды можна знайсці сушняк. Важнае правіла: забіраць за сабой смецце, якое не можаш пакінуць у лесе. Калі доўгі паход і цяжка з сабой цёгаць шмат пакункаў – спальваем, хоць, мажліва, гэта і не лепшае выйсце. Банкі з-пад кансерваў спальваем абавязкова: агонь знішчае адмысловую абалонку, якая замінае ім раскладацца ў зямлі. Ну і вогнішча заўсёды трэ’ непаленавацца і затушыць – спусціцца да бліжэйшай рачулкі з кацялком.

- Да якой эка-акцыі ты б сам далучыўся?

- Думаю, што я абавязкова знайду час і далучуся да збору смецця ў лясах. Дачку з сабой вазьму, каб паказаць, як рабіць ніколі не трэба.

Алесь Кіркевіч

Фота аўтара і з архіву Алеся Дзянісава

Ранее по теме:

Комментарии читателей: