Подписаться! Лента новостей Зеленое движение

"Арганік Фэст-2014": беларускія фермеры цяжкія на пад’ём і ім трэба час для разняволення

Пад Дзяржынскам прайшоў першы міжнародны фестываль-кірмаш фермерскай і арганічнай гаспадаркі “Арганік Фэст”.
0 комментариев

У мінулыя выходныя, 27-28 верасня, пад Дзяржынскам адбыўся міжнародны фестываль-кірмаш фермерскай і арганічнай гаспадаркі "Арганік Фэст". Праводзіўся кірмаш у маляўнічым месцы на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчага комплексу "Веста". Фермеры з усёй краіны сабраліся разам для абмену досведам і дэманстрацыі ўласных дасягненняў. Трэба адзначыць, што гэта першы міжнародны фестываль такога кшталту ў Беларусі. І каб мерапрыемства стала магчымым паспрыялі шведскі Навукова-даследчы універсітэт Біядынамікі і беларускі МГАЖ "Усход-Захад".

"Ідэя фестывалю ў тым, каб наладзіць супрацоўніцтва і камунікацыю паміж спажыўцамі, фермерамі і кансультантамі. І, вядома, абмен досведам паміж спецыялістамі ў сферах жывёлагадоўлі і сельскайгаспадаркі ў цэлым. Прыемна, што "Арганік Фэст" наведалі замежныя спецыялісты з Літвы і Швецыі: іх вопыт важны для беларусаў, бо шведы моцна абганяюць нас у гэтай сферы. Звязана гэта з тым, што яны паспяхова займаюцца развіццём арганічнай сельскай гаспадаркі ўжо больш за 20 гадоў, а ў Беларусі галіна яшчэ дастаткова маладая. Веды літоўскіх калег важныя для нас з-за агульных клімата-геаграфічных паказчыкаў і блізкага месцазнаходжання", - распавяла Ганна Шульга, выканаўчы дырэктар фестывалю і куратар праекту BERAS у Беларусі (МГАЖ "Усход-захад").

Фестываль праводзіўся сумесна з выставай трусікаў аграфоруму "Бабіна Лета – 2014”, таму на кірмашы большая частка ўдзельнікаў была прадстаўлена гаспадаркамі, якія займаюцца гадоўляй трусаў. Вельмі прывабным для іх стаў запрошаны са Славакіі эксперт міжнароднага класу Мілаш Супука, які цягам суботы ацаніў некалькі дзясяткаў трусаў і выдаў іх гаспадарам карткі па фізічнаму стану і годнасці кожнай жывёлы.

Па словах Ганны, фестываль плануецца зрабіць штогадовым, бо ён дапамагае наладжванню сувязі і знаёмству фермераў з рынкам і пакупнікамі.

"Гэта новы для Беларусі фармат, а нашыя фермеры крышку цяжкія на пад’ём, і патрэбны час, каб зацягнуць большую колькасць удзельнікаў", - дадае арганізатар.

Для наведвальнікаў першы кірмаш атрымаўся вельмі прывабным: можна было пакаштаваць і набыць арганічную мясцовую гародніну і садавіну, вырабы з казінага малака і нават шведскія арганічныя тавары - сушаных лясных ягад, якія прапанавалі прадстаўнікі праекту BERAS (Baltic Ecological Recycling Agriculture and Society). На "Арганік Фэсце" можна было таксама набыць саджанцы дрэваў, нават такія надзвычайныя для Беларусі, як рэліктавае дрэва гінгка білоба.

Яшчэ ўсім жадаючым прапаноўвалі пачаставацца хатняй халвой, сырам са спецыямі, збітнем і медавухай. А продаж тавараў рамеснікаў, вырабленых выключна з арганічных матэрыялаў, такіх як пчаліны воск, воўны і дрэва, парадаваў гасцей, якія хацелі купіць на памяць нешта не толькі прыгожае, але карыснае і эка-прыязнае.

Для дзетак арганізавалі асобную праграму ад "Дзіцячых экалагічных майстэрняў", актывісты якіх вучылі самых маленькіх, як з непрывабных рэшткаў і адходаў стварыць сапраўды прыгожыя рэчы.

"Вельмі важна, каб свет дзіцячых гульняў і цацак не абмяжоўваўся тым, што прапаноўваюць у краме. На нашых майстар-класах мы майстравалі розныя цацкі і карысныя рэчы з таго, што звычайна выкідваюць: кардонныя ўпакоўкі, папяровыя шкляначкі, старыя часопісы. Калі дзеці ствараюць нешта цікавае для сябе сваімі ж рукамі, ды яшчэ і з тых прадметаў, якія заўсёды пад рукой, яны пачынаюць адчуваць сябе творцамі. Хлопцы вяртаюцца дадому і глядзяць на ўсе прадметы ў доме зусім іншымі вачыма, па-гаспадарску. Яны пачынаюць самі знаходзіць ідэі для рэалізацыі, становяцца больш актыўнымі ў плане пераўтварэнні навакольнага прасторы, бачаць магчымасці", - кажа кіраўніца "Дзіцячых эка-майстэрняў" Надзея Куляшова.

У фестывальныя дні для гасцей выступаў гурт "Або2", які напаўняў восеньскія вечары працоўна-забаўляльнага мерапрыемства асаблівай атмасферай, нагадваючы прысутным, што такія фэсты ладзяцца не толькі для абмену вопытам і гандлю, але гэта яшчэ і традыцыйны спосаб адпачыць і адсвяткаваць збор ураджаю.

Лізавета Каўцяк

Фота Кірыл Глаз

Ранее по теме:

Комментарии читателей: