Подписаться! Лента новостей Экошок Жестокое обращение с животными

Харошаму чалавеку бывае сорамна нават перад сабакам

Сказаў А.Чэхаў, і мы з ім згодныя. 16 жніўня Сусветны дзень бяздомных жывёл.
11 комментариев

Беларусь не з’яўляецца выключэннем у існаванні праблемы бяздомных жывёл. Greenbelarus.info на пярэдадні гэтага дня сустрэліся з дырэктарам Дзяржаўнага прадпрыемства “Фаўна горада”, з валанцёрамі дабрачынных арганізацый і проста неабыякавымі людзьмі, каб абмеркаваць прычыны неверагоднай колькасці сабак і катоў на вуліцах горадоў, а таксама пра гуманыя шляхі вырашэння гэтай праблемы.

У першую чаргу пытанне з бяздомнымі жывёламі ў нашай краіне складана вырашыць, бо не існуе ніякага заканадаўчага акта, які б рэгуляваў адносіны людзей і жывёл. На сённяшні дзень гаспадар не нясе амаль ніякай адказнасці як за жорсткае абыходжанне са сваім гадаванцам, так і за элементарнае і самае простае пазбаўленне ад яго – выкідванне на вуліцу. Такім чынам жывёліна перастае быць “галаўным болем” аднаго чалавека і ўся адказнасць за яго пераносіцца на пэўныя дзяржаўныя арганізацыі ці плечы валанцёраў.

Яшчэ адной прычынай, якая не дазваляе нашай краіне прасунуцца ў накірунку гуманнага вырашэння праблемы вулічных жывёл, гэта адсутнасць цэнтралізаванай сістэмы па чыпіраванню, стэрылізацыі і кастрацыі сабак і катоў. Найчасцей жывёлы апынаюцца на вуліцы з-за безадказнасці сваіх гаспадароў, тое ж самае адбываецца і з нікому непатрэбнымі малымі, што ў сваю чаргу стварае замкнёнае кола безкантрольнага размнажэння вулічных жывёл.

І, вядома, адсутнасць у Беларусі афіцыйных прытулкаў для жывёл, дзе за імі будуць даглядаць і шукаць ім гаспадара, як у большасці цывілізаваных краін, адыгрывае сваю ролю на колькасці бяздомных жывёл на вуліцах гарадоў.

У Мінску існуе Дзяржаўнае прадпрыемства “Фаўна горада”, якое многія яшчэ да гэтага часу блытаюць з прытулкам, але нават па словах дырэктара, Кузкіна Сяргея Іосіфавіча, прытулкам іх назваць цяжка.

– “Фаўна горада” з’яўляецца пунктам часовага ўтрымання безнаглядных жывёл. Гэта не прытулак, не гадавальнік, а менавіта пункт часовага ўтрымання, у функцыі якога ўваходзіць адлоў безнаглядных жывёл. І пад гэтым словам мы разумеем не толькі дзікіх і бяздомных жывёл, якія аб’ядноўваюцца ў зграі, але і жывёл, якія могуць знаходзіцца ў ашыйніку і намордніку не пад наглядам, без гаспадара. Такія жывёлы падлягаюць адлову, у адпаведнасці з правіламі, якімі мы кіруемся. Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі распрацавала і сваім рашэннем вызначыла правілы ўтрымання, адлову жывёл, Савет міністраў вызначыў на аснове гэтых правіл сваю пастанову, якая цалкам вызначае нашу дзейнасць як прадпрыемства. Мы не скуралупня, не душагубка, – расказвае Сяргей Іосіфавіч. – У нас жывёлы па 3-4 месяцы ўтрымліваюцца і знаходзяцца людзі, якія іх забіраюць. На усыпленне ідуць толькі тыя жывёлы, якія непадлягаюць перадачы ў рукі: агрэсіўныя, азлобленыя, хворыя, калечаныя. Такія жывёлы нікому не патрэбны. Актывістаў, якія забіраюць хворых сабак вельмі мала, адзінкі, на пальцах адной рукі можна пералічыць. А ў асноўным жывёлы ўтрымліваюцца і перадаюцца людзям.

У сярэднім на тэрыторыі прадпрыемства ўтрымліваецца каля 80 жывёл. Адлоўныя мерапрыемствы ажыццяўляюцца ці то па заяўцы з ЖЭС, ці то па ўзгодненаму з кіраўнікамі раёнаў графіку. Па плану экіпаж бывае ў кожным ЖЭС’е раз у дэкаду.

– Акрамя гэтага бываюць заявы ад іншых арганізацый: інстытутаў, прадпрыемстваў, заводаў, па іх заявах мы таксама выяжджаем, – дадае Сяргей Іосіфавіч. – Вельмі часта людзі самі прыводзяць да нас жывёл. Вось па статыстычных дадзеных за мінулы тыдзень, прынята ад насельніцтва 36 галоў: 19 сабак, 17 катоў. Прыносяць. Бывае так, што прыносяць больш, чым мы адлаўліваем. Гэта гаворыць пра тое, што свядомасць у людзей змяняецца. Ён ніякай адказнасці не нясе, але ўсё ж не мучае сумленне, што выкінуў жывёлу на вуліцу. Прычым здаюць не толькі безпародных, прыносяць і лабрадораў і тэр’ераў, аднойчы нават той-тэр’ера здалі, у яго была зламаная лапа і гаспадар не мог фінансава пацягнуць лячэнне. Але ў той жа час іншая статыстыка, перададзена былым гаспадарам 10 галоў, новым – 30. Статыстыка станоўчая. А паглядзець за поўгады: 731 галава прынята, 91 – вернута, 1182 – перададзена новым гаспадарам.

Пры прадпрыемстве “Фаўна горада” існуе ветэрынарная служба, якая забяспечвае штодзённы прыём і пры неабходнасці лячэнне жывёл. Таксама ў штаце прадпрыемства ёсць работнікі па дагляду за жывёламі, на тэрыторыі праводзяцца прафілактычныя дзеянні па абеззаражванню вальераў і памяшканняў. Таму удаецца пазбегнуць высокага працэнту хвароб у жывёл.

Акрамя гэтага, па словах дырэктара, “Фаўна горада” цесна супрацоўнічае з дабрачынымі арганізацыямі і валанцёрамі на ўзаемнавыгадных умовах. Раз у месяц прадпрыемства праводзіць акцыі раздачы сваіх жывёл па плану, часам здараюцца па-за планавыя мерапрыемствы, калі колькасць жывёл прывышае магчымую ўмяшчальнасць вальераў. У час такіх акцый раздаецца да 70% жывёл.

– Асноўныя прычыны, чаму ў Мінску так шмат бяздомных жывёл, гэта адсутнасць масавай стэрылізацыі, на жаль, жывёлы размнажаюцца хутчэй, чым нам бы гэтага хацелася. Яшчэ адна прычына, як гэта не парадаксальна, вялікая колькасць будаўніцтва ў горадзе, – зазначае Сяргей Іосіфавіч. – На кожным будаўніцтве ёсць стораж, які зацікаўлены ў халяўнай ахове. Сабакі на будаўніцтве збіваюцца ў зграі. А калі раптам адбываецца нападзенне на людзей, а адказных знайсці не магчыма, бо стораж ніколі не прызнаецца, што сабакі яго. Бываюць выпадкі, калі сабак і хаваюць. І атрымоўваецца, што мы іх адлавіць не можам, а яны размнажаюцца.

Акрамя дзяржаўных устаноў, у Беларусі існуе вялікая колькасць грамадскіх арганізацый дапамогі бяздомным жывёлам, напрыклад, такая як Міжнароднае грамадскае аб’яднанне абароны жывёл “Горад”.

– Чаму “Горад”? Таму што горад аб’ядноўвае ўсіх і ў горадзе павінна быць месца для ўсіх, павінна быць камфортна і ўтульна, – распавядае Святлана Андруховіч, старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання абароны жывёл “Горад”. – Думаю, жаданне дапамагчы, гэта ў характары. Да “Горада” ў мяне была другая арганізацыя, якую я закрыла, калі мы пераехалі з Мінска. Канешне, першы час я адпачывала, бо была і дэпутатам, і актыўная праца з людзьмі, і рэалізоўваліся разнастайныя праекты. І патэнцыял застаўся, праз нейкі час мне проста стала сумна, я адчуваю, што яшчэ магу камусьці дапамагчы. Знайшлі ў Інтэрнэце прапанову на сабаку, забралі, затым убачылі, што яшчэ аднаму сабаку патрэбна дапамога… І так пачалося.

Я здзіўляюся нашым людзям і не магу зразумець чаму так адбываецца, у чым прычына. Ці то на працягу многіх год у нас фарміруюцца адносіны да жывёл, ці то адсутнічае працэс выхавання на ўзроўні дзіцячых садоў і пасля не дапрацоўваецца гэта культура. Але дабра ў нас мала, агульнага разумення, што сабака – ён таксама як чалавек, мае і душу і сэрца, адчувае боль і адзіноту. Вядома, што ёсць падтрымка ад людзей, але асноўная маса не разумее навошта столькі часу траціць на жывёл. Але кожнаму сваё, кожны ж выхаваны па-рознаму. У нас жа як, хтосьці навакольнае асяроддзе ахоўвае, хтосьці балоты ратуе, людзі выбіраюць свой накірунак і ідуць па ім, ідуць з разуменнем, гэтаму нельга прымусіць, бо гэта ад сэрца, ад душы.

Прычыну велізарнай колькасці бяздомных сабак Святлана бачыць у безадказнасці гаспадароў, адсутнасці культуры ўтрымання жывёл.

– Адкуль бяруцца бяздомныя сабакі? Зразумела, што першапачаткова быў хатні гадаванец, якога гаспадары не дагледзелі. Сабака ашчанілася, гаспадар малых выкінуў. Добрыя людзі пашкадавалі, падкармілі, сабачкі выраслі і засталіся жыць на вуліцы. І вось тут ужо пачынаецца замкнутае кола, – тлумачыць Святлана. – Валанцёры прыкладаюць неверагодныя намаганні, каб выратаваць бяздомных жывёл, прыстроіць. Таму мы ідзем на стэрылізацыю, нават пародзістых сабак, якія з’явіліся і сталі вулічнымі.

Мы пісалі праект на “МаеСэнс” па гуманаму рэгуляванню колькасці бяздомных жывёл. У праекце была якраз закладзена работа з насельніцтвам, мы хацелі выбраць пэўную эксперыментальную пляцоўку, каб даць людзям інфармацыю, правесці работу з насельніцтвам, з органамі улады. Нават задумалі дапамогу ў стэрылізацыі хатніх жывёл.

Святлана, як чалавек не абыякавы да праблемы вулічных жывёл і гуманага абыходжання з імі, вырашэнне гэтай праблемы бачыць дзеяннях з боку дзяржавы.

– Пакуль не будзе ў нас дзяржаўнай палітыкі, нічога не зменіцца. Павінна быць шмат крыніц інфармацыі, прычым ні нейкім надакучлівым чынам падавацца, а паступова. А так, у нас нічога не варухнецца пакуль не будзе нейкай праграмы, змянення сістэмы. Пачынаць трэба з дзіцячага садка. Калі паглядзець на сістэму адукацыі, то ў нас няма ніякай інфармацыі і літаратуры пра жывёл. Таму было б вельмі здорава, каб людзі, якія зараз на дзяржаўным узроўні займаюцца адловам, накіравалі сродкі і сілы на падрыхтоўку падобных праграм і матэрыялаў. Магчыма б тады і ў дарослых людзей змяніліся адносіны да сабак і катоў, – дзеліцца Святлана. – У нас няма прытулкаў, куды можна б было хадзіць і прапагандаваць гуманныя адносіны да жывёл. Няма месца, куды б дзеці маглі прыйсці і пазнаёміцца, паглядзець на жывёл, паспрабаваць выгуляць кагосьці.

Таксама Святлана з гонарам пазнаёміла нас са сваімі дзевяццю гадаванцамі, адзін з іх, цудоўны і пяшчотны сабака па мянушчы Майя. Знайшлі сабаку на станцыі ў Жодзіна ў крытычным стане, так як у сабакі электрычкай былі адрэзаны заднія лапы. Майя перанесла складаныя аперацыі і на сённяшні дзень цяжка сказаць, што давялося перажыць дзяўчынцы. Бо сабака ўжо навучыўся перамяшчацца па тэрыторыі і бегаць за катамі.

Яшчэ адзін сабака, які пацярпеў ад рук чалавека і таксама знаходзіцца пад апекай “Горада” – бялёсы хлопчык па мянушчы Бела. Беламу рыдлёўкай адсеклі пярэднюю лапу, а затым яшчэ некалькі разоў стралялі ў яго, апраўдваючы гэта тым, што ён носіцца па вёсцы з адсечанай лапай, якая боўтаецца на шматках скуры і пужае людзей. Белага забралі ўжо з дагніваючым астаткам пятэдняй лапы, правялі аперацыі, дасталі кулі, нават планавалі пратэзіраваць пярэднюю лапу, але аказаўся занадта малы працэнт уцалелай часткі. Сабака ўжо навучыўся перамяшчацца на трох лапах і зноў верыць людзям.

Па словах Святланы, яны спрабавалі завесці справу па факту жорсткага абыходжання з сабакам, але не знайшлося сведкаў, якія б дакладна паказалі на людзей, што ўтварылі такое з Белым. Людзі шчыра спачуваюць, але баяцца. Таму ў завядзенні справы было адмоўлена за адсутнасцю злачынцаў.

Яшчэ адзін гадаванец аб’яднання “Горад” жыве ў самым цэнтры Мінска – меціс лайкі па мянушцы Кен. Яго знайшлі на МКАД’е, збітага машынай. На жаль, давялося ампуціраваць сабаку заднюю лапу, але гэта не перашкаджае яму быць жвавым і жыццярадасным сабакам. Але з’яўляецца вялікім недахопам у пошуку гаспадароў:

– Кен ведае каманды, любіць цалавацца. Але знайсці сабе дом не можа вось ужо год! – расказвае Аліна, у якой сабака жыве на пераўтрыманні. – Званіў мужчына, хацеў узяць яго на паляванне, але мы яму патлумачылі, што сабака-інвалід, сабака на трох лапах. Была надзея, калі Кена забрала жанчына, яна з сынам вельмі хацела сабаку. Але вярнуўся яе былы муж, з якім яны жывуць у адной кватэры і сказаў, што ніякіх сабак. І вось праз тры дні яго вярнулі.

Пачала займацца сабакамі я выпадкова. Мая аднагрупніца прыцягнула шчаня-падлетка ў мароз, мы выкінулі аб’яву на форум адной з арганізацый і на наступны ж дзень яго забралі. Першапачатковая матывацыя была дапамагчы і гэта было даволі проста, бо ўзялі-прыстроілі, а зараз жа пасля Кена, напэўна, я скажу “не”. Бо прыстраіваць стала вельмі складана, тым больш існуе праблема з кватэрай.

– Траўміраваныя сабакі ў нас нікому не патрэбны, – дадае Святлана. – На працягу года я назіраю такую рэч, што нашы беларускія сабакі прыстройваюцца ў нашых жа людзей за мяжой.

У Мінску існуе каціны прытулак Грамадскага абъяднання абароны жывёл “Эгіда” O’КОШ&КО, у які валанцёры ходзяць кожны дзень. Нягледзячы на тое, што прытулак не мае ніякага афіцыйнага статусу, ён з’яўляецца адкрытым для ўсіх жадаючых.

– Нашы валанцёры займаюцца ў асноўным: кармленнем, прыборкай, лячэннем, ну і канешне неабходна ўдзяліць час нашым гадаванцам, без гэтага ніяк, – распавядае Наталля Зайцава, валанцёр прытулку. – Зараз у нас вельмі шмат жывёл. Тым больш у нас зараз новаўвядзенне, мы заняліся стэрылізацыяй вулічных катоў. Адлаўліваем іх, стэрылізуем, ператрымліваем у сябе нейкі час, пакуль не здымуць швы і выпускаем у родны двор. Прычым ужо некалькі двароў сталі далучацца. Гэта, дарэчы, вопыт цывілізаваных краін.

Акрамя такога элементарнага дзеяння ў дачыненні да вулічных жывёл, Наталля выказалася ў падтрымкі і іншых замежных практык, што можа схіліць шалі да гуманнага абыходжання з бяздомнымі жывёламі.

– Неабходна дакладная і жорсткая сістэма кантролю і адказнасці, сістэма індэнтыфікацыі жывёліны, тое ж чыпіраванне. Бо за мяжой ні водны гадаванец не аддаецца без чыпа. Гэта дапаможа вырашыць праблему пошуку гаспадара ці яго пакарання, калі жывёліна яму не патрэбна і ён такім чынам пазбаўляўся ад яе, – каментуе Натялля. – У другіх краінах існуе рэальная сістэма прытулкаў. Ну бывае, што абставіны складваюцца так і чалавек не можа трымаць жывёліну, у іх ёсць магчымасць прывесці свайго гадаванца ў прытулак, дзе зоймуцца пошукам яму новых гаспадароў. Але ім ні ў якім разе не прыйдзе ў галаву выкінуць сабаку ці ката на вуліцу. У нас жа, на жаль, гэта лічыцца нормай. У нас адсутнічае пачуццё адказнасці і каштоўнасці жыцця другой істоты.

Акрамя катоў, у прытулку жыве Рада, маладая дзяўчынка, якую валанцёры знайшлі ў гэтай жа вёсцы, дзе знаходзіцца каціны дом. Шчаня замярзаў пад машынай са сваімі братам і сястрой. Дваіх малых удалося аддаць новым гаспадарам, а вось Радзе ніяк не шанцуе, што вельмі засмучае валанцёраў, бо сабаку патрэбны гаспадар, які б любіў і лашчыў яго.

Таксама развіты ў нас і валанцёры-індывідуалісты, людзі, якія не могуць застацца абыякавымі да болю і жорсткага абыходжання з жывёламі. Да іх шэрагу адносіцца Наталля, якая спантанна вырашыла ўзяцца за ўратаванне французскага бульдога Сёмы, якога знайшлі ў паркавай зоне ў раёне Аўтаваза.

– Калі я ўбачыла аб’яву, адразу навярнуліся слёзы, бо бульдогі для мяне як дзеці, – расказвае Наталля. – Аднак, фотаздымкі і блізка не перадавалі таго стану, у якім ён на самой справе быў. Калі куратары прывезлі Сёму мне на пераўтрыманне, ён быў жудка худы, з’ядаемы мухамі і апарашамі. Карціна жудкая. Зараз мы ад’еліся, набралі форму, але вось заднія лапы так і не працуюць. Дактары ніякай надзеі не даюць, кажуць, што толькі цуд падыме Сёму на ўсе чатыры лапы. Зараз мы працягваем рабіць масаж, але калі раптам, то на каляску яму назбіраем. Зараз Сёма стаў прывыкаць да людзей, а першыя дні быў вельмі зашуганы. Ды што казаць, калі сабака нейкі час харчаваўся выключна сваімі фекаліямі і мачой. Для мяне гэта быў шок, я не магла зразумець, чаму дома, пры нармальнай ежы, ён так робіць, а пасля дайшло, што сабака не бачыў іншага, магчыма некалькі тыдняў ці больш. Я б хацела паглядзець у вочы тым людзям, якія давялі Сёму да такога стану, як можна было жыць і бачыць, ведаць, што твой сабака мучаецца ад болю, як можна было яго не карміць.

Хрысціна Чарняўская

Фота аўтара

Ранее по теме:

Комментарии читателей: