Подписаться! Лента новостей Техносфера Городское хозяйство

Беларускі супраціў: трэніруемся на дрэвах

Напружанай застаецца сітуацыя вакол будаўніцтва гандлёвага цэнтра і высякання дрэваў у паркавай зоне на прывакзальнай плошчы ў самым цэнтры Полацку.
0 комментариев
Продолжение темы:

Мясцовыя жыхары ўсімі сіламі намагаюцца выратаваць дрэвы і спыніць будаўніцтва, пішучы звароты ў разнастайныя інстанцыі і прапаноўваючыя альтэрнатыўныя шляхі вырашэння праблемы. Аднак раёныя ўлады, у страху згубіць сталічнага інвестара, сцвярджаюць, што прыняты праект будаўніцтва з адпаведным добраўпарадкаваннем тэрыторый, не супярэчыць існуючаму генеральнаму плану горада.

Па словах Віктара Стукава, старшыні Камітэта грамадзянскага самакіравання мікрараёна “Цэнтр” г.Полацка, ужо тройчы арганізоўваліся грамадскія слуханні, але ўсе яны насілі фармальны характар. Першы раз збіраліся непасрэдна на месцы парка і большасць выступіла супраць, затым слуханні праходзілі ў самім гарвыканкаме без асаблівага анонсу і аб’яў, куды прыйшло чалавек 50 і сілы размеркаваліся прыблізна 30 – “за”, 20 – “супраць”. Калі актыўныя грамадзяне даведаліся, што адбываюцца такія падзеі, яны сабралі 250 подпісаў і накіравалі ў адміністрацыю прэзідэнта. Пасля чаго гарвыканкам вымушаны быў правесці паўнацэнныя, з аб’яўленнем, слуханні. 1 ліпеня ў гарвыканкаме людзі сабраліся ў трэці раз.

– Сіламі ўладаў ужо былі прадугледжаны вынікі галасавання. На слуханні былі сабраныя людзі, якія дакладна будуць галасаваць “за”, гэта моладзь з прадпрыемстваў і зацікаўленыя асобы. І як вынік 260 – “за”, 130 – “супраць”, хаця, большасць выступаючы выказвалася супраць. Выступалі як старыя людзі, моладзь, так і прадпрымальнікі полацкія, якія прапаноўвалі альтэрнатыўны праект, без зносу парка. Таму вельмі дзіўным выглядае вынік галасавання, – распавёў Віктар Стукаў.

Асаблівае абурэнне вынікі слуханняў выклікалі ў людзей, якія жывуць ля парку.

– Вось, напрыклад, нагляднае здарэнне, літаральна пазаўчора збілі насмерць жанчыну, у мінулым годзе мужчыну і гэта пры пешаходным пераходзе і святлафоры. А тут яшчэ павялічыцца колькасць машын, гэта ўжо адназначная небяспека для нас, жыхароў. Праблема загазаванасці. Павысякаюць дрэвы… У нас ад жалезнай дарогі невыносна, калі цягнікі стаяць на “адстоі”, мы нават вокны адкрыць не можам. Жывем, бы на вулкане, – абураецца Галіна Плюшчанка, адна з мясцовых жыхароў, член савета Камітэта грамадзянскага самакіравання мікрараёна “Цэнтр”. – Я асабіста, сама, хадзіла збірала подпісы ў падтрымку парка, каб яго не чапалі. Бо ўсё ж зялёныя насаджэнні прадухіляюць і затрымліваюць выхлапы. І ўвогуле страшна, калі па праўдзе, тут ужо будынак на будынку стаіць. Асабліва абураюцца старыя людзі, яны прыгадваюць як пасля вайны высаджвалі дрэвы, хадзілі палівалі іх, даглядалі. А прыйшоў інвестар з “доўгім” рублём і вырашыў гэта ўсё знішчыць. У нас у Полацку ўжо амаль няма зялёнай зоны.

– Людзям з гэтым жыць. Я не сцвярджаю, што ніякіх зменаў з гандлёвымі месцамі праводзіць не трэба, там сапраўды не ўсё так добра. Але ў цэнтр горада такі велізарны будынак, прама пад вокнамі ў людзей, ды яшчэ са зносам парку… Можна ж абыйсціся меншым, не кранаючы парк, што якраз і прапаноўвалі мясцовыя прадпрымальнік. – дадае Віктар Стукаў.

Людзі звярнуліся за дапамогай ў Грамадскае самакіраванне, дзе ім аказалі арганізацыйную дапамогу па састаўленню ліста ў Камітэт дзяржкантролю і збор подпісаў, а таксама праінфармавалі гарадскія ўлады, што людзі ўсё ж незадаволены сітуацыяй.

Зараз у Полацку існуе некалькі самастойных ініцыятыў, незвязаных паміж сабой, якія займаюцца зборам подпісаў і накіраваннем падобных лістоў у разнастайныя дзяржаўныя органы. Магчыма, абапіраюцца ініцыятывы на няўдалы папярэдні вопыт праекту, які рэалізаваны на беразе Дзвіны – Цэнтр алімпійскай падрыхтокі па веславанню. Пры яго ўзвядзенні было знесена шмат дрэваў і на той час ніякага абмеркавання праекту з людзьмі нават не прадугледжвалася. Калі ж праект рэалізавалі, аказалася, што была парушана набярэжная, дзе людзі раней займаліся спортам і актыўным адпачынкам, на сённяшні дзень месца гэта нагадвае хутчэй “народны” бар.

Канчатковае рашэнне райвыканкамам па апошніх слуханнях было прынята ў карысць будаўніцтва. Але пра актыўнае будаўніцтва гандлёвага цэнтра гаворкі яшчэ не вядзецца, на адведзенай тэрыторыі пакуль паставілі плот і знеслі тратуарную плітку.

– Пачалі весціся неактыўныя будаўнічыя работы. Дрэвы пакуль не высякаюцца і ўвогуле дзякуючы абурэнню грамадзян ужо ўдалося выратаваць каля 20 дрэваў. Бо першапачаткова планавалася вынішчыць каля 60 дрэваў, але за тыдзень да сходу змянілі праект і дрэваў стала 30. І ў мяне ёсць спадзяванне, што ўлады задумаліся над тым, што такія дзеянні неабходна ўзгадняць з людзьмі. Вядома, што полацкі райвыканкам зацікаўлены ў інвестыцыях, нават з нейкімі парушэннямі, але каб грошы з’явіліся ў бюджэце. Гарадскія ўлады вырашаюць гаспадарчыя праблемы закошт інвестараў, так, напрыклад, яны папрасілі грошы на будаўніцтва новых могілак. – падзяліўся Віктар. – Было б правільна, калі б зменшылі плошчу пад гандлёвы цэнтр і не краналі парк. Паркоўку можна зрабіць там і падземную, ды і не асабліва яна там патрэбна. Месца ля вакзала, мяркуе, што людзі будуць прыяжджаць туды на аўтобусах і цягніках.

Хрысціна Чарняўская

Комментарии читателей: