Подписаться! Лента новостей Экошок Жестокое обращение с животными

Гаспадары, якія павесілі за лапкі варону на сваім двары, застануцца без пакарання

У прыватным сектары ў Леванабярэжнай частцы Гродна гаспадары павесілі на сваім падворку пудзіла вароны
1 комментарий
Продолжение темы:

Гэта заўважыла адна з мясцовых жыхарак. Дзяўчына вырашыла звярнуцца да ўчастковага інспектара, аднак яго на месцы не было і на тэлефонны званок ён таксама не адказваў. Тады дзяўчына звярнулася ў Інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, але там адмовіліся прыняць заяву, спаслаўшыся на адсутнасць адпаведнага заканадаўства.

Апошнім шансам стаў зварот у Гродзенскую гарадскую і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Без ахвоты там заяву прынялі і паабяцалі паўплываць на гаспадароў. Праз некалькі дзён супрацоўнікі інспекцыі выехалі на месца і прымусілі гаспадароў зняць труп птушкі, а таксама правялі прафілактычную размову пра недапушчальнасць падобных дзеянняў у будучыні.

Такім чынам, чалавек, які павесіў труп вароны навідавоку ў мінакоў, не задумваючыся пра амаральнасць сваіх паводзінаў у дачыненні да прыхільнікаў жывёлаў і дзяцей, не атрымаў ніякага пакарання.

Згодна беларускаму заканадаству жорсткае абыходжанне з жывёламі разглядаецца як адміністрацыйнае правапарушэнне, за якое можна, згодна арт. 15.45 КоАП, атрымаць штраф ад 10 а 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Тады як у многіх еўрапейскіх краінах за жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжана крымінальная адказнасць, у прыватнасці ў нашых суседзяў Латвіі, Літве і Украіне. Так, у Латвіі за жорсткае абыходжанне з жывёламі вінаваты можа атрымаць тэрмін да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Да гэтага часу факты жорсткага абыходжання з жывёламі ў Гродне не былі даведзеныя да суда, паколькі для гэтага патрэбныя доказы: паказанні сведкаў здарэння або прызнанне віны чалавека, які ўчыніў здзек з жывёлы. Як правіла, людзі не жадаюць цягацца па такіх справах у суды, а таму сабраць доказы дастаткова складана. Да таго ж у выканаўчых органах да гэтага часу не ведаюць, хто павінен займацца складаннем пратаколаў і разглядаць справу: міліцыя, пракуратура ці іншыя структуры.

Сітуацыя па ўсёй Беларусі таксама несуцяшальная: зафіксаваныя адзінкавыя выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі. Найбольш шырокі рэзананс у грамадстве і ў СМІ выклікалі толькі дзве справы. Адна ў адносінах да мінчаніна, які жорстка забіў свайго дабермана, адрэзаўшы сабаку галаву. За гэта забойца атрымаў максімальнае, згодна арт. 15.45 КоАП, пакаранне - 15 сутак арышту. Другая гісторыя аб тым, як паляўнічыя адрэзалі дзюбы ў бакланаў.

Тады за гэтае злачынства супрацоўнік рыбгаспадаркі атрымаў штраф у 2,5 мільёны рублёў за жорсткае абыходжанне з жывёламі і 20 мільёнаў 760 тысяч за прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю.

Наша несуцяшальная сведка, не трапіўшы да ўчастковага інспектара, усё ж напісала электронны зварот у РАУС. Правёўшы праверку па факце, аддзел унутраных спраў адказаў:

“...высветлілася, што спадарыня Х павесіла мёртвую варону на шыбеніцу свайго прыдамавога ўчастка, якую знайшла ўжо мёртвай на дарозе і выкарыстоўвала яе для адпужвання іншых варонаў ​​у якасці пудзіла ... З гэтай спадарыняй была праведзена прафілактычная гутарка аб недапушчэнні ў далейшым вывешвання мёртвых птушак у выглядзе пудзілаў".

Ці сапраўды пудзіла мёртвай птушкі можа адпугнуць яе суродзічаў? За адказам на гэтае пытанне мы звярнуліся да арнітолага Зміцера Вінчэўскага:

- Я не думаю, што гэта рэальна дзейнічае, таму што вароны, сарокі, гракі адныя з самых разумных нашых птушак і калі непасрэднай небяспекі яны не адчуваюць ад нейкага аб’екта, у дадзеным выпадку пудзіла, то яны вельмі хутка адаптуюцца і перастаюць баяцца.

На жаль, выпадак жорсткага абыходжання з птушкай на Леванабярэжнай, дзе адсутнічае пакаранне, не першы ў нашым горадзе. Так, год таму ў раёне чыгуначнага вакзала знайшлі каля дзясятка мёртвых варонаў, якіх нехта застрэліў з пнеўматычнай зброі. Злачынцу так і не знайшлі і адміністрацыйную справу закрылі.

Згодна “Даведніку Зялёнага Дазору”, які месяц таму быў распрацаваны ўдзельнікамі “Зялёная сетка”, калі вы сталі сведкай жорсткага абыходжання з жывёламі:

  • Вызначце для сябе, што такое “жорсткае абыходжанне”.

  • Паспрабуйце спыніць катаванне жывёлы - пераканайце чалавека, які чыніць здзек з жывёлы, спыніць катаванне. Скажыце яму/ёй, што за такія дзеянні прадугледжваецца адміністрацыйная або крымінальная адказнасць.

  • Калі вінаваты не спыняе катавання, зафіксуйце гэта факт пры дапамозе фота-/відэакамеры. Запішыце імёны і прозвішчы сведкаў, вазьміце ў іх кантакты.

  • Калі жывёла загінула, атрымала калецтва, падвергнулася катаванню, звярніцеся да упаўнаважанай асобы мясцовага выканаўчага органа для складання пратакола. Пералік упаўнаважаных асобаў можна даведацца ў вашым выканкаме

  • Звярніцеся ў мясцовае аддзяленне міліцыі або пракуратуру з заявай па факце правапарушэння.

  • У заяве пералічыце вядомыя вам факты, папрасіце правесці праверку і ўзбудзіць у адносінах да вінаватага крымінальную справу па артыкуле “Хуліганства”.

  • Дадому браць труп жывёлы нельга - такія дзеянні могуць разглядацца як парушэнне санітарных правілаў. Труп можна перадаць у дзяржаўную ветэрынарную службу (ветэрынарную лякарню).

Інга Сакута

Фота Віталь Дзярнейка

Ранее по теме:

Комментарии читателей: