Подписаться! Лента новостей Зеленое движение

Кемперынг і караванінг у Беларусi

Размова з намеснiкам старшынi грамадскай арганізацыі “Таварыства караванераў і аўтатурыстаў” Мікалаем Дзянісманам
0 комментариев ecoidea.by
Продолжение темы:

Кемперынг і караванінг – віды аўтатурызма, якія не надта развітыя ў Беларусі, але вельмі папулярныя за мяжой. Маючы дом на колах, можна завітаць у самыя глухія месцы і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. У нас атрымалася паразмаўляць з чалавекам, які выпадкова пачаў так вандраваць, а зараз не можа ўявіць сваё жыццё без такіх вандровак і гатовы заўжды з імпэтам пра гэта распавядаць.

“Выпадкова мне дастаўся прычэп, неяк угаварыў сям’ю паехаць на Мінскае мора пераночыць, – узгадвае намеснік старшыні грамадскай арганізацыі “Таварыства караванераў і аўтатурыстаў”, адзін з заснавальнікаў гэтага руху ў Беларусі Мікалай Дзянісман. – З гэтае пары і паняслося…”

Цяпер вандроўкі Мікалая не залежаць ад надвор’я, броні жытла і размяшчэння гатэляў: “Мы не ездзім па аўтабанах, мы ездзім па маленькіх дарожках і глядзім, як жывуць людзі. Напрыклад, бачылі, як у Францыі на ферме вырошчваюць вустрыц. Ці пабачыце такое, калі будзеце жыць у гатэлі?”

Уласны дом на колах – гэта аўтакемпер, альбо караван. Аўтакемпер – аўто, у кузаве якога сапраўдная невялікая кватэрка. Караван – тое ж самае, але ўнутры прычэпа. Такі вандроўчы “агрэгат” каштуе нямала, але і выглядаць можа, як сапраўдная кватэра: ёсць электрычнасць, душ і нават, пры жаданні, можа быць басейн. Набыць караван, які ўжо не адзін год ездзіў, каштуе 5–10 тысяч даляраў, а добры аўтадом – ад 15 тысяч. Арэнда на суткі каштуе 50–70 еўра ў сезон, бліжэй да восені становіцца танней – каля 30 еўра. Негледзячы на гэта, Мікалай падлічыў, што такі самастойны адпачынак даволі бюджэтны, калі супаставіць выдаткі са звычайным адпачынкам па пуцёўцы.

У Беларусі пракату аўтадамоў пакуль не існуе. Напэўна, таму што кемперынг не надта распаўсюджаны: у беларускім клубе караванераў і аўтатурыстаў 78 экіпажаў, у той час як у Фінляндыі, што на палову меньшая за Беларусь, – 280 тысяч караванераў.

Адмысловых стаянак у Беларусі таксама пакуль мала, то бок з электрычнасцю, каб зарадзіць акумулятары аўтадома, з магчымасцю прыбраць змесціва прыбіральні і зліць брудную ваду. Іх усяго шэсць паблізу ад Мінска, яшчэ дзесяць абяцаюць запусціць у гэтым годзе. У Мінску ў перыяд чэмпіянату з’явіліся дзве, “на цвёрдую троечку”, як падаецца Мікалаю.

Адсутнасць стаянак цягне за сабою іншыя праблемы: вандраўнікі быццам бы могуць паркавацца паўсюль, некаторыя “забываюць”, што нельга раскладваць вогнішча ў лесе і гэтак далей. Каб разам вырашаць падобныя пытанні, вандроўнікі і стварылі сваё аб’яднанне. Яно дапамагае сябрам атрымоўваць візы, зніжкі на некаторыя паслугі, рамонт і запчасткі. Дарэчы, візу атрымаць экіпажу прасцей за звычайных кіроўцаў: напрыклад, французы адкрываюць на падставе тэхпашпарту і маршрутнага ліста.

Нашыя парады

Ці можна лічыць аўтатурызм экалагічным? Важна памятаць, што паўплываць на экалагічнасць могуць некаторыя змены ў паводзінах вандроўніка.

Так, экалагічны кемпер – гэта той, на якім перасоўваецца цэлая сям’я ці кампанія, а не адзін чалавек. Дом на колах – выбар больш экалагічны ў параўнанні з самалётам, але, безумоўна, горшы за ровар.

Трэба памятаць таксама, што перад тым, як набыць аўто, важна прасачыць, каб спажыванне паліва было мінімальнае, роўна як і мінімальна прымальнае спажыванне электрычнасці ўнутранымі сістэмамі.

На адмыслова абсталяванай стаянцы аўтадом пажадана падключаць да сеткі, а не браць энергію з акамулятараў. Брудную ваду варта зліваць ў ліўнёўку, а не на глебу. Кабіну, дзверы ў салон пажадана ўцяпліць.

Аўтадамам і кемперам нельга спыняцца бліжэй за 50 метраў ад вадаёмаў і забараняецца мыць аўто на прыродзе: рэшткі паліва, масла і дарожны пыл і іншыя шкодныя рэчыва могуць патрапіць у глебу і ваду.

Вандруючы самастойна не забывайце прыбіраць за сабой, не пакідайце смецце.

Ганна Валынец

Источник фото ecoidea.by

Ранее по теме:

Комментарии читателей: