Подписаться! Лента новостей Экознание

Экаадукацыя для дзяцей. Частка 2: кампутарныя гульні, фотаконкурсы, дзіцячыя самаробкі

Сёння мы раскажам пра месцы, дзе малодшая частка беларусаў можа пазнаёміцца з экалогіяй
0 комментариев
Продолжение темы:

“Экапраект “Партнёрства”: каб экалагічная адукацыя не была сумнай

Экаадукацыя для дзяцей – адзін з кірункаў працы “Экапраекта “Партнёрства”. Арганізацыя бярэ ўдзел у Школьным праекце выкарыстання рэсурсаў і энергіі (SPARE), праводзіць розныя конкурсы і мерапрыемствы, з дапамогай якiх імкнецца навучыць дзіцячую аўдыторыю ашчадліва ставіцца да прыродных рэсурсаў. Адзін з самых паспяховых у гэтым годзе - праект “Планета без адходаў”, спаборніцтва між больш чым 40 школамі ў зборы макулатуры, ПЭТ-бутэлек і батарэек.

Мы намагаемся зрабіць так, каб дзеці ведалі даты, - кажа Алеся Чумакова, прэс-сакратар “Экапартнёрства”. - Напрыклад, у гэтым годзе да Гадзіны зямлі ладзілі конкурс фота ў стылі фрызлайтынг. Мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з дзіцячымі выданнямі: “Пераходны ўзрост”, часопісы “Рюкзак” і “Рюкзачок”, газетай “Раніца” і іншымi”.

Зараз “Экапартнёрства” праводзіць адзін з самых маштабных конкурсаў - “Экаслоўнічак”. Кожныя паўтары месяцы патэнцыйным удзельнікам прапануецца намаляваць адзін з экалагічных тэрмінаў. Малюнкі прыходзяць з розных куткоў краіны, і лепшыя ўвойдуць у адмысловае выданне.

Экалагічны элемент ёсць у многіх школьных дысцыплінах, і нават праходзяць асобныя заняткі, але такая інфармацыя не заўсёды падаецца ў цікавай форме, - кажа Алеся. – А хацелася б, каб да экалагічнай адукацыі дзеці не ставіліся як да нечага сумнага і непатрэбнага”.

ЦЭР і SPARE: кампутарныя гульні пра энергетыку і дзіцячы фестываль

SPARE, ці ШПІРЭ - міжнародны праект, які ахоплівае амаль 20 розных краін і скіраваны найперш на школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў. Яго галоўныя тэмы – змяненне клімату, энерга- і рэсурсазберажэнне. Са ШПІРЭ актыўна супрацоўнічае Цэнтр экалагічных рашэнняў.

Школьнікі з малых гадоў мусяць разумець, чаму важна берагчы прыродныя рэсурсы і наваколле, ведаць пра інструменты, якія дапамагаюць гэта рабіць. І часцей за ўсё гэта нашыя звычкі”, - кажа Вольга Астаповіч, прэс-сакратар ЦЭР. - "Дзецям важна навучыцца самаму простаму: перакрыць у час кран з вадой, падзяліцца асадкай з тым, хто пакінуў яе дома."

Спецыялісты шукаюць новыя метады працы, і зараз у іх ёсць інтэрактыўная мабільная выстава – фургончык са стэндамі, дзе на свае вочы можна пабачыць, колькі энергіі трэба тэлевізару і пакруціць педалі, каб гарэла лямпачка.

Таксама ШПІРЭ ўвесь час праводзіць конкурсы даследчых прац па тэме энергазахавання і нават мае кампутарныя гульні, звязаныя з энергетыкай і экалогіяй – тое, што блізка сучасным дзецям. Мульцікі па гэтай жа тэме можна знайсці на youtube-канале ЦЭР.

Асобны ад ШПІРЭ праект, сураганізатарамi якого з'яўляюцца ЦЭР, “Экадом” і “Зялёная сетка” – дзіцячы двухдзённы фестываль, якi праходзе з 31 мая па 1 чэрвеня, i на якім дзеці маюць магчымасць маляваць, мацаць, слухаць і спазнаваць прыроду ва ўсіх яе выявах праз майстра-класы.

“Экадом”: экалагічны хэнд мэйд

Фестывалі накшталт згаданага пачаў рабіць “Экадом”. Паралельна з фестывалямi iснавалi экамайстрэні для дзяцей, і неўзабаве адно пачало дапаўняць другое.

На майстэрнях вядоўцы майстра-класаў паказваюць дзецям, што азначаюць звычайныя словы “Беражыце прыроду”, наколькі хутка і проста можна зрабіць бруднай ваду, як дробныя дзеянні кожнага ўплываюць на глабальнае. Дзеці вучацца па-новаму глядзець на старыя рэчы і даваць ім другое жыццё.

Паколькі 20-30 чалавек, якія звычайна бываюць на майстэрнях – гэта вельмі і вельмі мала, у “Экадоме” плануюць аформіць і выдаць свае напрацоўкі на паперы, каб імі маглі карыстацца ў школах і іншых месцах, дзе працуюць з дзецьмі.

Самую поўную і свежую інфармацыю пра майстэрні можна знайсці на старонцы ў фэйсбуку, а таксама на сайце арганізацыі. Амаль усе абвесткі перадрукоўвае “Зялёная сетка”.

Ганна Валынец

Крыница фота planeta.moy.su, alcalde.texasexes.org

Ранее по теме:

Комментарии читателей: