Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Персоны

Юля Каляда: калі размаўляеш па-беларуску, ты аўтаматычна малюеш на сабе мішэнь

Юля Каляда цалкам адпавядае вобразу, якім пужаюць сябе і сваіх дзетак ціхія прыстасаванцы ў навакольным асяроддзі
0 комментариев generation.by

Юля Каляда з Горадні цалкам адпавядае вобразу, якім пужаюць сябе і сваіх дзетак ціхія прыстасаванцы ў навакольным асяроддзі найноўшай беларускай гісторыі: змагарка са злом, выхаваная рамантычнымі кнігамі, якая змяніла цэлы шэраг розных прафесій і сфер у пошуках той, дзе не ашукваюць людзей. Перакананая вегетарыянка, якая жыве без алкаголю і кінула кар'еру ў падаткавай інспекцыі, відэаператарка, фатограф, эколаг, барменка, рэкламны агент, журналістка, прадзюсарка і актывістка веларуху — у серыі Generation.by «Кім я стану, калі вырасту».

Мы яшчэ мелі нахабнасць называцца адзіным афіцыйным фан-клубам N.R.M.

Нягледзячы на тое, што я не карэнная гарадзенка, я лічу сябе гарадзенкай і пакрыўджуся, калі нехта скажа, што гэта не так. Калі я прыехала ў Горадню (я жыла ў Наваградку, а нарадзілася ў Расіі), я пачала цікавіцца сучаснай беларускай музыкай. У тыя часы існавала «Музычная газета», і там былі абвесткі знаёмстваў з адрасамі, людзі перапісваліся, аб'ядноўваліся па любімых гуртах. У газеце было мала інфармацыі пра беларускія гурты і мне было крыўдна, жывём жа ў Беларусі. У мяне ўжо тады было памкненне аб'ядноўваць людзей. І я не прыдумала нічога лепей, як стварыць фан-клуб самага вядомага на той момант гурта — N.R.M. Мы яшчэ мелі нахабнасць называцца адзіным афіцыйным фан-клубам N.R.M. Не ведаю, колькі ў іх было «адзіных афіцыйных фан-клубаў», але нават ёсць запіс інтэрв'ю Лявона Вольскага, дзе ён заявіў, што ў іх ёсць фан-клуб, цэнтр якога ў Горадні. Выпускала таксама бюлетэнь «Вольны птах». Нешта шукала ў інтэрнэце, нешта сама пісала. З гэтага бюлетэня мяне сяброўка зацягнула ў Школу маладога журналіста.

Выключыце Каляду са спіса і праводзьце мерапрыемства

На сёлетняе адкрыццё веласезону мы падавалі ў гарвыканкам ад траіх заяву. Праз некалькі дзён нам сказалі, маўляў, арганізатарам масавага мерапрыемства не можа быць чалавек з адміністрацыйнай адказнасцю, таму вы выключыце Каляду са спіса і праводзьце мерапрыемства.

«Ну ўсё зразумела»

Летась я неяк ішла па горадзе, пачаўся дождж, я стала пад брылёк крамы і гляджу, што каля Аблвыканкама збіраюцца людзі. Паколькі ў гэтыя дні адбываўся Фестываль культур, то ў мяне была камера і я пачала здымаць гэты натоўп, які яшчэ нешта крычаў па-польску. Як я потым даведалася, гэта былі актывісты Саюза палякаў, якія выступалі супраць закрыцця польскай школы. Мяне тады затрымалі і асудзілі як актыўнага ўдзельніка. Сведкамі як заўжды былі міліцыянеры. Адвакат пахадайнічаў паглядзець міліцэйскае відэа, у якім я мільганула два разы: адзін, калі стаю насупраць натоўпу і гляджу ўніз, на відэа нават маёй камеры было не відаць і апошні, калі мяне вядуць. Суддзя сказала: «Ну ўсё зразумела», і ў выніку штраф быў два з паловай мільёна.

Сорамна так рабіць

Пяць гадоў таму я адмовілася цалкам ад алкаголю. Калісьці я ездзіла ў школу-інтэрнат для дзяцей з псіхафізічнымі ўхіламі. І большасць з іх былі дзеці алкаголікаў, ухілы псіхікі якіх з'яўляюцца наступствам алкагалізму бацькоў. Мне было няёмка ездзіць да дзяцей і распавядаць, што алкаголь і цыгарэты гэта дрэнна, а потым прыязджаць дадому і выпіваць бакал піва. Сорамна так рабіць. Адна з прычынаў таксама ў нежаданні ўвогуле падтрымліваць галіну, з-за якой гіне вельмі шмат людзей. І ўжо на той момант я разумела, што алкаголь шкодзіць актывізму. Калі ты хочаш быць актыўным, шмат усяго паспяваць рабіць, рабіць за двух, за пяцёх, то варта адмовіцца. Нават адзін бакал піва адбіваецца на працаздольнасці і не толькі на сёння, але яшчэ і на заўтра. Складана было не столькі адмовіцца ад алкаголю, колькі прыняць перамены, якія гэтая адмова выклікала. Вельмі моцна змянілася кола знаёмых і сяброў, не проста змянілася, яно на той час зусім знікла. Так атрымалася, што з тымі людзі, з якімі я тусіла, аб'ядноўваў акрамя нейкіх ідэй толькі алкаголь. І калі я пачала прапаноўваць прыходзіць да сябе не з півам і віном, а з гарбатай і печывам, людзі вельмі хутка адпалі. І гэта быў вельмі складаны момант.

Калі чалавек нешта лайкае, для яго гэта ўжо актывізм

Сацыяльнай актыўнасці ў грамадстве стала меней. Мне падаецца, моцна паўплываў інтэрнэт. Актывізм шэрагу людзей сцёкся ў інтэрнэт. Калі чалавек нешта лайкае ці каменціць, для яго гэта ўжо актыўнасць. Я не бачу, каб інтэрнэт неяк моцна дапамог. У час, калі яго не было размаўлялі і стасаваліся мы не меней чым цяпер. Не было мабільных тэлефонаў, скайпаў, але гэта не замінала нам падтрымліваць цесныя кантакты, вандраваць, знаёміцца і мяняцца інфармацыяй. У мяне такая невялікая настальгія, бо яно было неяк глыбей. Калі чалавек увязваўся ў перапіску, то ішоў да канца. Гэта ж не проста напісаў і націснуў «даслаць», а трэба было ісці на пошту, купляць капэрты, маркі, а каб падзяліцца інфармацыяй, трэба было яе спачатку адксерыць. І хоць інфармацыя стала больш даступнай, выпадковы чалавек на вуліцы часта не ведае нічога ні аб жыцці горада, ні якія мерапрыемствы адбываюцца, ні якія арганізацыі ёсць.

Школа, іспыты — жахлівы сон

Школу ўзгадваюць некаторыя з сентыментальнасцю, я ўзгадваю з жахам, гэта для мяне было нейкім катаваннем, пеклам. Бывае сніш вайну ці катастрофу, і гэта не так страшна, бо ты быццам глядзіш трылер. А для мяне самае жахлівае, калі я сню школу, урокі, іспыты, калі ў мяне нешта пытаюць ці выклікаюць да дошкі. Цяпер адпрацаваўшы некалькі год у сістэме нефармальнай адукацыі, я разумею, чаму так адбылося, і мне яшчэ болей шкада і сябе і астатніх. Мала выкладчыкаў, якія сапраўды захапляюцца сваім прадметам і якія могуць захапіць ім дзяцей. Ва ўніверсітэце быў адзін выкладчык, ягоны прадмет мне быў зусім нецікавы, але я хадзіла на яго лекцыі, каб паслухаць, як ён распавядае.

Усе ведаем, чаго хочам, але не ўсе ведаюць, кім хочуць быць

У маёй сям'і шмат эканамістаў, яны ж і выбралі прафесію для мяне. Пасля 9 класа мяне канешне спыталі, але што можа сказаць 14-гадовы падлетак на пытанне, кім ён хоча быць. Мы ўсе ведаем і ў 14 і ў 20, чаго мы хочам, але кім мы хочам быць, мы можам не ведаць нават у 30.

Прыйшлося давучыцца ў «нархозе»

Скончыла гандлёвы каледж, потым пайшла на завочны ў «нархоз». На трэцім курсе я хацела сысці, бо ў мяне не было ніякай моцы трываць эканоміку. Я намылілася ва Універсітэт Культуры паступаць. Хацела вучыцца на менэджэра сацыяльна-культурнай сферы. Але так выйшла, што прыйшлося давучыцца ў «нархозе».

Бухгальтарка, прадавачка, рэкламны агент, барменка

Адпрацавала тры гады бухгалтарам у дзяржаўнай установе. Я сышла і сказала, што не буду працаваць больш ні бухгалтаркай, ні ў дзяржаўнай сферы. З тых часоў прайшло 10 гадоў і з той пары я была рэкламным агентам, прадавачкай-кансультантам, нават стаяла на фэйс-кантролі ў падпольных клубах, потым у мяне была свая рэкламная агенцыя. Калі ў дзяржаўнай сферы я не хацела працаваць па адных прычынах, то ў бізнесе я не магла працаваць па іншых. Каб працаваць у камерцыі, трэба грошы вельмі любіць і іх зарабляць, але для мяне гэта не самае галоўнае, для мяне важней вынік і справа, якой я займаюся. І важна, каб там быў аспект дапамогі людзям. Прынамсі ў адной з рэкламных фірм, дзе я працавала, людзей ашуквалі. Я паспела яшчэ папрацаваць у дзіцячым летніку, потым мяне занесла ў Варшаву барменкай.

Як так, што тут нічога няма

Калі я прыехала з Польшчы, я была здзіўленая вельмі, як так можна нічога не рабіць, як так, што тут нічога няма. Так мы вырашылі зрабіць кінаклуб, мы не былі арыгінальным кінаклубам, таму паказвалі артхаўз. Потым я пачала прасоўваць дакументальнае кіно, сацыяльнае, экалагічнае. Там я сустрэла дзяўчыну, якая круціла поі, а гэта была мая даўняя мара. Мы пачалі займацца фаершоў, выступалі на карпаратывах, святах.

Змагарка са злом

Калі мяне пыталі ў дзяцінстве, кім я хачу быць, я адказвала, што хачу быць героем «Зоркавых воінаў». Я мела на ўвазе, што буду ваеннай, бо нагледзелася фільмаў кшталту «Зоркавых войнаў» і розных ваенных фільмаў, хацелася быць змагаром са злом. Ці то мне траплялі такія кнігі, ці то бацькі мне іх падсоўвалі, што пасля іх мне ўжо захацелася быць міліцыянтам. Але потым неяк расхацела, калі падрасла ці мо, калі патрапіла першы раз у міліцыю. У 15 год я з ахвотай хадзіла на дыскатэкі, «каменданцкі» час для падлеткаў быў і тады. Аднойчы пасля 23 вечара прайшла аблава і нас павезлі ў міліцыю, пратрымалі некаторы час, пужалі штрафамі. Потым адпусцілі, але ж мы пайшлі не дадому, а на спатканне (на дыскатэцы пазнаёміліся са старэйшымі хлопцамі і яны нас дачакаліся з міліцыі). Мы раматычна шпацыравалі шпацыравалі па горадзе, а бацькі ў гэты час месца сабе не знаходзілі, паўсюль нас шукалі.

Я сваім знешнім выглядам знеслаўляю годнасць падатковай інспекцыі

Калі працавала пасля каледжа ў падатковай інспекцыі, у той жа час неяк патрапіла ў такую анарха-панк-тусоўку. Удзень у мяне адно жыццё, увечары іншае. Аднойчы мяне пабачылі, калі мы куплялі піва. На наступны дзень выклікаў кадравік і пачаў чытаць мараль, што я сваім знешнім выглядам знеслаўляю годнасць падатковай інспекцыі. Ясна, што такое мяне абсалютна не кранула, я ўвогуле тады не зразумела, якая каму справа на маё асабістае жыццё пасля працы.

Камеры ў руках не трымала, але выбару асаблівага ў мяне не было

Усе мае працы вялі да новай працы, я знаёмілася з кімсьці і яны мяне запрашалі ісці працаваць. Аднойчы запрасілі працаваць прадавачкай-кансультантам у краме фота-відэа-тэхнікі, а я на той момант камеры ў руках не трымала, але выбару асаблівага ў мяне не было. Два месяцы я вывучала, што такое пікселі, зумы розныя. Там я і навучылася здымаць. Мае кансультацыі людзям так падабаліся, што аднойчы прынеслі цэлы кілаграм зефіра ў шакаладзе, хоць той хлопец і купіў камеру танней у іншым месцы, але ён прыйшоў падзякаваць за кансультацыю. Такое не заўсёды падабалася працадаўцу, бо я магла пераканаць людзей не купляць дарагую тэхніку. Праз два гады я пачала працаваць відэааператаркай.

«Срубите меня — я дерево»

Магчыма мой актывізм праявіўся ўпершыню ў той момант, калі пачалі руйнаваць Гродна. Я неяк ехала на працу і пабачыла, што вырубаюць сквер, гэта была апошняя кропля. Сабрала людзей на флэшмоб, але на яго прыехала больш міліцыі, чым удзельнікаў. Мы выйшлі з таблічкамі «Срубите меня — я дерево». На мне былі прышытыя лісцікі, міліцыянты адразу падышлі да мяне. Кагосьці затрымалі. Адзін хлопец прыйшоў з бензапілой «Дружба», дык за ім там увогуле пагоню ўчынілі. На жаль гэта не ўратавала сквер.

Палякі — такія гарачыя хлопцы

Людзі ў нас ветлівыя і мілыя. Гэта засталося і спадзяюся нікуды не знікне. У той жа час няма рашучасці. Калі параўноўваць, напрыклад, з палякамі. Для мяне палякі — такія гарачыя хлопцы і дзяўчаты, якім у галаву думка прыйшла і яны адразу паляцелі нешта рабіць. Гэта можа і не віна саміх людзей. Проста час, ды й шмат іншых фактараў. Людзей развучылі быць ініцыятыўнымі, быць смелымі. Чыноўнікі ўжо самі разумеюць, што з безыніцыятыўнымі людзьмі далёка не з'едзеш.

Як цяпер усе лінкамі дзеляцца, мы кідалі флаеры ў капэрты

Я яшчэ застала такі цудоўны час без інтэрнэту, перапісваліся з капэртамі, маркі налеплівалі. Прыходзіш дадому — а цябе ўжо пяць лістоў чакае, сядаеш, чытаеш, адказваеш. Як цяпер усе лінкамі дзеляцца, мы кідалі флаеры ў капэрты і дасылалі. Такім чынам адбываўся абмен інфармацыяй, таксама выразкі з газет і часопісаў дасылалі. Асобная тэма: маркі налепваць. Капэрты рабілі з аркушоў, якія можна было з працы сцягнуць, а вось маркі можна было свечкай памазаць ці скотчам заклеіць і калі на пошце ставілі штамп, ён потым лёгка адціраўся і можна было марку выкарыстоўваць некалькі разоў.

Гэта была мая апошняя каўбаска

Вегетарыянкай я стала ўжо больш за 10 год таму. Сама ідэя ўзнікала даўно, яшчэ падлеткам. У бабулі была хатняя гаспадарка. Яшчэ тады мяне вельмі здзіўляла, як можна гадаваць жывёлу, даваць ёй імя, чухаць за вушкам, а потым раптам узяць і парэзаць. Пры тым яшчэ я бачыла, як бабуля пускае слязу, а праз некаторы час ўжо чысціць яе кішкі і пералівае кроў. А пасля ўся сям'я сядзіць і есць гэта. Потым мне неяк падсунулі часопіс, у якім быў артыкул пра колькасць забітых жывёл, і што на гэтыя грошы можна было б накарміць тысячы галодных. Памятаю ў гэты час, пакуль чытала, я ела паляўнічую каўбаску і гэта была мая апошняя каўбаска, я нават не памятаю, ці даела я яе тады.

Дзіцёнак — гэта не сродак сябезабаўлення ў старасці

Я вельмі станоўча стаўлюся да сям'і, але яе ў мяне пакуль няма, бо магчыма я занадта адказна да гэтага стаўлюся. Я не хачу ствараць сям'ю, каб развесціся праз год ці тры. Можа я ў дзяцінстве кніжак перачытала рамантычных, але мне хочацца, каб ствараць сям'ю, дык назаўсёды. Мне вельмі хочацца і дзяцей, я гатовая іх нараджаць і выхоўваць. Але дзіцёнак — гэта не сродак сябезабаўлення ў старасці, гэта перш за ўсё вынік кахання і вельмі канкрэтнай сувязі двух людзей.

Калі размаўляеш па-беларуску, ты аўтаматычна малюеш на сабе мішэнь

Размаўляю па-беларуску вельмі рэдка. Магчыма таму, што я нарадзілася і жыла ў Расіі. Мне прасцей даносіць свае ідэі па-руску, да таго ж, трэба ўлічыць сферу дзейнасці, якая падобная на барыкады. А калі ты яшчэ пры гэтым пачынаеш размаўляць па-беларуску, ты проста аўтаматычна малюеш на сабе мішэнь, у якую прасцей страляць, умоўна кажучы.

Нават калі я сыду ў сям'ю, гэта не будзе азначаць, што я супакоілася. Неспакойнай будзе мая сям'я

Чалавек павінен развівацца ўсё свядомае жыццё. Мне бы не хацелася думаць пра «вырасці» як пра нешта, што ўжо адбылося. Я расту, расту і развіваюся, іду далей. Нават калі я сыду ў сям'ю, гэта не будзе азначаць, што я супакоілася. Неспакойнай будзе мая сям'я. Двор, дзіцячы садок, паліклініка — яшчэ шмат месцаў для «добраўпарадкавання». Я дапускаю, што аднойчы магу з'ехаць на вёску. Я вось прасіла хутар на дзень народзінаў, але ніхто не падарыў. Але пакуль я займаюся грамадскай дзейнасцю, я буду жыць у горадзе, бо тут асноўная маса людзей, на якіх накіраваная мая дзейнасць. Калі я захачу на вёсцы развіваць актывізм, то мне прыйдзецца станавіцца старшынёй сельсавета. А кім яшчэ? :) Падумала яшчэ, што змагла бы быць у будучыні настаўніцай у сельскай школе.

Тусавацца ўсе хочуць: крыкні — усе пабягуць

Актыўных людзей стала меней. Не проста тых, хто хоча патусавацца, тусавацца ўсе хочуць: крыкні — усе пабягуць. Стала меней менавіта завадатараў, якія гатовы нешта зрабіць. Нячаста з'яўляюцца новыя людзі, а старыя ўжо з'ехалі. Напэўна нешта мусіць змяніцца, і я раблю стаўку на тых, хто зараз сканчае школу. Мы ўвесь час параўноўваем, як зараз, як было раней. Гэтыя 10 гадоў — прорва. Інтэрнэт, мабільныя, здымачы, камеры — усё з'явілася на нашых вачах. А тыя, каму зараз па 17 гадоў, для іх гэта ўсё натуральна. Можа яны прыдумаюць, як усё тут выправіць.

Фота: Юля Сакалоўская

Комментарии читателей: