Подписаться! Лента новостей Экознание Школа экологического активиста

Школа Экалагічнага Актывіста: кузня экалагічна адказнага жыцця

Твары і словы вучняў ШЭА, між якіх не так папулярныя смартфоны і знойдзецца месца для фасолі, якую клічуць Рыгор
0 комментариев
Продолжение темы:

Тут збіраюцца людзі, здольныя завесці фасоль Рыгора дома, кактуса Вову ў офісе і прымусіць калег вітацца з ім. Некаторыя не так даўно змянілі siemens c65 на смартфон, а іншыя і не збіраюцца карыстацца вялікімі экранамі.

Гэта Школа экалагічнага актывіста - месца мазгавога штурму для людзей, якія б хацелі зрабіць карыснае для экалогіі.

У першы дзень першага этапу апынаешся сярод студэнтаў і людзей наўрадці старэй за 30 год. Якіх ужо год сябры “Зялёнай сеткі” і іншыя трэнеры навучаюць вызначаць свой экаслед (а вы ведаеце, што для вашага ладу жыцця адной планеты мала?), расказваюць пра грамадства спажывання (што спажывецтва з’явілася ў амерыканскай эканоміцы ў 50-я гады як мэта, а запланаванае састарванне рэчаў як сродак?) і шмат-шмат іншага.

Нашыя экалагічныя правы зафіксаваныя ў артыкуле 46 Канстытуцыі і дзяржаўныя органы павінныя тлумачыць, што яны будуюць пад нашымі вокнамі, больш за тое – яны павінныя раіцца з намі, бо калісьці Беларусь падпісала Орхускую канвенцыю. А самыя настойлівыя могуць далучыцца да клуба экаюрыстаў – непрыбытковая галіна права, у якой кожны можа сказаць сваё слова і быць першым.

Тут змешваюць пасту з грэчкай, каб паказаць наглядна вадапровад, і разгульваюць бананавыя магнаты падчас ролевай гульні - дзеляць разам з турыстычнай і сельскагаспадарчай кампаніяй запаведныя землі Коста-Рыкі. Вечарам – вогнішча, мафія і кіно амерыканкі Анні Леанард (Anne Leonard): аказваецца, 51% найвялікшых эканомік свету – не дзяржавы, а карпарацыі, якія праз гэта маюць магутныя лобі.

Не заўсёды гэта новае для тых, хто ўжо ўсвядоміў сябе занепакоеным планетай, але новыя кантакты, дробязі і факты, якімі праз стасункі абрастае агульнае, новыя людзі і думкі, якія з’яўляюцца на ШЭА падчас працы ў камандзе: праект па правядзенню экакарпаратываў, экамайстр-класы для дзетак і іншыя ідэі, ужо ўвасобленыя ў жыццё і тыя, якія чакаюць сваёй чаргі.

Менавіта тут можна пабачыць, якім будзе нашае грамадства праз год пяць: за сталамі палова вегетарыянцаў, а пяць год таму іх было не сустрэць. Гэтыя людзі ведаюць, як здаваць макулатуру, што такое “Отдам даром” і чаму вопратка second hand карысней за новую.

Адсюль забяру веды, натхненне і шмат-шмат думак. Буду памяншаць свой экаслед, расказваць сваім сябрам пра гэта – галоўнае, каб не сказалі: “Таня, ты нам пратрындзела ўсе вушы!” У маім асяродку экалогія ўсім абыякавая, і мне было важна трапіць да аднадумцаў. Раней я адчувала сябе белай варонай”, - расказвае ўдзельніца школы Таня Чубарава, студэнтка.

Калісьці на працу я прынёс вялікі-вялікі кактус і сказаў: “Гэта Вова!” Я змушаю ўсіх вітацца з ім.. і ўсе вітаюцца! А ведаеце, мне было важна адчуць, што я не адзін такі і пабачыць гэтых людзей, якія больш трапятліва, чым я, ставяцца да экалогіі… пабачыць, як загараюцца вочы ад ідэі “хамячкі ў коле – зарадка для мабільніка, - дзеліцца Ігар Іваноў. - І наступны раз я падумаю і зраблю лішнія 10 крокаў да сметніцы”.

Ганна Валынец

Фота аўтара, Вольга Каскевіч

Ранее по теме:

Комментарии читателей: