Подписаться! Лента новостей Техносфера АЭС

Электрычнасць не патаннее пасля пабудовы АЭС

Антыядзершчыкі аб тым, як 2 мільярды даляраў пераўтвараюцца ў 30 і адкуль эканамічная катастрофа.
0 комментариев
Продолжение темы:

Закрытая АЭС

Паскораныя тэмпы будаўніцтва Астравецкай АЭС актыўна абмяркоўваюцца зараз у дзяржаўнай прэсе, але што на самой справе адбываецца за агароджай станцыі, даведацца цяжка.

У нас былі спробы з групай маладых эколагаў наведаць Інфармацыйны цэнтр АЭС, і нам не дазволілі гэтага зрабіць”, - расказвае Таццяна Новікава, актывістка Беларускай антыядзернай кампаніі, пра спробу візіта мінулым летам.

Але і інфармацыі з афіцыйных крыніц досыць, каб занепакоіць неабыякавых. На выставе “Атамбудэкспа”-2014 у Мінску Міхаіл Міхадзюк, намеснік міністра энергетыкі, афіцыйна прызнаў, што ідуць працы, якія тычацца бетанавання катлавану другога энергаблоку, і ў той жа час сказаў, што ліцэнзіі і праекта для будоўлі энергаблокаў яшчэ няма.

Атамшчыкі апраўдваюць парушэнні тым, што нібы зараз адбываецца не будоўля, а падрыхтоўчыя працы, - тлумачыць Таццяна. - Але працы, якія ніжэй за нулявую адзнаку – працы па будоўлі падмурка – адносяцца да будоўлі будынку і не могуць весціся без праекту”.

АЭС - цвік у труну эканомікі

Таксама на афіцыйным узроўні кіраўнік дзяржавы, пераконваючы, што АЭС дабро, абяцае змяншэнне тарыфаў на электраэнергію. Але Таццяна лічыць, што гэта не можа быць праўдай:

Гэта непрыкрыты падман беларускіх грамадзянаў. Эканаміст Леанід Злотнікаў казаў, што будаўніцтва будзе апошнім цвіком унакрыўку труны беларускай эканомікі”.

Насамрэч будаўніцтва АЭС стане краіне не ў 2 мільярды даляраў, аб якіх ішла гаворка ў 2009 годзе, а нашмат больш, бо з’явяцца дадатковыя выдаткі.

Гэта плата за вываз і так званую перапрацоўку адходаў – паводле эксперта Уладзіміра Слівяка (са-старшыня міжнароднай групы “Экозащита!” (Москва)) і іншых, за 60 год эксплуатацыі прыкладна ў памеры кошту самой АЭС. Вакол будучай станцыі не прамзона, а азёры і прыродныя запаведнікі, таму неабходна правядзенне ліній электраперадач і яе абслугоўванне.

Для гэтага трэба браць яшчэ адзін крэдыт. Яго плануецца ўзяць у Кітая. Апроч таго, трэба пабудаваць дадатковыя рэзервовыя магутнасці – электрастанцыю: газавую, мазутную ці любую іншую”, - кажа Таццяна.

Другая станцыя мусіць забяспечваць энергасістэму электрычнасцю падчас перазагрузкі паліва і любых (па-за) планавых спыненняў на АЭС, так як такая велізарная магутнасць не можа проста выпасці з энергасістэмы.

Да таго ж Таццяна звяртае ўвагу, што АЭС будуецца па праекце, па якім раней не будавалі станцый. Яна не такая ж, як у Кітаі – той праект папярэднічаў АЭС-2006. А на ЛАЭС у Расіі, аналагічнай нашай, падчас будоўлі разваліліся металаканструкцыі кантаймента.

Трэба ўлічваць, што кошт будоўлі новых АЭС павялічваецца ў працэсе будаўніцтва. У Фінляндыі ён вырас удвая ў параўнанні з заяўленым”, - нагадвае Таццяна.

У нас жа ў 2009 годзе, калі было прынята палітычнае рашэнне пра будаўніцтва, то агучвалася сума ў 2 мільярды даляраў, з 2011 зараз гаворка аб 10-ці.

Калі кошт за 4 гады вырас ў 5 разоў, то за наступныя 4 вырасце мінімум у два. То бок 30 мільярдаў нам трэба закладаць [знешняя запазычанасць РБ складае 39,1 млрд даляраў – аўт.]. А іх закладанне ў бюджэт будзе поўным крахам беларускай эканомікі, бо такой крэдытнай нагрузкі мы не зможам выцягнуць. Таму нават зараз павялічваюцца тарыфы на электраэнергію. На выхадзе - дарагая энергія, неканкурэнтаздольная прадукцыя і затаварванне складаў. Магчыма, на мясцовасці будаўніцтва АЭС з’явяцца новыя крамы, школы ды іншых дробныя аб’екты. Але за гэтымі маленькімі паляпшеннямі прыйдзе эканамічная катастрофа”, - дадае Таццяна.

“Другая АЭС – толькі дэкларацыя аб тым, як мы любім Расію”

Наконт таго, ці магчымая ў Беларусі пабудова другой АЭС ці дадатковых рэактараў на Астравецкай, Таццяна выказваецца адназначна:

Мне падаецца, гэта дэкларацыя аб тым, як мы любім Расію і як гатовыя падставіць пад любыя яе бяздумныя ідэі сваю тэрыторыю і народ”.

У сітуацыі, калі беларускі ўрад адмаўляецца ад перамоваў, Таццяна як актывістка Беларускай антыядзернай кампаніі бачыць патрэбным размаўляць з тымі, хто да перамоваў гатовы.

У дадзеным выпадку – на суб’екты міжнароднага права. Беларусь, калісьці падпісаўшы Орхускую канвенцыю і канвенцыю ЭСПА, зараз парушае іх, ажыццяўляючы будоўлю. У гэтым годзе па канвенцыях будуць прынятыя рашэнні і Беларусі дадзеныя рэкамендацыі.

Калі Беларусь праігнаруе гэтыя рашэнні, паказаўшы абыякавасць да таго, што падпісала экалагічныя канвенцыі, то мы ў праве чакаць міжнароднай рэакцыі. Наколькі сур’ёзнай – не ведаю. Але гэта той працэс, на які можна ўплываць”, - падсумоўвае Таццяна.

Ганна Валынец

Ранее по теме:

Комментарии читателей: