Подписаться! Лента новостей Техносфера Лесное хозяйство

Некранутыя балоты Ельні: заказнік, які танчыць пад нагамі

Балота, дзе небяспечна тушыць пажары, вольная пачуваюцца зверы і амаль не ходзяць людзі.
0 комментариев
Продолжение темы:

Там, дзе банга танчыць пад нагамі

Край лютых камароў і непраходных балотаў знаходзіцца на поўначы нашай краіны – Ельня, неасвоенае балота ў 25,3 тысячы гектараў. Гэта гідралагічны заказнік рэспубліканскага і міжнароднага значэння, так званая рамсаарская тэрыторыя, якая мае істотнае значэнне для вадаплаваючых і каляводных птушак.

Заказнік месціцца ў Віцебскай вобласці, у Міёрскім і Шаркаўшчынкім раёнах.

З балотаў Ельні выцякае тры ракі і не ўпадае ніводнай. На гэтай тэрыторыі ёсць больш за 100 азёраў, і ўсе яны – рэшткі аднаго вялікага возера, якое колісь тут было.

Тут, дзе ў апошнюю вайну фашысты распраўляліся з мясцовымі жыхарамі, можна пазнаёміцца тварам да пысы з маленькай казуляй, калі заўважыш яе побач у высокай траве і калі не баішся набраць вады ў боты, без якіх ніяк, ці хадзіць па зыбуну, што танчыць пад нагамі.

Балота не трывае мітусні. Яно ставіць чалавека на месца, робячы гэта прыгожа і магутна. І справа не ў тым, што на кожным кроку можна патануць ці загінуць. Каб патануць, трэба пастарацца, усё ж верхавое балота. Але калі ты тут, а навокал у 8-10 кіламетрах нікога, няма адкуль чакаць дапамогі”, - распавядае адзін з гасцей заказніка.

Найлепшыя журавіны і мініяцюрныя сосны

Балота – гэта імхі навокал, рэдкія сілуэты дрэваў і белы-белы дыван квітнеючай пушыцы альпійскай. На блякла-зяленых купінах у чэрвені шчодра рассыпаная і мінулагоднія журавіны і ўжо зацвітае новая – дробныя, з фіялетавым адлівам яе кветачкі. Месцічы журавіны збіраюць тонамі, і гэта асноўная крыніца прыбытку ў многіх. Яны ўпэўныя, што іх журавіны – самыя смачныя на ўсёй Беларусі.

Вельмі прыгожая Ельня ў траўні, калі квітнее багульнік – белая-белая, а двухсотгадовыя сосны могуць быць вышынёй усяго з чалавека.

Вада балотных азёраў

На торфе зверху расце зазвычай зялёны мох-сфагнум, захоўвае вільгаць. Калі прыбраць гэты мох, то торф мінералізуецца, і чалавек атрымлівае вялізных памераў парахавую бочку. Сфагнум - моцным антысептыкам, таму вада з балотных азёр цёмная, але чыстая, пітная. Праўда, напіцца ёй цяжка – амаль без солі, і мясцовы акунь чысціцца так жа лёгка, як і платва.

3 000 шэрых жураўлёў

На гэтым балоце ёсць 192 віды судзінкавых і 134 віды травяністых раслінаў, 50 відаў лішайнікаў і 24 – імхоў, з іх вельмі шмат чырвонакніжных. На азёрах толькі паспявай пералічваць птушак - чайка шызая і чайка серабрыстая, чубатая чэрнядзь, гаршнэп, краншнэп, кулікі і чыркі… Ёсць нават птушка, якая ўвогуле не ўмее хадзіць, толькі лётае - чарназобая гагара. Увосень, перад адлётам, тут збіраецца па 2-3 тысячаў жураўлёў, часам бывае да 7 000.

Фота 3

Гледзячы на Ельню, нельга не дзівіцца – такую біяразнастайнасць, такія, навукова кажучы, біятопы, характэрныя, да слова, для тундры (нездарма, апроч традыцыйных брусніц і журавін тут расце яшчэ і марошка), наўрадці дзе пабачыш”, - кажа дырэктар заказніка Пётр Багалей.

Пажар і млыны з мінулага стагоддзя

Тым не менш роўна на гэтых унікальных біятопах бываюць і пажары – на адным з участкаў і ў 2002, і ў 2006 годзе, пасля чаго засталося багата абгарэлых дрэваў навокал. Імаверна, ад нейкай выпадковай запалкі, якая ўвогуле і не прычына, а так, наступства. Такія пажары тушыць небяспечна – выбухаюць снарады, што засталіся пасля Другой сусветнай вайны.

Тут у трыццатыя гады праз усё балота праклалі канал, які злучыў усе тагачасныя азёры і ліў ваду на шматлікія млыны. Млынаў тых даўно няма, а канал застаўся і выпампоўвае штосекунду з балота да 200 літраў вады. Колькі яе сышло за столькі год, складана падлічыць, а тое, што ўзровень балот панізіўся, заўважна. Адгэтуль і пажары на падсохлых імхах.

Зараз у Ельні на грошы Еўразвяза і ААН, а таксама сіламі валанцёраў будуюцца плаціны, якія дапамогуць аднавіць гідралагічны рэжым. Балота ажыве, знікнуць верас, зязюлін лён і бярозкі, якім тут зусім не месца.

Ганна Валынец паводле партала tut.by

Крыніца фота bezbolot.net, tut.by

Ранее по теме:

Комментарии читателей: