Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Персоны

Класік, якога мы мала ведаем: чаму Іван Ілліч важны для экалагістаў

Аўтара перакладу кніг Івана Ілліча, Уладзімір Валодзін, падзяліўся сваімі думкамі і захапленнямі ад твораў мысляра.
0 комментариев
Продолжение темы:

Упершыню я пабачыў імя Івана Ілліча і яго твор "Энергія і справядлівасць" гадоў гэтак дванаццаць таму на інтэрнэт-старонцы Сусветнай сеткі за свабоду ад аўтамабіляў. Сеткай гэтай я зацікавіўся як актыўны раварыст, які жадаў прапагандаваць экалагічны транспарт. Выявілася, што Іван Ілліч, які тады быў яшчэ жывы, - адзін з асноўных тэарэтыкаў руху за свабоду ад аўтамабіляў, а ягоны невялікі твор абавязковы для прачытання кожным змагаром з засіллем бляшаных скрынак на дарогах і ў дварах. Я адразу ж паспрабаваў перакласці "Энергію і справядлівасць". Не выйшла. Маёй школьнай ангельскай не хапала для разумення адмысловай мовы Ілліча. Але жыццё прымусіла падцягнуць узровень ангельскай, і праз дзесяць год пераклад атрымалася зрабіць.

"Энергія і справядлівасць" трапіла ў кнігу па-беларуску, якая складаецца з двух твораў Ілліча. Другі твор - "Прылады для таварыскасці".

Іван Ілліч (1926-2002) - чалавек незвычайнага лёсу, касмапаліт і паліглот. Ён нарадзіўся ў Вене, бацька ягоны быў харватам, а маці - габрэйкай. Ужо ў часы Другой сусветнай вайны ён вымушаны быў з'ехаць з роднага горада з-за пераследу з боку нацыстаў (яго выключылі са школы). Яго чакалі Італія, Нямеччына (натуральна, пасля вайны), ЗША, Мексіка. Гэта краіны сталага жыхарства, а вандроўкі заводзілі мысляра і ў Іран, і ў Бразілію. Ён быў каталіцкім святаром, якому забаранілі выкананне святарскіх абавязкаў; кіраўніком незалежнага навучальна-даследчага цэнтра, які ЦРУ падазравала ў "падрыўной дзейнасці"; і шанаваным універсітэцкім прафесарам. Ён пісаў па-ангельску, па-нямецку і па-іспанску на самыя розныя тэмы, але большасць яго кніг аб'ядноўвае адна ідэя. Гэтыя кнігі - "эпілог індустрыйнаму веку". Ілліч занадта востра бачыў несправядлівасці і скрыўленні мадэрнізаванага свету і марыў пра яго гуманізацыю і па-свойму зразуметую постмадэрнасць. Яго кнігі шырока перакладаліся і публікаваліся ў розных краінах, каб толькі ў XXI стагоддзі трапіць да беларускага чытача. Што ж, лепей позна, чым ніколі.

У "Энергіі і справядлівасці" (1974) Ілліч паказвае на прыкладзе транспарту, дзе праходзіць тая мяжа, за якой сацыяльныя наступствы выкарыстання энергіі становяцца непрыймальнымі. Ён сцвярджае што прыкрыя сацыяльныя наступствы паскарэння можна заўважыць значна раней, чым створаныя ім экалагічныя праблемы.

Мастак Кен Эвідар тлумачыць думкі Ілліча ў коміксе "Раздаўлены Біл" ("Roadkill Bill")

Іван Ілліч лічыць аптымальнай хуткасцю 15 міль у гадзіну - хуткасць ровара. Вышэйшыя хуткасці, па вялікім рахунку, вядуць у нікуды. Транспартныя сродкі, паводле Ілліча, павінны былі б захоўваць якасці чалавека на сваіх дваіх і "дадаваць нейкія новыя, напрыклад, магчымасць пераадольваць большыя адлегласці, эканомію часу, камфорт і большыя магчымасці для інвалідаў. Але адбылося не гэта. Замест таго, рост транспартнай індустрыі паўсюль меў адваротныя эфекты. З моманту, калі яе машыны маглі прапанаваць больш за пэўную колькасць конскіх сіл любому асобнаму пасажыру, гэтая індустрыя знізіла справядлівасць паміж людзьмі, звяла іх мабільнасць да сістэмы індустрыйна вызначаных маршрутаў і стварыла беспрэцэдэнтна востры недахоп часу. Калі хуткасць іх транспартных сродкаў перасягае пэўны парог, грамадзяне становяцца спажыўцамі транспартнага руху ў штодзённай пятлі, якая прыводзіць іх назад дадому".

Мастак Кен Эвідар тлумачыць думкі Ілліча ў коміксе "Раздаўлены Біл" ("Roadkill Bill")

У Мінску пачатку ХХ стагоддзя рабочы ішоў пешшу прыкладна гадзіну ад свайго дому ў Козыраве да завода на Ляхаўцы. У сённяшняй беларускай сталіцы людзі затрачваюць прыкладна гэтулькі ж, каб даехаць да месцаў працы грамадскім транспартам (гэта калі месца працы ў вас не за кальцавой дарогай). Нягледзячы на вялізныя затраты, аніякай эканоміі ў часе не адбылося. Наадварот, людзі сталі нявольнікамі адлегласцяў, якія яны не могуць пераадолець самастойна, але мусяць пераадольваць на працягу дня.

"Час, які грамадства затрачвае на транспартны рух, расце прапарцыйна хуткасці яго найхутчэйшага транспартнага сродку".

Ілліч уводзіць паняцце радыкальнай манаполіі. Радыкальная манаполія - гэта здольнасць індустрыі ствараць патрэбу (ці змяняць да непазнавальнасці натуральную патрэбу чалавека), якую толькі яна і можа задаволіць. Вы можаце выбраць паміж метро, аўтобусам, маршруткай і аўтамабілем, але не можаце ісці пешшу (бо гэта задоўга і задалёка), ані ехаць роварам (бо на праезнай частцы вас аштрафуюць, а па айчынных ходніках ездзіць, ізноў жа, задоўга). У Лос-Анджэлесе да нядаўняга часу манаполія была нашмат больш радыкальнай: грамадскага транспарту там не было як такога. Без аўтамабіля ў гэты горад не варта было і трапляць. Палову плошчы гораду займала аўтамабільная інфраструктура.

Калі аптымальная хуткасць - 15 міль у гадзіну, дык максімальную хуткасць у транспартнай сістэме Ілліч прапаноўвае ўсталяваць на ўзроўні, скажам, 25 міль у гадзіну. Такая хуткасць дазволіла б праехаць вакол света не за 80 дзён, а меней чым за 40. Заўважым: Ілліч не выпісвае рэцэпты і не прэтэндуе на ўніверсальнасць. Ён лічыць, што рашэнне пра хуткасць, арганізацыю руху і тэхналогіі мусіць быць палітычным рашэннем кожнай тэрытарыяльнай супольнасці. Але верхні парог хуткасці варта шукаць менавіта ў гэтым надзіва нізкім дыяпазоне.

Праца "Прылады для таварыскасці" (1973) - больш ранняя і прысвечана больш агульнай праблематыцы. У ёй, каб паказаць аптымальны ўзровень выкарыстання энергіі (спажывання), Ілліч прыводзіць прыклады не толькі з транспарту, але і з медыцыны, адукацыі, будаўніцтва ды іншых галін. Ён прыходзіць да высновы, што гэтакі аптымальны ўзровень знаходзіцца значна ніжэй за спажыванне ў ЗША і Заходняй Еўропе, затое заўважна вышэй за спажыванне ў краінах глабальнага Поўдню (гаворка ідзе пра 1970-я гады). І справа не толькі ў колькасці, вельмі важная якасць і даступнасць для ўсіх (а некаторыя тэхналогіі a priori элітарныя і адначасова не забяспечваюць высокую якасць жыцця).

Ілліча можна назваць экалагісцкім аўтарам, але з абавязковым удакладненнем: сацыяльна-экалагісцкім. У "Прыладах для таварыскасці" ён піша, што індустрыя і цяперашнія тэхналогіі ствараюць небяспеку вымірання чалавецтва, іншымі словамі - наяўны экалагічны крызіс і верагодную экалагічную катастрофу. Але гэта толькі адна з пагроз, створаных прыладамі. Ілліч папярэджвае: экалагічны крызіс можна развязаць і аблудным шляхам, пад лозунгам "панацэя ад хібных тэхналогій - яшчэ болей тэхналогій".

Заўважу, што Ілліч далёкі ад прымітывізму. Ён не выступае ані за сляпое прыняцце ўсіх тэхналогій, ані за сляпое іх адкіданне. Ён прапаноўвае цвяроза ўзважваць наступствы выкарыстання розных тэхналогій, каб потым прымаць палітычнае рашэнне, ці выкарыстоўваць тую ці іншую тэхналогію, і калі так, дык у якіх маштабах. Прытым палітычнае рашэнне, паводле Ілліча, мусіць прымацца не экспертамі, а ўсімі грамадзянамі.

За якія менавіта тэхналогіі выступае Ілліч, можна прачытаць у кнізе, але ў цэлым іх можна сцісла назваць low-tech.

Кнігу "Энергія і справядлівасць; Прылады для таварыскасці" па-беларуску можна набыць у "Акадэмкнізе" ці кнігарні "ЛогвінаЎ" або спампаваць.

Уладзімір Валодзін, перакладчык кнігі

Ранее по теме:

Комментарии читателей: