Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Мероприятия

Барацьба са спажывецтвам і прапаганда ровараў

4 красавіка ў Мінску прэзентавалі першую кнігу Івана Ілліча па-беларуску.
0 комментариев
Продолжение темы:

Мысляр Іван Ілліч родам з Вены, а прозвішча яго - харвацкае. Хаця яшчэ ў 1970-я гады ён атрымаў сусветную вядомасць, а кнігі яго разышліся шматмільённымі тыражамі на розных мовах, у нашай краіне ён амаль невядомы. Творы Івана Ілліча перакладзены на беларускую мову ўпершыню. Прэзентацыя кнігі "Энергія і справядлівасць; Прылады для таварыскасці" сабрала разам прыхільнікаў экалагізму і аматараў сацыяльнай філасофіі.

Распачалася гутарка з абмеркавання першага з уключаных у кнігу твораў: "Энергія і справядлівасць". Джон Росмэн, дырэктар мясцовага фонда "Экалагічны транспарт" (Мінск), распавёў пра сваё ўспрыняцце спадчыны Івана Ілліча. Калісьці Джон, як і Іван Ілліч у пэўны перыяд свайго жыцця, жыў у Нью-Ёрку. Там, на радзіме, Джон і стаў удзельнікам антыаўтамабільнага руху. Рух гэты мае на ўвазе далёка не толькі адмаўленне. Станоўчай праграмай ёсць: грамадскі транспарт, ровары, пешая хада, зялёныя зоны і дзіцячыя пляцоўкі на месцы колішніх парковак. Іван Ілліч быў і застаецца для антыаўтамабільнага руху "сваім" інтэлектуалам, а яго памфлет "Энергія і справядлівасць" - настольнай кнігай. У гэтым адносна кароткім (40 старонак) памфлеце Ілліч пераканаўча даводзіць, што ровар, а не аўтамабіль ці самалёт, - найдасканалейшы транспартны сродак і вяршыня інжынернай думкі. Джон прадэманстраваў кніжку коміксаў Кена Эвідора "Пераеханы Біл" ("Roadkill Bill") - вядомы прыклад антыаўтамабільнай сатыры. Плёнам фантазіі мастака, сярод іншага, стаў названы ў гонар мысляра горад Іллічвіль (натуральна, вольны ад аўтамабіляў).

Далей абмеркаванне перайшло на другую змешчаную ў кнізе працу - "Прылады для таварыскасці". Таццяна Чыжова, даследчыца ў галіне філасофіі і сацыяльных навук, адзначыла, што ўпершыню інстытут "Палітычная сфера" спрычыніўся да выдання не паліталагічнага ці гістарычнага, а па сацыяльнай філасофіі. "Прылады для таварыскасці" прысвечаныя пошуку аптымальнага для сацыяльнага прагрэсу ўзроўню тэхналогіі. У кнізе разглядаюцца прыклады са сфер адукацыі, медыцыны, будаўніцтва і розных іншых. Таццяне бракавала ў кнізе аналізу эканамічных першапрычын звышвытворчасці і звышспажывання, але шматбаковая і глыбокая крытыка Іллічам індустрыйнага грамадства прыйшлася даспадобы.

Журналістка і перакладчыца Аляксандра Баравікова звярнула ўвагу прысутных на тое, што перакладзенымі творамі спадчына Івана Ілліча не вычэрпваецца. Яна прыгадала знакамітую працу "Расшкольванне грамадства", з якой для многіх пачалося знаёмства з ідэямі Ілліуча. Таксама Аляксандра прыгадала лекцыю "У пекла з добрымі намерамі", прачытаную Іллічам валанцёрам са Злучаных Штатаў, якія накіроўваліся ў Лацінскую Амерыку. Гэтая лекцыя - яскравы прыклад барацьбы з неакаланіялізмам.

Для тых, хто не трапіў на прэзентацыю і таму не атрымаў папяровы асобнік кнігі, застаецца магчымасць спампаваць электронны варыянт.

Уладзімір Валодзін

Ранее по теме:

Комментарии читателей: