Сухая трава – незаменная частка кампосту
Вясной не абавязкова і нават шкодна прыбіраць участак ад сухіх галін і травы - гэтае смецце насамрэч каштоўнейшы рэсурс, незаменны для якаснага кампосту.
Такі кампост складаецца з кухонных рэштак, навозу (пажадана так званага стойлавага навозу селяніна), і гэтага сухога смецця – яны неабходныя, каб утвараліся правільныя супольнасці мікраарганізмаў.
Да карыснага сухога смецця нельга адносіць хворых рэштак раслін – іх неабходна паліць: галінкі маліны, якія адпладаносілі, муміфікаваныя плады, нехарактэрныя пупышкі з кустоўя ягадніка – там можа жыць ягадны клешч, здольны знішчыць куст.
Чым менш перакопваецца агарод, тым лепш
Зрабіць з глебы сапраўдную экасістэму, у якой расліна будзе мець добры імунітэт і максімальна абараняць сябе, можна з дапамогай якаснага кампосту, альбо прэпаратаў накшталт “Байкал”, “Тамір” – лепш, чым нічога.
Глебу добра пакрыць пластом для мульчыравання, а гарод пажадана перакопваць толькі ў тэхналагічна неабходных выпадках – пасадка і прыборка ўраджаю. Глеба злежваецца пасля зімы таму, што яе перакапалі ўвосень, а мікраарганізмы з глыбіннага слою праз перакопванне гінуць.
“Мы ж ведаем, што такое дызбактэрыёз у чалавека. Нашыя градкі на лецішчы, дзе ўсё чыста, можна параўнаць з чалавекам пад капельніцай”, - разважае Вольга Шчыглінская, адмыслоўца па арганічнай сельскай гаспадарцы з установы “Аграэкакультура”.
Гароднікі шукаюць “таблетку” ад шкоднікаў
Праблема любога, хто карыстаецца хіміяй на сваім гародзе, паводле Вольгі, нават не ў пестыцыдах – хаця не без яе.
Праблема ў тым, што гароднікі шукаюць “таблетку” ад шкоднікаў, не задаючыся пытаннем, чаму ў няправільным, недагледажным лесе такая таблетка не трэба, там няма шкоднікаў і павальна хворых раслін.
“Таму што ў прыроде на любога шкодніка ёсць свой ядок. Дзе шмат тлі, там банкет у божых каровак”, - адказвае Вольга і распавядае, як пакінула на некалькі тыдняў у парніку садавіну, а пасля знайшла яе паедзеную тлёй, але з лічынкамі божай кароўкі. Яна рассадзіла іх не толькі па парніку, але і па кустах і яблынах. У гэтым годзе Вольга разлічвае, што праблемы з тлёй не будзе.
Як пасяліць у сябе натуральных абаронцаў раслін
Каб падтрымліваць раўнавагу шкоднікаў і іх натуральных ворагаў, трэба, каб побач з гародам быў натуральны асяродак іх жыцця.
“Насенне дзікаросаў, якія квітнеюць усё лета, можна сабраць на лузе; можна ствараць месцы для гняздоўя птушак у далёкіх, глухаватых частках саду; у кучах сухога галля можа пасяліцца вожык, а ў вільготных месцах - земляная жаба. Гэта так званыя буферныя плошчы, дзе будуць жыць прыродныя абаронцы раслін”.
Не мае сэнсу прымяняць біяпрэпараты, калі ўсе спяць
Прафілактычныя апрацоўкі варта пачынаць, калі прачынаюцца ворагі і споры – пры ўстойлівай тэмпературы 5-12 градусаў напрацягу 10 дзён. Не мае сэнсу прымяняць біяпрэпараты, калі ўсе спяць.
Да біяпрэпаратаў для барацьбы з глыбкамі і пратраўлівання насення (фунгіцыдаў) адносяцца фітаспарыд (сістэмны, варта карыстаць для прафілактыкі), з больш моцных – камаір і алерын (у выпадку захворвання раслінаў); дытоксібацылін (інсектыцыд). У крамах гэтыя прэпараты ёсць, і іх магло б быць больш пры наяўнасці попыту. Цэлую лінейку прэпаратаў выпускае беларускі Інстытут мікрабіялогіі.
Прадукт “з вёскі” можна апынуцца больш шкодным, чым з крамы
Шкода пестыцыдаў часткова і ў тым, што людзі, не валодаючы адмысловымі ведамі, прымяняюць іх у сумесях, у якіх прэпараты не раскладаюцца.
“Сёння вялікая частка прадукцыі, што вырошчваецца на прысядзібных гаспадарках, трапляе на рынкі, і гараджане аддаюць ёй перавагу ў надзеі, што яна больш чыстая. А насамрэч гэты прадукт часта можа апынуцца больш шкодным”, - зазначае Вольга.
Шточацьвер установа “Аграэкакультура” праводзіць кансультацыі для ўсіх жадаючых.
Ганна Валынец
Крыніца фота lib-rarium.blogspot.com, bigpicture.com.ua, www.7dach.ru