Подписаться! Лента новостей Климат Изменение климата

Лепш быць беларусам, чым філіпінцам: пра змену клімата ў нас і ва ўсім свеце

Змены клімату ў Беларусі не такія катастрафічныя як у выспавых краінах, але нельга рабіць выгляд, што нас яны не тычацца
0 комментариев
Продолжение темы:

Сёння, 31 сакавіка ў Якагаме, Японія міждзяржаўная група экспертаў па змяненні клімата (IPCC-Intergovernmental Panel on Climate Change) зацвердзіла даклад аб наступствах змянення клімата ў розных частках свету і рассказала, што рабіць, пакуль самае горшае не стала рэчаіснасцю.

Не ўсё так вясёлкава і для нас, але, прынамсі, нам не давядзецца ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі перасяляцца ў месцы, дзе дамы не змывае ў акіян. Затапленне як вынік уздыму ўзроўню сусветнага акіяна пагражае выспавым краінам, якія, па дадзеных даклада, з’яўляюцца самымі ўразлівымі да змены клімата. Жыхарам пагражае рост беднаты, нястача вады і ежы, выпадкі сацыяльнай небяспекі. Усё гэта адбываецца там ужо цяпер, мы далёка, і здаецца, быццам нас гэта не тычыцца.

У Беларусі змена клімату стала асабліва заўважнай у апошнія гады. Мяккія зімы, ранняя вясна, па-летняму цёплы верасень. У гэтым годзе беларусы не паспелі нагуляцца ў снежкі, накатацца на лыжах. Мінулагодні “Хаўер”, які здзівіў нас у сярэдзіне сакавіка, прынамсі, таксама з’яўляецца сведчаннем, што нам хутка прыдзецца забыцца пра нашу ўмеранную кантынентальнасць.

Галоўная праблема менавіта ў небяспечных гідраметэаралагічных з’явах, - каментуе даклад Аляксей Какорын, каардынатар праграмы па змене клімату Сусветнага фонда дзікай прыроды (WWF). - Чакаюцца больш “рэзкія” ападкі у выглядзе асобных залеў і снегападаў, больш моцных павадкаў і навальніц, штармавых вятроў, зменаў надвор’я ў выглядзе шэрагу вельмі халодных і вельмі цёплых перыядаў. Перыядычнасць анамальных тэмператур і ападкаў звычайна разлічваюць для з’яў, якія ў канцы 20-га стагоддзя здараліся раз у 20 гадоў. Разлікі паказываюць, што на поўначы Еўразіі да 2050 г. перыядычнасць узрасце у 2-4 разы, а да 2100 г. – у 3-5 разоў.Прыкладам, анамальна моцныя павадкі ці “хвалі спякоты”, што здараліся раз у 20 гадоў, будуць кожныя 4-6 гадоў”.

Па дадзеных справаздачы Росгідраметцэнтра за 2013г., які правёў разлік таксама і для нашай тэррыторыі, у сярэднім па Беларусі гадавая анамалія тэмпературы паветра склала +1,16◦С. Вельмі цёпла было летам (+1,93◦С), і асабліва ўвосень (+1,86◦С). Акрамя таго, назіраецца дэфіцыт ападкаў.

Апроч небяспечных гідраметэаралагічных з’яў, нам варта чакаць пранікнення на нашу тэррыторыю новых біялагічных відаў, у тым ліку атрутных насякомых, якія могуць несці інфекцыйныя хваробы, а таксама шкоднікаў раслін, якім нязручна было жыць тут раней з-за больш халоднага клімату. Прыкладам, ужо заўважана, што кляшчы – прычына інфекцыйных захворванняў жывёл і чалавека, у тым ліку кляшчовага энцэфаліту, мігравалі да больш высокіх шырот, а гэта азначае іх распаўсюджванне і ў Беларусі. У той жа час жывёлам, якія доўгі час жылі тут у камфорце і дабрабыце, давядзецца змяніць месцы рассялення і сезонныя звычкі.

Узровень Балтыйскага мора ўздымаецца разам з усім сусветным акіянам. Па ацэнках IPCC, у Польшчы ад затаплення імаверна могуць пакутаваць больш за 240 000 жыхароў. Нам жа гэта пагражае, прынамсі, нястачай у забеспячэнні марскімі рэсурсамі. Зрушэнне сезонаў, пацяпленне, узрост рызыкі засух і павадкаў прывядуць да зніжэння прадуктыўнасці сельскай гаспадаркі. Лясы, якімі мы ганарымся, робяцца больш схільнымі да захворванняў ад мяккіх зім і змяншэння снежнага покрыва, што спрыяе распаўсюджанню некаторых відаў цвілі.

І ўсё ж, сцэнар не такі апакаліптычны, як здаецца. Працэс пацяплення – незваротны, гэта факт, улічваючы таксама натуральныя цыклы вагання тэмператур. Але, як заяўляе IPCC, пры ўмове хуткіх дзеянняў з боку дзяржаў для зніжэння аб’ёмаў выкідаў парніковых газаў у атмасферу, мы можам максімальна зменшыць эфект ад чалавечай дзейнасці, што дазволіць нам пазбегнуць горшых прагнозаў, да якіх мы рухаемся сёння.

Цяпер неабходна засяродзіцца на неадкладных і аператыўных дзеяннях з боку ўрадаў, якія былі б накіраваны на папярэджанне горшых наступстваў змянення клімату і пераходзе да выкарыстання поўнасцю чыстай, узнаўляльнай энергіі” (5-ы ацэначны даклад, Другая працоўная група, IPCC).

Наша грамадства не падрыхтавана да змены клімату. Як толькі недзе ў свеце здараецца прыродны катаклізм, усе сістэмы жыццезабеспячэння перастаюць функцыянаваць: няма вады і ежы, ратавальнікі не могуць даехаць, не хапае тэхнічных магчымасцяў, пагроза жыццям застаецца нават тады, калі мінае прыродная небяспека. Таму эксперты IPCC звяртаюць асобую ўвагу на неабходнасць мер адаптацыі насельніцтва і дзяржаў да ўмоваў клімату, які мяняецца. Грамадская супольнасць павінна, у першую чаргу, ведаць аб гэтых рызыках, добра інфармаванае грамадства заўсёды цягне да неабходных зменаў.

Выхады існуюць, і мае сэнс распачынаць актыўныя дзеянні, бо яны прынясуць карысць супольнасцям, эканамічнаму і экалагічнаму асяроддзю, у якім гэтыя супольнасці жывуць” (5-ы аценкавы даклад, Другая працоўная група, IPCC).

Вераніка Рэут

Ранее по теме:

Комментарии читателей: