Подписаться! Лента новостей Техносфера Лесное хозяйство

Нацыянальны парк “Прыпяцкі”: землі сакральнага Палесся

Гісторыя амаль паўвекавой нерушы, гаспадарчая дейнасць на запаведных тэрыторыях і будучыня Парка ў імя нашчадкаў.
0 комментариев
Продолжение темы:

Запаведнае міжрэчча

Месца, дзе ў людзей свае адметныя гаворка і характар, край птушак і тых самых беларускіх балот, рэчкі ад якіх цякуць праз Прыпяць і Днепр да самага Чорнага мора – Палессе. У забалочанай нізіне, міжрэччы Сцвігі, Уборці і Прыпяці, знаходзіцца Прыпяцкі нацыянальны парк.

Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе захаваліся некранутымі тыповыя палескія мясціны з дзюнамі, катлавінамі і лагчынамі, дзе ёсць больш як 30 азёр і буйнейшыя прыродныя балоты ў Еўропе. Самыя вялікія з іх – Званец (150 кв. км) і Дзіко (80 кв. км). Частка балотаў – каля 15% - бязлесная, нібы з адвечных паданняў.

“Стаіш на ўзгорку, а перад табой - балота да гарызонту”

Тут на лугі прыходзіць на нераст рыба, бо ўвесну большасць іх (да 80%) залівае вада. Поймавыя дубровы, старажытныя і рэдкія, унікальныя для ўсёй Усходне-Еўрапейскай раўніны, ахоўваюцца ў Еўропе, унесеныя ў Дырэктыву аб месцапражываннях і Бернскую канвенцыю, якую нядаўна падпісала Беларусь.

Тут на адлегласці рукі можа прабягаць казуля, на сухіх дрэвах жывуць кажаны, совы і іншыя драпежныя птушкі, а ў непраходных дубравах, якія часта топіць вясной, хаваецца рысь.

Гэта ўражвае… Вялікія дрэвы вакол, на градах у паўднёвай частцы леса. Узыйдзеш на граду - сасняк з зялёным мохам, альбо сухі, лішайнікавы. Стаіш на ўзгорку, пад сонцам а перад табой - верхавое балота да гарызонта! Гэта трэба бачыць”, - кажа Інэса Балоціна, біёлаг.

Кажаны ля Прыпяці

У “Прыпяцкім” навукоўцы дагэтуль знаходзяць віды раслін і жывёл, новыя для гэтай мясцовасці. А ў 2012 годзе, калі ўдакладнялі інфармацыю для атласа млекакормячых, раптам знайшлі новы від кажаноў – еўрапейскую шыракавушку. Кажана знайшлі ў дупле адной з самых старых сосен. Лічыцца, што еўрапейская шыракавушка жыве значна далей на захад.

У Хлупінскай дубраве ў 2011 годзе знайшлі пяць чырвонакніжных відаў лішайнікаў.

1996: запаведнік робіцца нацыянальным паркам

Гісторыя нацыянальнага парку Прыпяцкі пачалася ў 1969 годзе – тады гэтая частка Палесся была абвешчаная дзяржаўным запаведнікам, а 2 кастрычніка 1996 года загадам прэзідэнта гэтая тэрыторыя змяніла статус на нацыянальны парк, і да яе далучылі новыя тэрыторыі поймавай часткі Прыпяці.

Нацыянальны парк мае міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі, то бок мае вялізнае значэння як для захавання птушак агулам, так і для некаторых іх відаў у прыватнасці.

Дзесьці траціна тэрыторыі мае статус цалкам запаведнай (35.4 %), каля паловы – зоны рэгуляванага выкарыстання (52.2 %) і 11.7 % тэрыторыі – гаспадарчая зона. Агульная плошча – больш за 85 тысячаў гектараў.

Гаспадарчую дзейнасць ад нацыянальнага парка варта аддзяліць

Занаванне ў існуючым выглядзе, на думку Інэсы, нясе пагрозу, і рэзонна было б, каб тэрыторыі, на якіх праводзіцца гаспадарчая дзейнасць, адміністратыўна былі аддзеленыя ад нацыянальнага парка:

На землях, што прылягаюць да поймы Прыпяці, вырошчваюць прапашныя культуры і ўносяць угнаенні і ядахімікаты. Там няма ніякіх элементаў экалагізацыі. Я ўжо маўчу пра ЭЛПГ Ляскавічы і пра пілацэх, вядомы сваім дубовым паркетам…”.

А пакуль мэнэджэры нацпарку сумяшчаюць у сабе гаспадарчыя і ахоўныя функцыі, а гэта адмоўна ўплывае на запаведныя тэрыторыі.

“Каб агульная плошча запаведнай зоны не змянілася, да яе далучылі кінутую меліяратыўную сістэму”

І нашмат крытычней за ўгнаенні дзіўны працэс – у парку рэгулярна перамяшчаюцца межы запаведнай зоны, а заканадаўства не дае забароны на гэта.

З 2005 году некалькі кварталаў поймавых дубраваў было выведзена з запаведнай зоны.

А ў 2012 годзе было ўзаконенае новае занаванне, згодна якому поймавая дубрава - культавае месца для навукоўцаў, дзе дагэтуль знаходзяць новыя віды для гэтай тэрыторыі - апынулася па-за запаведнай зонай, і там можна рабіць санітарныя высечкі.

Каб агульная плошча запаведнай зоны не змянілася, да яе далучылі кінутую меліяратыўную сістэму з боку Лельчыцкага раёну. Так зусім страчваеца сэнс запаведнасці”, - лічыць Інэса.

Запаведныя высечкі дубраваў і веснавыя паляванні

Патрэбу ў высечках дубраваў, у тым ліку санітарных, тут спісваюць на наступствы ад змены гідрарэжыму. І працягваюць будаваць у лесе дарогі, якія перакрываюць натуральныя вадасцёкі і правакуюць новыя змены гідрарэжыму.

І слова ў бок веснавога палявання на птушак: як пішуць на сайце АПБ, “прыярытэтам адміністрацыі парка тут абраная не іх ахова, а развіццё веснавога палявання”.

Даказана, што на папуляцыі птушак уплывае веснавое паляванне, але ні слова не гучыць аб тым, што яго варта забараніць”, - падцвярджае Інэса.

“Лясны кодэкс нельга прымаць у такім выглядзе…”

Узвязку з сітуацыяй у парку на пытанне пра Лясны кодэкс Інэса адрэагавала адназначна:

Я лічу, што яго нельга прымаць у такім выглядзе, як прапануецца, таму што ў нас нават са старым столькі паспелі знішчыць… Калі прапановы, якія крытыкавалі Ігар Куталоўскі і Аляксандр Сыкала, пройдуць, то мы можам пазбавіцца лясоў. Іх экалагічная ўстойлівасць ужо і так падарваная”.

Ганна Валынец

Ранее по теме:

Комментарии читателей: