Подписаться! Лента новостей Техносфера Лесное хозяйство

Белавежская пушча: ад часоў Ягайлы - да поўнай запаведнасці

Паляванні князёў, асушэнне і аднаўленне балот, прызнанне ЮНЭСКА і будучыня Пушчы пасля прыняцця паправак у Лясны кодэкс.
0 комментариев
Продолжение темы:

Гладкая дарога ў запаведны лес

Калі асфальт гладкай дарога раптам прывядзе да сцяны цёмна-зялёнага леса, вы апынецеся ў зусім іншым свеце – у свеце 500 зуброў і дубоў, якім ужо каля паў века, трохсотгадовых сосен, елак і ясеняў. Белавежская пушча – невялікая захаваная частачка стражытнага лесу, які колісь рос ад Балтыйскага мора і да самога Буга.

Пушча пачала ахоўвацца аж з 1409 году, калі Ягайла вырашыў, што паляваць там можа толькі ён ды яго брат Вітаўт. Іронія ў тым, што аберагалі яе для паляванняў, каб больш было зуброў. Палююць у Нацыянальным парку і зараз, але мала і гэта досыць дорага.

70% Белавежскай пушчы – запаведны лес (ад 2012 г., калі запаведная тэрыторыя павялічылася). 3,4% - прырода, якую не кранала рука чалавека, абсалютна запаведная тэрыторыя, прызнаная аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Нацыянальны парк займае амаль 153 гектары, і яшчэ каля 60 гектараў знаходзіцца на польскай тэрыторыі.

62 віды раслінаў, што растуць на тэрыторыі Белавежскай пушчы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Самыя рэдкія - скальны дуб і белая піхта – абсалютныя релікты. Там жа жыве больш за 10 тысяч відаў жывёл, у тым ліку 64 віды птушак, якія таксама пад аховай Чырвонай кнігі.

Экс-партыйны лясны рай прымае турыстаў

Белавежа – апошні вялікі лес Еўропы. Яна бачыла і ВКЛ, і Рэч Паспалітую, роўна як і Напалеона cа Сталіным. Ва ўсе часы была вельмі палітызаваным аб’ектам. Там праводзілі элітарныя паляванні, і там жа ў паляўнічай рэзідэнцыі ў 1991 годзе Ельцын, Шушкевіч і Краўчук паклалі канец СССР.

Да сярэдзіны 90х гадоў турысту, каб праехаць праз пушчу, трэба быў дазвол дырэктара, а каб паночыць – згода з боку Кіравання справамі Савета Міністраў. А былы яе навуковы супрацоўнік аж 8 месяцаў афармляў паперы, каб уладкавацца туды на працу напачатку 90х гадоў.

Магчыма, так было, бо на адным ускрайку пушчы месціўся вузел сувязі краін Варшаўскай дамовы, на іншым – камандны пункт АУС. У адным толькі Пружанскім раёне было 32 вайсковыя часткі: і стратэгічныя войскі, і нават аэрадром.

Сёння ў Белавежскую пушчу уваход адкрыты для ўсіх, і за 9 год (да 2012) яе наведала больш за 800 тысяч турыстаў. А Беларусь зарабіла на іх у 2013 годзе каля 31 мільярда беларускіх рублёў (каля 3,2 мільёнаў даляраў ЗША).

Асушэнне, узнаўленне і гандаль балотамі

Самы стары і адметны з лясоў на Беларусі і Польшчы мае і свае праблемы. Як, напрыклад, некаторыя нюансы захавання самай старажытнай часткі лясоў (тыя 3,4%), ці колішняе безгаспадарчае стаўленне да пушчы і наступствы меліярацыі, праведзенай у савецкія часы.

Праз савецкую меліярацыю узровень грунтовых водаў тут знізіўся на 0,5 – 1,5 метра. І цяпер тут праводзяцца працы па аднаўленню асушаных балот і дробных рэчак. Гэтым займаюцца як грамадская арганізацыя “Ахова птушак бацькаўшчыны” пры падтрымцы Фонда "Coca-cola" і Каралеўскага таварыства аховы птушак (Англія), так і Інстытут эксперыментальнай батанікі, і сам Нацыянальны парк.

Ёсць у пушчы і шмат балотаў, якія не трапілі пад меліярацыю. У дзевяностыя ў яе склад ўвайшло набытае “АПБ” балота Дзікае, якому каля 6 тысяч гадоў (тэрыторыя Свіслацага і Пружанскага раёнаў; 21,7 тысячы гектараў). Менавіта гэтае балота забяспечвае лясы пушчы вадой.

“Ніхто не дасць гарантый, што заўтра не прыйдзе чарговы Бамбіза са сваім валюнарызмам”

Што тычна безгаспадарчасці, то зараз сітуацыя выправілася ў параўнанні з тым, што адбывалася, напрыклад, у 2007 годзе і раней. А сёння будучыню пушчы часткова вызначае Лясны кодэкс, папраўкі ў які могуць быць унесеныя неўзабаве. Паводле экспертаў, каштоўныя лясы могуць трапіць у складаную сітуацыю.

Георгій Казулька, кандыдат біялагічных навук і эксперт па лясной сертыфікацыі FSC, даў каментар датычна таго, як ён бачыць сітуацыю Пушчы ў будучыні, калі папраўкі ў Кодэкс будуць прынятыя.

“У адносінах суцэльных санітарных высечак “у пушчы ніколі не было праблемаў, за выняткам невялікага перыяду “бамбізма”. Ды й тое ён не далі іх весці””, - кажа Георгій.

Больш яго непакоіць зніжэнне ступені ахоўнасці асабліва ахоўваемых тэрыторый і іншых зон.

“Тут ёсць пэўная пагроза. Сёння там строгі рэжым па абмежаванню высечак, а ў адпаведнасці са зменамі у Лясным кодэксе, гэты рэжым паніжаецца і рашэнне ўжо будуць прымаць мэнэджэры – тыя, хто плануе высечкі. А гэта ўжо суб’ектыўны фактар”, – удакладняе эксперт. – Я так разумею, гэта спроба зрабіць больш гнуткай сістэму магчымага павелічэння планаў высечкі драўніны. Таму што задача атрымання большага фінансавага прыбытку ў краіне пастаўленая.”

І таму на першым плане, на думку Георгія, рызыка, звязаная з сістэмай кіравання і падбора кадраў.

“Ніхто сёння не дасць гарантый, не прапісана ні ў якім заканадаўстве, што заўтра ў Белавежскую пушчу не прыйдзе чарговы Бамбіза са сваім валюнарызмам”, – дадае Георгій.

Ганна Валынец спецыяльна для Беларускага Зялёнага Партала па матэрыялах 90s.by npbp.brest.by, bp21.org.by, ggcbs.gomel.by

Ранее по теме:

Комментарии читателей: