Подписаться! Лента новостей Экошок Техно-катастрофы

Хірасіма – дэманстрацыя сілы і чалавечай безразважнасці

Роўна 68 год таму чалавецтва ўпершыню прымяніла ядзерную зброю ў баявых мэтах.
12 комментариев
Продолжение темы:

Раніцай 6 жніўня 1945 года амерыканскі бамбардзіроўшчык В-29 “Enola Gay” пад камандаваннем палкоўніка Пола Ціббетса падняўся ў паветра са смяротным грузам на борце – атамнай бомбай вагой у 4000 кг пад мілай і бяскрыўднай назвай “Little Boy”. А 8 раніцы бомба была скінута над японскім горадам Хірасіма з вышыні 9 400 м і правяла ў свабодным палёце 45 секунд, разарваўшыся на вышыні 600 м над паверхняй.

Першае паспяховае выпрабаванне атамнай зброі было праведзена на палегоне ў штаце Нью-Мексіка менш, чым за месяц да трагічнай падзеі. 25 ліпеня Трумэн адобрыў загад, у якім гаворка вялася пра тое, што пачынаючы з 3 жніўня неабходна прыступіць да бамбардзіроўкі наступных японскіх гарадоў: Хірасіма, Какура, Ніігата ці Нагасакі. Затым урадамі ЗША, Велікабрытаніі і Кітая была падпісана Пастдамская дэкларацыя, дзе акрэсліваліся патрабаванні да безумоўнай капітуляцыі Японіі, дарэчы, пра бомбу ў дэкларацыі не было ні слова.У сваю чаргу, японскі ўрад вырашыў ігнараваць падобныя ўльтыматумы.

Насельніцтва горада Хірасімы перад вайной складала 340 000 чалавек, што рабіла яго 7 па велічыні горадам Японіі. Аднак, дзякуючы сістэмнай эвакуацыі па загаду ўрада, насельніцтва горада скарацілася і на час атакі складала каля 245 000 чалавек. Выбух, эквівалентам ад 13 да 18 кілатон траціла, літаральна змятаў усё на сваім шляху, зрываў з людзей скуру і спапяляў целы. Людзі, якія знаходзіліся найбліжэй да эпіцэнтру паміралі імгненна, светлавое выпраменьванне выпальвала вопратку ў скуру і пакідала толькі мокры сілуэт цел на сценах. Выбуховая хваля валіла з ног, разбурала пабудовы. Амаль адразу па ўсяму гораду распаўсюдзіліся пажары, якія ў хуткім часе аб’ядналіся ў адзін вялікі вогнены смерч, які дабіваў усіх тых, хто не паспеў выбрацца ў першыя хвіліны пасля выбуху.

У першыя ж дні пасля трагедыі медыкі сталі адзначаць у выжыўшых першыя сімптомы апраменьвання. Смяротнасць зноў пачала расці, людзей, якія здавалася б пайшлі на папраўку, падкошвала “дзіўная” хвароба, якая дасягнула свайго піка праз 3-4 тыдні пасля выбуху. Колькасць загінуўшых непасрэдна ад выбуху склала ад 70 000 да 80 000 чалавек. К канцу 1945 года ў сувязі з радыяцыйным уздзеяннем агульная колькасць памерлых дасягнула ад 90 000 да 166 000 чалавек. У наступныя 5 год гэта лічба, з улікам памерлых ад рака і іншых доўгатэрміновых наступстваў, дасягнула 200 000 чалавек. Сярод тых, хто перажыў бамбардзіроўку ў 16 разоў больш памірала ад лейкеміі і амаль у 8 разоў – ад іншых ракавых захворванняў, чым у сярэднім па краіне.

Пасля паспяховага правядзення аперацыі, прэзідэнт Трумэн заявіў:

Цяпер мы гатовы знішчаць, яшчэ хутчэй і больш поўна, чым раней, усе наземныя вытворчыя сілы японцаў у любым горадзе. Мы знішчым іх докі, іх фабрыкі і іх камунікацыі. Няхай не будзе непаразуменняў – мы цалкам знішчым здольнасць Японіі весці вайну…

У афіцыйных дакументах дакументах з’явіўся новы тэрмін “Хібакуся”, які абазначаў людзей, пацярпелых ад уздзеяння атамнай бамбардзіроўкі, у тым ліку і дзяцей, якія нарадзіліся ў жанчын, што падвергліся радыяцыйнаму апраменьванню ад выбуху. Карціны, якія абмалёўваюць успаміны гэтых людзей, пужаюць сваёй нерэальнасцю і ў той жа момант разуменнем, што гэта ўсё было на самой справе:

…Спачатку быў вялікі шум, а пасля мы апынуліся акутаныя цемрай. Здавалася, мы сталі ветрам, а пасля яшчэ хвілін 10 я адчуваў сябе ветрам. Усе ўпалі на зямлю… Я адчуў, што горад Хірасіма знік. Калі расплюшчыў вочы, то ўбачыў, што пабудовы, якія раней былі тут, зніклі. Агледзей сябе. Вопратка на мне згарэла і пеератварылася ў лахмоцце – так было горача вакол. Я адчуваў смыленне па ўсяму целу і зразумеў, што лахмоцце, гэта не толькі мая вопратка, але і скура. На аўтамаце я іштоў у заходнім накірунку, дзе быў мой дом. У хуткім часе пачуў, як хтосьці кліча мяне, гэта быў мой сябар Ямамота, ён таксама моцна абгарэў. Мы пайшлі да ракі. Па дарозе мы бачылі шмат ахвяр. Мужчыну, у якога цалкам была зчышчана скура з верхняй часткі цела, жашчыну, у якой выцеклі вочы. Маці з дзіця, у якіх цалкам не было скуры і яны былі яшчэ жывыя. Мы амаль дасягнулі берага. Але якраз у гэты час усюды ўспалыхнулі пажары, у 5 м вышынёй, нейкім цудам мы вырваліся. Я адчуваў як маё цела гарэла, калі ж скочыў у халодную раку, гэта падалося мне шчасцем.”/p]

Яшчэ адным несуцяшальным фактам з’яўляецца тое, што не існавала ніякага разумення “радыяцыйнае забруджванне”. Людзі працягвалі жыць ў горадзе і аднаўляць дамы там, дзе яны знаходзіліся раней. Ніякім чынам не звязвалі з забруджваннем ні высокую смяротнасць у наступныя гады, ні хваробы, ні генетычныя адхіленні ў дзяцей. Насельніцтва горада заставалася жыць на звыклым ім месцы.

Зразумела, што і даць дакладную ацэнку ступені забруджвання тэрыторый таксама складана, бо першыя атамныя бомбы былі адносна невялікай магутнасці і недасканалымі, але так ці іначай прадстаўлялі вялікую небяспеку для людзей.

Нягледзячы на тое, што з дня бамбардзіроўкі прайшло ўжо 68 год, не сціхаюць спрэчкі вакол мэтазгоднасці такіх метадаў у прымусе Японіі капітуляваць, роля атамнай бомбы і этычны бок яе прымяненне супраць мірнага насельніцтва.

На сённяшні дзень горад Хірасіма адноўлены і жыве ў паўнавартасным рытме мегаполіса, дзе пра страшныя падзеі 1945 года нагадваюць толькі некалькі пакінутых некранутымі разбіраных пабудоў і мемарыяльны агонь у памяць ахвярам бамбардзіроўкі. Агонь будзе гарэць да таго часу, пакуль не знікне ўся атамная зброя на планеце Зямля.

6 жніўня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень памяці ахвяр атамнай бамбардзіроўкі японскага горада Хірасіма.

Падрыхтавала Хрысціна Чарняўская

Крыніца фотаздымкаў

Комментарии читателей: