Подписаться! Лента новостей Экоправо Мониторинг

Грамадзскасць і дзяржава як “рускі з кітайцамі”

Абмеркаванне, якое прайшло ў Смалявічах, сабрала зацікаўленых гараджан разам з камісіяй па грамадскаму абмеркаванню.
2 комментария

У ходзе сустрэчы ўзнікала шмат пытанняў, якія датычыліся не столькі самаго Генплана, а, хутчэй, неадпаведнасці будаўніцтва тэхнапарка на выбранай пляцоўцы Смалявічскага раёну беларускаму заканадаўству.

...што азначае "Уся ўлада народу"

Сама сустрэча па абмеркаванні павінна была праходзіць значна раней (www.greenbelarus.info), і разглядаць пытанні не самаго Генплана, а факт пабудовы тэхнапарка, яшчэ на самых ранніх этапах задумкі, а таксама і месца выбара пляцоўкі для будаўніцтва, у адпаведнасці з артыкулам 6 Орхусскай канвенцыі.

Але, згодна з вывадам камісіі, якая падводзіла вынікі грамадзскіх слуханняў, у нашай краіне працэдура абмеркавання на пачатковых этапах выглядае значна прасцей: Палатай прадстаўнікоў 14 снежня 2011 года быў прыняты, а Саветам Рэспублікі праз шэсць дзён адобраны Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб "Кітайска – Беларускім індустрыяльным парку". У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь", дэпутат – гэта свабодна выбраны народам прадстаўнік, які ажыццяўляе заканадаўчую ўладу ў Палаце прадстаўнікоў і прадстаўляе інтарэсы сваіх выбаршчыкаў у дзяржаўных органах, і такім чынам, пры прыняцці Закона "Аб ратыфікацыі..." дэпутаты, быццам бы, прадстаўлялі свабоднае меркаванне сваіх выбаршчыкаў.

Тады ўзнікае лагічнае пытанне, законныя механізмы ўздзеяння, такія, як удзел грамадзян у прыняцці экалагічных рашэнняў, абмеркаванне законапраектаў, грамадскія абмеркаванні і экспертызы з'яўляюцца толькі фармальнымі працэдурамі, дзеля ўпэўнівання людзей у сіле паўплываць на рашэнне? Пыл у вочы грамадзкасці.

Левае вока кітайскае, правае – беларускае

Падчас абмеркавання незалежнымі экспертамі быў выказаны шэраг заўваг па неадпаведнасці Генплана тэхнапарка заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Галіна Дзмітрыеўна Горына, архітэктар, член Беларускага Саюзу Архітэктараў, мае 44 гадовы стаж у вобласці горадабудаўніцтва, УП "Мінскпраект", каментуе сітуацыю: "Пляцоўка пад будаўніцтва выбрана вельмі дзіўна і, на мой погляд, няправільна. У нас зараз развіваецца мноства гарадоў – спутнікаў, дзе можна было б разгарнуць такі праект, не высякаючы пры гэтым элітныя лясы, што з'яўляюцца "лёгкімі" Мінска. Увогуле, высячэнне лясоў у наш час – гэта варварства. Акрамя гэтага, існуюць некаторыя праблемы з водазаборам і неспрыяльнымі гідратэхнічнымі ўмовамі на гэтай пляцоўцы: высокія грунтовыя воды і вялікая верагоднасць затапленняў, што патрабуе паніжэння ўзроўню вады, а ў сваю чаргу гэта вядзе да парушэння натуральнага прыроднага балансу і пагражае пакінуць некаторыя раёны Мінска без вады. Яшчэ нам абяцаюць якасную водаачыстку сцёкавых вод, але гэта вельмі дарагі працэс, які можа прывесці да нерэнтабельнасці прадпрыемстваў і выпускаемай імі прадукцыі.

І сам праект генплана не адпавядае той стадыі, пра якую заяўляюць нам аўтары, гэта хутчэй эскізы, напрыклад, не ўказаны якога тыпу прамысловыя прадпрыемствы будуць размешчаны на тэрыторыі тэхнапарка, а гэта прынцыпова важнае пытанне, бо да кожнай прымысловасці існуюць свае санітарныя патрабаванні. Таксама трэба ўлічваць, што прамысловыя арганізацыі ў любым выпадку будуць патрабаваць для сябе адпаведнай інфраструктуры: дарогі і стаянкі, а гэта праблема не пралічана".

Больш таго, удакладненне на паступных стадыях усёй інфраструктуры, што павінна з'явіцца на тэрыторыі парка, супярэчыць нормам падпункту 2.4. пункту 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 253 "Аб Кітайска – Беларускім індустрыяльным парку"

Камісія, у сваю чаргу, не змагла даць аргументаваныя каментары па заўвагах незалежных экспертаў, скарыстаўшы сухія вытрымкі з Законаў, якія часам не толькі не адносяцца да справы, але тым самым не даюць адказу на праблемныя моманты, ўзняты грамадскай экспертызай (грамадзскасць таксама ўмее чытаць і ведае, напрыклад, працэдуру пераводу лясоў першай катэгорыі ды інш.) і абсалютна не аргументуюць вывады самой камісіі. Узніаке яшчэ адно "пытаннечка": ці ўвогуле ёсць гэтыя аргументы ў прадстаўнікой той камісіі, ці было ім што сказаць? Па факту атрымоўваюцца дзве розныя карціны, не дзіва: на словах гэта гучыць прыгожа і з улікам усіх нарматываў, а на справе сітуацыя іншая.

Як, напрыклад, зазначыла Галіна Горына: "Генеральны план парка быў распрацаваны кітайскім бокам па іх лічбах і нарматывах, якія, як вядома, не супадаюць з беларускімі. УП "БЕЛНИИПГРАДОСТРОИТЕЛЬСТВА" было даручана "падагнаць" лічбы пад беларускія паказальнікі, але зрабіць гэта нерэальна, таму была выказана просьба знізіць беларускія нормы."

Гэты факт ужо сам па сабе з'яўляецца прыкладам парушэння і неадпаведнасці заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Камісія палічыла працэдуру правядзення грамадскага абмеркавання завершанай і накіравала пратакол сустрэчы на зацвярджэнне, сам жа Генеральны план тэхнапарка будзе накіраваны на дзяржаўную экспертызу, па якой камісія ўжо выказала спадзяванні на станоўчы вынік.

Але на які станоўчы вынік можна спадзявацца, калі адным з вывадаў з'яўляецца "прадстаўленыя да разгляду заўвагі і прапановы адносяцца да прынцыповых пытанняў неабходнасці і мэтазгоднасці будаўніцтва "Кітайска – Беларускага індустрыяльнага парка". Большасць выказаных меркаванняў указваюць на згоду з будаўніцтвам аб'екта". І тут жа ўзнікае яшчэ адно пытанне, якім чынам шматлікія каментары, што датычацца парушэнняў заканадаўства, адносяцца да "прынцыповых пытанняў неабходнасці будаўніцтва"?

Нельга павідаць без увагі і адсутнасць некаторых звестак, што павінны абавязкова быць у Генплане, напрыклад, праект не мае колькасных і якасных паказчыкаў выкідаў і скідвання шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе, утварэнне адходаў, а таксама інфармацыі пра магчымыя змяненні наваколля, што прадугледжана артыкулам 15 Закона Рэспублікі Беларусь " Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе".

Сыходзячы з гэтага, выдача заключэння дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па прадстаўленаму праекту Генеральнага плана парка не ўяўляецца магчымай.

З шэрагам супярэчнасцяў у пратаколе можна пазнаёміцца ў дакуменце "Аналіз выпіскі з пратакола і вывадаў камісіі грамадскіх абмеркаванняў".

Акрамя гэтага з парушэннямі, якія камісія не толькі не захацела разглядаць, але і аналізаваць, можна пазнаёміцца ў дакуменце "Заключэнне грамадскай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі Генеральнага плана Кітайска – Беларускага індустрыяльнага парка".

Комментарии читателей: