Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Мероприятия

Як у Вілейцы цікуюць за нітратамі

Цяпер якасць вады ў калодзежах рэгіёну можна адсачыць, звярнуўшыся ў адмысловы інфацэнтр.
0 комментариев
Продолжение темы:

У рацэ – камыш замест фарэлі

Больш за палову захворванняў у свеце здараюцца праз кепскую пітную ваду. Такой статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Наталля Парэчына з Цэнтра экалагічных рашэнняў пачала прэзентацыю Вілейскага рэгіянальнага цэнтра па пытаннях якасці вады, які адкрыўся 20 студзеня 2014 году пры супрацы з экалагічнай установай.

Пытанні да якасці вады, відавочна, ёсць. У Вілейцы знаходзіцца рака Вілія з прытокамі.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя з яе можна было піць ваду, не кіпяціўшы, – кажуць мясцовыя жыхары. – Тут не было камышоў і вадзілася рыба, якая бывае толькі ў празрыстай вадзе – пячкур і фарэль”.

Вілія ўпадае ў Балтыйскае мора, і самы вялікі штучны вадаём у Беларусі – Вілейскае вадасховішча – створаны на рацэ з дапамогай плаціны. З яго пачынаецца вілейска-мінская водная сістэма, вада з якой трапляе ў вадаправод.

Рэкі і азёры забруджвае сельская гаспадарка

Галоўная крыніца забруджвання ракі і іншых вадаёмаў – традыцыйная бабуліна і калгасная сельская гаспадарка, якая ўжо досыць доўга і актыўна карыстае хімічныя рэчывы.

Чаму? А таму што гэта не завод, - кажа Наталля. – На заводзе можна пабудаваць лакальная ачысное збудаванне, а палі у нас наўкол. Усё тое, што мы кідаем, рассыпаем, закапваем там, сыходзіць у грунтовыя воды”.

Глабальна Наталля са сваімі калегамі і аднадумцамі прапануе вырашаць праблему праз распаўсюджанне арганічнай сельскай гаспадаркі і ведаў пра экалагічна сяброўскі лад жыцця. А лакальна – кожнаму на падворку.

Дзве з трох проб вады апынуліся непрыдатныя для піцця

На прэзентацыю госці прынеслі некалькі проб сваёй пітной вады: з грамадскага калодзежу па вул. Вакзальнай у Вілейцы, з вёсак Куранец і Пагост. Вада з Пагоста і Куранца апынулася непрыдатнай для піцця (перавышэнне нормы ўтрымання нітратаў больш чым у два разы: 100-250 мг/літр супраць максімальных 45 мг/літр).

Агулам у Беларусі з 45 тысячаў грамадскіх калодзежаў у 40-60% нормы нітратаў перавышаныя. Нітраты могуць справакаваць захворванні ад атручвання да раку.

Інфацэнтр прапануе праверку вады на нітраты

У інфармацыйным цэнтры калодзежную ваду можна праверыць на наяўнасць нітратаў і нітрытаў. Гаворка не ідзе пра прыродныя вадаёмы – там аб’ём вады большы і большае разбаўленне.

Вызначыць стан вады можна з дапамогай тэставай папяровай палоскі. Яна каштуе каля 3 тысяч рублёў, але – толькі за межамі Беларусі. Ледзь не ў кожнай аптэцы ў Германіі. У нас яны не прадаюцца, іх можна ўзяць у інфармацыйных цэнтрах.

Два індыкатары на палосцы змяняюць колер на ружовы розных адценняў, калі кантактуюць з забруджанай вадой. Аўтары праекту заклікаюць усіх, хто тэставаў сваю ваду, паўдзельнічаць у зборы звестак пра агульны стан вады ў гаспадарках, дадаўшы звесткі на сайт альбо перадаўшы пратакол даследвання супрацоўнікам праекта.

Нітратная вада – толькі для гаспадарчых патрэбаў

Ваду, празмерна насычаную нітратамі, можна карыстаць для прання і палівання агароду, але ніяк не ўжываць у ежу і не паіць жывёліну. Каб палепшыць стан вады, можна правесці чыстку калодзежу альбо выкапаць яго глыбей за 20 метраў – туды звычайна меней даходзяць паверхневыя воды за кошт глінавага пласта.

Хаця самае радыкальнае і відавочнае выйсце – такі ліквідаваць прычыну забруджвання: побач з калодзежам можна знаходзіцца хлеў з гноем, прыбіральня ці поле, якое пасыпаюць угнаеннямі. Простая чыстка калодзежа дапаможа максімум на месяц, а калі знікне прычына забруджвання, ваш калодзеж ужо праз месяц сам зробіцца чыстым.

Інфацэнтр у Вілейцы знаходзіцца на Чайкоўскага, 44 (сярэдняя школа № 3 з экалагічным ухілам). Падрабязней: 8 01771 54173 (прыёмная).

Аб праекце

Наступны інфацэнтр будзе створаны ў Мядзелі. А падобныя ўжо працуюць ў Магілёве, Гомелі, Баранавічах, Брэсце і Мінску ў межах праекта “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці адмыслоўцаў”, які рэалізуе ў Беларусі Цэнтр экалагічных рашэнняў пры падтрымцы Кааліцыі Чыстая Балтыка (CCB). Маніторынг стану калодзежнай вады – адзін са шматлікіх бакоў праектнай дзейнасці.

Ганна Валынец

Фота аўтара

Ранее по теме:

Комментарии читателей: