Подписаться! Лента новостей Экожизнь

Калядная вячэра па ўсіх правілах

Як правільна накрыць святочны стол падчас Калядаў
0 комментариев

Свята Каляды ў беларусаў доўжыцца з 6 студзеня па 19 студзеня, тры разы беларусы накрываюць святочны стол, які называўся "куццёй". У праваслаўных беларусаў тры куцці - першая з іх называецца Вялікаю альбо Нішчымнаю, і па сутнасці, была Поснаю, адзначалася 7 студзеня. Другая адзначалалася ў Новы год (13 студзеня) і называлася Шчодраю ці смачная куцця, свіное каленца. Трэцяя Куцця прыпадала на Вадохрышча (19 студзеня) і называлася Памінальнаю ці Пустою –яна таксама была поснаю.

Да калядных страў прадукты збіраліся з поля, з лесу, з рэчкі – мясцін, якія даюць ураджай, прыбытак. Гэта было важна для дабрабыту, бо пачынаецца новы год, у якім будзе новы ўраджай.

Куцця

Куцці гаршчок ужо ў калена

Стаяў на лаве, чакаў сена,

І вось цяпер гаршчок з куццёю,

Як цар даўнейшаю парою,

Ў пачэсны кут, на свой прастол,

Стаўляўся з гонарам за стол

На гэта сена пад багамі,

Ўладар над хлебам і блінамі,

Бо ён у гэты дзень — персона!

Яго вянчаў абрус-карона.

Якуб Колас "Новая зямля"

Куцця – галоўная калядная страва, сімвал вечнага жыцця. Без яе калядная вячэра губляе свой сакральны сэнс. Фалькларыст з Любаншчыны Сяргей Выскварка ведае пра калядную вячэру не толькі на словах – разам з сям’ёй ён штогод накрывае святочны стол : "Куцця – гэта каша, якая робіцца з пшаніцы альбо з пярлоўкі. Некаторыя робяць куццю з рысу, але гэта не наша традыцыйная крупа. Першая куцця варыцца на вадзе з мёдам – бо яна завяршае пост. Другая Куцця – смачная, тлустая, варылася на свіным каленцы ці на сале. Галоўнае, каб яна была тлустаю. Называецца яна шчодрай, бо гэта акурат самы новы год, свята. Пустая – гэта ізноў жа посная куцця, альбо памінальная". Першая Куцця запраўлялася мёдам альбо сытой – мёдам, разведзеным у вадзе. Таксама куцця прыпраўлялася макавым малаком. Другая – тлустая куцця – прыпраўлялася маслам, скваркамі. Трэцяя куцця, як і першая, была поснаю. Дарэчы, цікава што ўсе тры куцці варыліся ў адным гаршчку. Звараная куцця “ночыла” на покуці.

Іншыя стравы каляднага меню

Акрамя куцці, гатуюцца іншыя стравы. Адна з абавязковых страў - белы кісель з аўса. Таксама гатуюць квас з грыбамі, ставяць гуркі і грыбы, фасолю ў саладжонай вадзе, капусту квашаную, кіслую капусту з грыбамі, бураковы квас. На Шчодрую куццю стол павінен быць багатым – таму гатуюць звычайна стравы мясныя: каўбасы смажаныя, сала, бліны з мачанкаю.

"Цікава што беларусы, хаця і карысталіся лыжкамі, а пазней, відэльцамі – бліны елі рукамі", - распавядае Сяргей Выскварка.

Але аказалася, што куцця не па ўсёй Беларусі адзначалася аднолькава. Наталля Абраменя з Лунінеччыны распавядае: "У нашым рэгіёне былі дзве куцці – посная і шчодрая. Заходнікі заўжды лавілі ўюноў, але не ўсе елі рыбу. Смажылі грыбы, ставілі на стол капусту квашаную, белы аўсяны кісель, фасолю ў саладжонай вадзе, бураковы квас. На куццю звычайна варажылі– клалі каласочкі пад абрус, а пасля выцягвалі – каму выпадаў доўгі каласок –таму год будзе ўрадлівым".

Афармленне стала

У куток, дзе будзе стаяць гаршчок з куццёй, кладзецца сена. Дарэчы, сена павінна ляжаць пад абрусам да наступнай Куцці, Шчодрай. Пасля засцілаецца чысты абрус. Першай на стол ставяць абрадавую страву – куццю, на яе пачэснае месца. Пасля выстаўляюцца іншыя стравы, не важна, у якой паслядоўнасці. Усяго на стале павінна стаяць 12 страў. Першымі за стол садзяцца старэйшыя, затым гаспадар з гаспадыняю, дзеці. Пасля таго, як усе селі, на стол нічога са страў дадаваць нельга. Гаспадары прапануюць Марозу паспытаць святочную вячэру: "Мароз, мароз, хадзі сюды есці". У Заходняй Беларусі проста на хвілінку прыадчынялі дзверы. Куццю заўжды трэба есці першаю.

Смачна есці!

Гатуем традыцыйную куццю! Для куцці нам спатрэбіцца ячная крупа (прыкладна дзве шклянкі), вада (каля 5 шклянак), соль. Крупу перабіраем, прамываем. Пасля трэба заліць крупу вадой і пакінуць на ноч. Уранку ваду зліваем, кідаем у кіпень і варым, пакуль крупа не разбухне. Пасля зліваем ваду і ставім кашу ў духоўку на 40 хвілін пры тэмпературы 160˚. Куцця гатова! Падаваць можна з сытой ці макавым малаком.

Падзелімся таксама рэцэптам вегетарыянскай "рыбкі" – на выгляд і смак амаль не адрозніваецца ад сапраўднай смажанай рыбкі. Нам спатрэбіцца сыр адыгейскі альбо цвёрдая брынза, лісты норы, для кляру – мука і вада. Кавалачкі сыру абгортваем у лісты норы, абмокваем у кляры і кладзем на разагрэтую алеем патэльню. Некалькі хвілін – і наша вегетарыянская "рыбка" гатова! Канешне, інгрэдыенты не беларускія, затое "ўюны" выйдуць на славу. Што да мяса, то яго можна смела замяняць грыбамі.

Капуста кіслая з грыбамі – на паўкілаграмы кіслай капусты трэба каля 50 грамаў сушаных грыбоў, морквіна, цыбуліна, 3 лыжкі таматнай пасты, 2 чайныя лыжачкі мукі, смятана, перац, лаўровы ліст, зелень. Грыбы трэба адварыць і тонка нарэзаць, а булён працадзіць і заліць ім кіслую капусту, астатні булён трэба ахалодзіць. Пасля дадаем пасту і тушым каля паўтары гадзіны. Наразаем цыбулю і моркву, смажым, дадаем у булён з пастай. У булён, што кіпіць, кладзем капусту тушаную, грыбы, муку, соль і варым каля 10 хвілін. Заправіць можна смятанаю.

Прыемных вам святаў! Смачна есці!

Кацярына Радзюк

Ранее по теме:

Комментарии читателей: