Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Персоны

Ніна Славатава: "Навошта мяняць асяроддзе, калі ты патрэбна тут?"

Актывістка Гомельскай моладзевай арганізацыі ASDEMO распавяла пра свой шлях у НДА і падзялілася сакрэтам поспеху.
0 комментариев ampby.org
Продолжение темы:

У мяне такі склад жыцця, што трэба выходзіць са сваёй зоны камфорту

У трэцім сектары Ніна ўжо 8 гадоў: прыйшла на першыя семінары, яшчэ калі вучылася ў школе. Менавіта праз грамадскія арганізацыі яна абрала сабе прафесію: пасля экапраектаў ASDEMO пайшла на экалагічнае аддзяленне ў Скарынаўскі ўніверсітэт (Гомель).

Пра Ніну можна сказаць — дзяўчына на сонечных батарэях. Яна заўсёды рушыць наперад і ніколі не спыняецца, увесь час спрабуе навучацца новаму і выходзіць са сваёй зоны камфорту. Быў час, калі дзяўчына паралельна працавала на пяці працах.

"Я лічу, што гэта не правільна, бо 5 прац — гэта як ніводнай. Так папрацавала год, стала больш не цікава і я сышла", — упэўнена дзяўчына.

Пасля сканчэння універсітэта вяла гурток па экалагічнай журналістыцы, але потым цалкам сышла у ASDEMO.

"Чаму працую ў НДА? Таму, што класныя людзі! Маё жыццё — гэта людзі вакол. Людзі, якія працуюць у арганізацыі, яны заўсёды жывыя, заўсёды чагосьці жадаюць, робяць і жадаюць большага", — кажа Ніна.

Ёсць сярод моладзі шмат агрэсіі, ёсць шмат пазітыва

Думак, каб з’ехаць у Мінск ці за мяжу ў дзяўчыны нават не ўзнікае: навошта мяняць асяроддзе, калі ты патрэбна тут?

"Мне ёсць чым займацца ў Гомлі зараз, мне гэта падабаецца, я бачу, што мая праца карысная", — пераканаўча кажа Ніна.

Дзяўчына лічыць, што моладзь агулам і гомельская ў тым ліку, мусіць быць самай актыўнай часткай грамадства. На яе меркаванне, зараз сярод моладзі шмат як пазітыву так і негатыву. І яна імкнецца знаходзіцца "ў тым асяродку, дзе класныя людзі, але ведае, што ёсць і іншыя".

"Калі ў чалавека ёсць каштоўнасці ён жыве згодна з імі, ты бачыш чалавека ў чалавеку", — упэўнена наша гераіня.

"Матывацыя — гэта як храмасома ў чалавека"

Цяжка ацэньваць выніковасць працы, калі маеш справу з людзьмі, аднак Ніна спрабуе шчыра ацаніць свае поспехі і дасягненні.

"Не магу сказаць, што сваёй дзейнасцю я штосьці змяніла, але паўплывала на шматлікіх людзей", — упэўнена дзяўчына. — "Яны сталі актыўнымі, няхай і не ў сферы НДА. Проста ў сваім жыцці".

Мы часта чуем пра праблемы з моладдзю, з НДА сектарам, пра тое, што трэба змяніць, навучыць, заахвоціць. Ніна упэўнена, што лепей засяродзіць сваю працу на тых, каму гэта цікава.

"Мне падаецца, што матывацыя — гэта як храмасома ў чалавека", — распавядае Ніна. — "Ёсць x, y, а ў кагосьці няма. І да гэтых людзей я цягнуся. У мяне такі характар, што з чымсьці мірыцца я не магу і перавучваць я не ўмею. Я не настаўнік, люблю на роўных працаваць з людзьмі. Адна справа чалавека за вушы цягнуць, а іншая — даць яму магчымасць".

"Маніфест поспеху" ад Ніны Славатавай

1. Быць актыўным па жыцці.

2. Калі нічога няма, то нічога і не прыйдзе. Будзеш упарта працаваць — будзе вынік.

3. Рабіць тое, чаго ты баішся рабіць. Выходзіць са сваёй зоны камфорту. Калі ты баішся нешта зрабіць, ты мусіш гэта зрабіць у першую чаргу. І тады ты вырасцеш як асоба і зноў такі гэта прывядзе цябе да чагосьці па жыцці.

4. Верыць і перамены і сябе не баяцца змяняць.

5. Любіць людзей.

Сядзець і перажываць над праблемамі ці рабіць рэальныя справы і гэтым рабіць выклік рэчаіснасці? Для Ніны Славатавай такое пытанне нават не стаіць.

_____________________________________________________________________________

Матэрыял падрыхтаваны ў межах рэдакцыйнага спецпраекту "Сталіца, пасунься!".

Ты малады і паспяховы ці маладая і паспяховая? Шчыра займаешся сваёй справай і вырашаеш грамадскія, сацыяльныя і эканамічныя праблемы ў сваёй мясцовасці?Ці ведаеш такіх маладзёнаў?

Па ўсіх пытаннях лістуй рэдакцыю press@ampby.org! Мы прыедзем і напішам!

Ранее по теме:

Комментарии читателей: