Подписаться! Лента новостей Зеленое движение Персоны

"Хочацца, каб горад быў актыўным. Ва ўсіх сэнсах"

Разважае Уладзімір Красько — актывіст кампаніі «За вела-Брэст!», выкладчык інфарматыкі і бізнэсовец.
0 комментариев ampby.org
Продолжение темы:
Кампанія "За вела-Брэст!", арганізаваная "Дзедзічам", дамагаецца, каб у горадзе з’явілася магчымасць камфортна ездзіць на ровары. Каб з любой кропкі можна было, не парушаючы правілы дарожнага руху, не разбіваючы ровар аб бардзюр, а галаву аб ровар, даехаць, куды трэба.

Прыязджаюць на ровары з праката, а пасля пачынаюць ездзіць штодня

"Ровар — гэта сучасны, еўрапейскі сродак перасоўвання. Мы хочам, каб усё больш людзей ім карысталася", — упэўнены Уладзімір, актывіст "За вела-Брэст!". Кампанію падтрымліваюць у першую чаргу актывісты "Дзедзіча", якія пад уплывам моднага трэнда перасядаюць на ровары, прадстаўнікі берасцейскіх экалагічных арганізацый. Прыходзяць і людзі, якія наогул нічога не ведалі пра НДА, але далучыліся праз велаэкшаны, творчыя конкурсы, збор подпісаў.

І гэта не дзіўна, бо каб заахвоціць людзей сесці на ровары, Уладзімір з паплечнікамі выкарыстоўвае цэлы арсенал метадаў: здымаюць відэаролікі, раздаюць улёткі, ладзяць масавыя забегі і нават велаэкскурсіі!

"Людзі на мерапрыемствы прыязджаць на ровары з праката. Пасля набываюць уласны і катаюцца па выходных днях. А пасля частка да моцных маразоў і снега ездзіць штодзённа", — з гонарам кажа Уладзімір.

А некаторыя нават далучаюцца да велапатруля. Яны працуюць, каб знізіць градус канфлікту паміж уладальнікамі ровараў і пешаходамі. Бо першыя заўсёды не задаволеныя тым, што па іх дэфіцытных веласцяжынках ходзяць, а другія — што на іх увесь час хочуць наехаць. Актывісты кампаніі рушаць па веласцяжынках, праводзяць ветлівы лікбез для пешаходаў, раздаюць улёткі.

"Большасць пешаходаў-парушальнікаў ходзяць па веласцежкам не са зла. Ім нават у галаву не прыходзіць, што такая добрая і часта пустая паласа руху разлічана выключна на раварыстаў", — кажуць велапатрульныя.

Праз мяжу — на ровары

Для таго, каб ездзіць было камфортна, патрэбна пэўная інфраструктура. Напрыклад, па нарматывах (СанПІНах) вышыня бардзюра не павінна перавышаць 4 см. Але зрэдку знойдзеш у горадзе месца, дзе норма выконваецца.

Менавіта па гэтых пытаннях актывісты з "За вела-Брэст!" працуюць з уладамі.

"Справа рухаецца, у горадзе з’яўляецца велаінфраструктура. Брэст — горад памежны, мы дамагаемся таго, каб праз памежны пераход "Варшаўскі мост" можна было ездзіць на ровары", — распавядае Уладзімір. На дзіва, з беларускага боку перашкодаў на дадзены момант няма, засталося вырашыць пытанне з палякамі.

"Раварыстаў у горадзе шмат, і таму проста так адмахвацца ад нашых праблем не атрымаецца", — упэўнены Уладзімір. Гэта аматары ровараў даказалі, зрабіўшы звышмаштабны па беларускіх мерках велапрабег, у якім прынялі ўдзел каля 500 чалавек!

Па падліках Уладзіміра, колькасць штодзённых раварыстаў у горадзе штогод павялічваецца ўдвая. Ён сціпла зазначае, што гэта не толькі з-за іх. Бо веладвіжуху ў горадзе ствараюць яшчэ велаклуб "Кола-Бок", інфармацыйны рэсурс virtual.brest.by і іншыя.

Моладзь Брэста — неабыякавая

Па жыцці Уладзімір працуе выкладчыкам інфарматыкі, мае прыватны бізнэс. Яму даволі часта прыходзіцца мець зносіны з маладзёнамі.

"Брэст — гэта месца, дзе сканцэнтравана цікавая моладзь — неабыякавая і актыўная. Гэта бачна па разнастайных ініцыятывах: ад вулічных танцаў да стварэння мадэлей робатаў", — распавядае наш суразмоўца.

Нават калі моладзь з’язджае.

"Калі я гляджу ў навінах пра нейкія файныя мерапрыемствы, я з задавальненнем сустракаю фатаздымкі нашых землякоў, якія з’ехалі ў іншы горад/краіну і працягваюць актыўнічаць там", — кажа Уладзімір.

Але існуюць і пэўныя праблемы. Напрыклад, баўлення вольнага часу.

"Ёсць сацсеткі і анлайн гульні, якія паспяхова з гэтым пытаннем спраўляюцца. Але перад тым, каму ў гэтых рамках цесна, сапраўды пытанне "што рабіць?" — кажа наш суразмоўца. — Нібыта і час, ёсць і актыўнасці хапае, а традыцый удзела ў грамадскай дзейнасці, у валанцёрстве няма. Нам, грамадскім арганізацыям, трэба рабіць усё, каб нас ведалі, да нас ішлі".

Чаму? "Бо чалавек, актыўны ў трэцім сектары, набывае скілсы, якія дапамогуць яму быць паспяховым у жыцці", — упэўнены Уладзімір.

Што трэба рабіць, каб дасягнуць поспеха, калі жывеш у Брэсце? Уладзімір упэўнены, што такі ж, як і ў любым іншым горадзе.

"Рэцэпт — у сфармуляваным жаданні. Калі чалавек дакладна ведае чаго хоча, гэта ўжо крок да поспеха. Да гэтага дадаць веды, навыкі, уменне працаваць. Удачу і веру тых, хто побач з табой. Цудоўна, калі чалавек заўжды адкрыты да новага, гатовы вучыцца і змяняцца", — кажа Уладзімір.

Хочацца, каб горад быў актыўным. Ва ўсіх сэнсах

"Я жыў у іншых гарадах пэўны час: найбольш Менск, Варшава… Аб’ездзіў шмат краін ад скандынавіі да Афрыкі. Мне заўжды прыемна вярнуцца ў Брэст. Вяртаешся і разумееш — гэта твой горад! Гэта адчуванне свайго месца. Беларусы наогул мала мабільны, на мой погляд, а я тыповы беларус у гэтым пытанні. Калі сур’ёзна, то для мяне было б трагедыяй неабходнасць назаўсёды з’ехаць са сваёй краіны", — кажа Уладзімір.

"Мне хочацца бачыць горад актыўным. Ва ўсіх сэнсах. Актыўным у бізнес-асяроддзі, у турыстычным, актыўным ў стрыт-арце, у грамадскай дзейнасці. Месцам, дзе помняць і шануюць сваю гісторыю. Адкрытым да усіх людзей, якія здольны паважаць нашы традыцыі ў адказ", — кажа ён.

Ранее по теме:

Комментарии читателей: