Расія назвала развіццё «зялёных тэхналогій» пагрозаю. Што ад гэтага Беларусі?

Уладзімір Пуцін падпісаў стратэгію аб нацыянальнай эканамічнай бяспецы, у якой сярод іншага, пагрозай эканоміцы Расеі называецца развіццё «зялёных тэхналогій» і энергаэфектыўнасць, а таксама іншыя сусветныя трэнды. Для Расіі змены – не магчымасць развіцця, а пагроза, ад якой патрэбна абараняцца. Ці Беларусь станецца ў гэтым хаўруснікам Расіі?

19.05.2017 Грамадства Аўтар: Вераніка Чыгір Крыніца: belsat.eu Фота: punainenkala, cea +

Узнаўляльныя крыніцы энергіі замяняюць выкапні ў сусветным энергабалансе ўсё хутчэй. У 2012 годзе прыкладна 13% электраэнергіі ў свеце выраблялася ад узнаўляльных крыніц, а ў 2015 гэтая лічба была ўжо каля 20%. Гэткія змены – пагроза для існуючага эканамічнага ўкладу, пабудаванага на нафце, яны змушаюць да мадэрнізацыі і перабудовы эканамічных мадэляў. Расея ж афіцыйна назвала гэтыя змены як пагрозу ўсёй нацыянальнай эканоміцы.

«Разглядаць узнаўляльную энергетыку як пагрозу эканамічнай бяспецы краіны, як гэта зроблена ў дакуменце – глупства і дзівацтва. Можна разглядаць, што гэта пагроза для сыравіннай галіны, ці для інтарэсаў асобнай групы грамадзянаў, але ў цэлым для Расеі зялёная энергетыка – гэта шанец, а ніякая не пагроза. Гэты дакумент вызначае ролю Расеі як аўтсайдэра ў час імклівых зменаў на сусветным энергетычным рынку», – каментуе дакумент Уладзімір Чупраў, кіраўнік энергетычнай праграмы Greenpeace Расеі.

На міжнародных перамовах што да пытанняў кліматычных зменаў і пераходу да шляху экалагічнага развіцця, Расея заўсёды трымалася маўклівай пазіцыі ў той час, калі ЗША, Еўразвяз і нават Кітай заяўлялі пра павелічэнне ўзнаўляльных магутнасцяў, складалі буйныя міжнародныя пагадненні.

«На міжнародных перамовах шмат краінаў, рост эканомікі якіх заўсёды быў завязаны на нафце, напрыклад, Арабскія Эміраты, казалі, што любыя пагадненні, звязаныя з кліматам, – гэта нават не пагроза, але прамая шкода іх нацыянальным эканомікам. Але вось ужо 5 гадоў прайшло з таго моманту, калі яны казалі пра гэта апошні раз. Яны зразумелі тое, што трэба вучыцца зарабляць па-іншаму, і даўно сышлі з шэрагу аутсайдэраў, сталі развіваць узнаўляльныя крыніцы энергіі і інфраструктуру. Расея магла б зрабіць тое ж самае, але сістэмы прыняцця рашэнняў там пабудаваны зусім па-іншаму», – кажа Яраслаў Бекіш, эксперт з кліматычных пытанняў і каардынатар Таварыства «Зялёная сетка».

У стратэгіі, прынятай прэзідэнтам Пуціным, пагрозай нацыянальнай эканоміцы называюцца не толькі «зялёныя» тэхналогіі, а таксама інфармацыйныя і, наагул, усё, што можа неяк зрушыць ці зачапіць расейскую стабільнасць. Напрыклад, «імкненне развітых краінаў выкарыстаць сваю перавагу ва ўзроўні развіцця эканомікі, высокіх тэхналогіяў у якасці інструмента глабальнай канкурэнцыі».

«Гэта такая абарончая пазіцыя – усё, што адбываецца ў свеце, утрымлівае ў сабе пагрозу нашай бяспецы. А наша бяспека ўспрымаецца як стабільнасць у найгоршым сэнсе гэтага слова. Яшчэ з савецкіх часоў існуе выраз, што самая стабільная сітуацыя – на могілках, вось у гэтым сэнсе і тут. Лепш, калі ніхто нават варухнуцца не можа і можна ўпэўнена прагназаваць», – кажа Міхаіл Юлкін, эканаміст, генеральны дырэктар «Цэнтру экалагічных інвестыцыяў» у Маскве.

 

Што ад гэтага Беларусі?

У 2016-м годзе ў Беларусі ўзнаўляльныя крыніцы энергіі ў Беларусі выраблялі прыкладна 6% электраэнергіі, пры гэтым найбольшы аб’ём прыпадаў на торф і дровы, а не інавацыйныя сонечныя ці ветравыя тэхналогіі.

Каля 14% энергіі і паліва Беларусь здабывае і вырабляе сама, астатняе, каля 85%, імпартуецца выключна з Расеі.

«Яны хацелі сказаць, што не збіраюцца ўкладаць у інвестыцыі ў развіццё зялёнай энергетыкі. Зразумела, што Расея не зацікаўленая ў скарачэнні рынку і попыту на свой тавар. Так было заўжды: яны зацікаўленыя паставіць як мага больш партнёраў у залежнасць ад вуглевадароднага паліва. Але для Беларусі ёсць і яшчэ адзін нюанс. Нашае кіраўніцтва ўжо разлічыла, што калі АЭС будзе ўведзена ў эксплуатацыю, то нам больш не будзе патрэбна ўводзіць ніякія новыя генеруючыя магутнасці, ці то ўзнаўляльныя ці то не. Фактычна, Расея ўжо падклала нам гэтую свінню яшчэ 10 гадоў таму, калі рашэнне аб АЭС толькі прымалася, блакуючы і ў нас развіццё ўзнаўляльных крыніц энергіі», – кажа Яраслаў Бекіш.

Згодна з Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, долю ўзнаўляльных крыніцаў энергіі ў Беларусі плануецца павялічыць толькі да 7% да 2025 году і да 9% да 2035 году. У гэты час, стратэгія энергетычнага развіцця Еўрапейскай камісіі ставіць мэтай 27% узнаўляльнай энергіі ў энергабалансе Еўразвязу ўжо ў 2030 годзе. А Францыя, дзе абсалютная большасць энергіі вырабляецца на атамных электрастанцыях, у мінулым годзе прыняла закон аб скарачэнні долі атамнай энергіі на карысць узнаўляльных крыніц на чвэрць да 2025 году.

«Мы на цэлую прамысловую эпоху адсталі і па-ранейшаму асноўнай крыніцай багацця лічым здабыццё карысных выкапняў. Мы з нетраў нешта выкачваем і ўсяму свету прадаем. І попыт на гэтыя рэсурсы падае. У Расеі няма зялёных тэхналогіяў, па шчырасці, няма. Няма ўласных распрацовак. Мы прамышляем нейкімі дробнымі праектамі, у асноўным, у Сібіры і на Алтаі. А як удзельнік сусветных праектаў Расея абсалютна не канкурэнтаздольная, нам няма чаго прапанаваць, мы так рабіць не ўмеем», – кажа Міхаіл Юлкін.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 19.05.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.