Атамная рулетка для Беларусі: чым абернецца мікратрэшчына ў корпусе рэактара?

Сэрцам кожнай АЭС з’яўляецца рэактар, у якім адбываецца галоўны працэс: атрыманне цяпла і энергіі шляхам расшчаплення ўрану. Аднак яшчэ ўтвараецца неверагодная колькасць пабочных прадуктаў. З-за гэтага менавіта рэакцыя дзялення нясе ў сабе асноўную небяспеку.

11.05.2017 Грамадства Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: sputnik.by, oboitut.com, flatonika.ru

Пры будаўніцтве такога складанага аб’екта, як АЭС, абавязкова павінна паўставаць пытанне 100%-най гарантыі цэласнасці корпуса рэактара.

 

 

«З улікам, што корпус рэактара ўтрымлівае ў сабе небяспечныя пабочныя прадукты дзялення, пры наяўнасці хоць невялікага і нязначнага пашкоджання шкодныя элементы могуць трапіць у наваколле, — тлумачыць Гордан Эдвардс з Канадскай кааліцыі па ядзернай адказнасці. — Пасля ўвядзення рэактара ў эксплуатацыю не застаецца ніводнай магчымасці замяніць яго корпус з-за высокага ўзроўню радыёактыўнасці. І калі маецца нейкі дэфект, у працэсе апраменьвання нейтроннымі патокамі ён будзе ўвесь час разрастацца».

Нягледзячы на тое, што пра Беларускую АЭС кажуць як пра самую сучасную з навейшымі тэхналогіямі папярэджання аварыі ці ліквідацыі наступстваў, варта разумець: нічога не зможа абараніць людзей ад радыяцыі, калі яна вырвецца па-за сцены станцыі.

Пры гэтым усе выдатна памятаюць інцыдэнты з двума корпусамі рэактара, якія адбыліся ў мінулым годзе.

Па словах эксперта, невыпадкова, што пасля здарэння з першым корпусам, калі ён «судакрануўся» з падлогай пры ўстаноўцы, было прынята рашэнне пра яго замену.

 

           

«Так, візуальна пашкоджанняў магчыма і не было… Але ж вы разумееце, калі канструкцыя ў некалькі тон судакранаецца з іншым аб’ектам, то ў метале ўтвараюцца прыхаваныя зоны напружання, дэфекты… З часам яны ператвараюцца ў сур’ёзныя трэшчыны. У дачыненні да рэактара, напрыклад, праз іх можа пачацца працяканне вады, — мадэлюе сітуацыю Гордан Эдвардс. — Таму рашэнне аб замене “стукнутага” корпуса цалкам відавочнае. І прынята з-за немагчымасці даказаць, што ніякіх пашкоджанняў няма».

А вось выпадак з другім корпусам ужо мае больш трывожныя наступствы. Нягледзячы на афіцыйнае пацверджанне, што канструкцыя для АЭС сапраўды мела сутыкненне з жалезабетонным слупом лініі электраперадач, чамусьці на гэты раз уздзеянне на корпус палічылі не такім небяспечным.

 

 

Хаця на погляд канадскага эксперта, паміж гэтымі двума выпадкамі няма ніякай розніцы, і для гарантыі бяспекі працы АЭС у будучым неабходна была чарговая замена корпуса рэактара.          

«Вядома, што найлепшым варыянтам для Беларусі было б цалкам адмовіцца ад будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

З улікам наступстваў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС станцыя ў Астраўцы можа нанесці непапраўныя страты эканоміцы Беларусі, можа прывесці да вымушанай міграцыі людзей, да цяжкіх захворванняў цэлых пакаленняў і страце на стагоддзі сельскагаспадарчых тэрыторый», — каментуе Гордан Эдвардс.

І няхай, лічыць эксперт, нас супакойваюць, што новыя тэхналогіі для Беларускай АЭС адрозніваюцца ад тых, што прымяняліся ў 1986 годзе, аднак ці справа ў гэтым? У любым выпадку ў актыўнай зоне рэактара знаходзяцца прадукты распаду, і заўсёды застаецца высокая верагоднасць таго, што яны трапяць у наваколле. Пры гэтым ні адна новая тэхналогія не ў стане спыніць выкіды ці зменшыць уздзеянне на людзей.

Гордан Эдвардс бярэцца смела параўноўваць атамную энергетыку з азартнымі гульнямі. Прынцып, лічыць ён, той жа: мы робім стаўку, а там пашанцуе ці не… Толькі вось наступствы, вядома, іншыя: у гільні мы рызыкуем фінансамі, пры аварыі на АЭС выракаем пакаленні на цяжкія наступствы са здароўем.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 11.05.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.