«Ім і так нармальна». Як выжываюць сабакі ў мінскім прыёмніку на Гурскага без вокнаў  

«Адвезлі мы ежы багажнік на Гурскага, а там рэальна жорстка. Давайце збяром ім грошай на вокны ― гэта ж смешна, што ў 2017 годзе ў прытулку няма іх», ― напісаў у Фэйсбуку Нік Маторын пра «Фауну горада», дзяржаўны прыёмнік для жывёл на вуліцы Гурскага ў Мінску. На вокнах там замест шкла ― цэлафан.

11.01.2017 Экалогія горада Крыніца: Маша Калеснікава, euroradio.fm Фота: euroradio.fm

У самім прыёмніку да такой ініцыятывы ставяцца са здзіўленнем, маўляў, якія вокны, а што з імі рабіць летам? Да таго ж будынак, дзе знаходзяцца вальеры для сабак, не прадугледжвае ацяплення, вокны сітуацыю не выратуюць, сабакі пры такіх тэмпературах не пакутуюць. Ды і колькі тут той зімы.

Вокны няветлівага квадратнага будынку, у якім знаходзяцца вальеры, зацягнутыя цэлафанам. У будках пасцеленыя коўдры і іншыя рэчы, якія пад святы прынеслі неабыякавыя мінчукі. Некаторыя сабакі апранутыя ў швэдры. Пахне вельмі кепска.

Ветэрынар прыёмніка Аляксандр запэўнівае: «таго, што вы бачыце, для сабак пры -20 -30 градусах марозу дастаткова».

Некаторыя сабакі ляжаць у будках, іншыя ― на падлозе. Доктар кажа, што вулічным жывёлам больш звыкла адпачываць менавіта на камяністай падлозе, чым на мяккіх цёплых рэчах. Тым не менш, ці доўга можа праляжаць сабака на бетоне пры -30, улічваючы, што ён не можа ўстаць і пабегчы, каб сагрэцца, ці схавацца ў якім пад'ездзе пад батарэяй?!

― Галоўнае, што тут няма ветру, ― кажа Аляксандр. ― Паверце, гэта горш, чым мароз. Калі мы змесцім гэтых сабак у пакой, яны пачнуць усе хварэць, бо тэмпературны клімат іншы. Пры такіх тэмпературах інфекцыйныя захворванні менш перадаюцца.

Згодна са словамі доктара і цэтлікамі на вальерах, сабакі жывуць у прытулку доўга: ёсць тыя, хто паступіў сюды ў сакавіку, лістападзе, снежні. Цяпер тут каля 180 сабак.

Дзень утрымання сабакі ў прыёмніку абыходзіцца дзяржаве ў 4 рублі 12 капеек, кот «каштуе» ― 75 капеек (у суму уваходзіць корм, прыборка ў вальерах, агляд ветурача і іншае). Кіраўніцтва ўстановы сцвярджае, што гэтых грошай цалкам хапае. Хаця, ад ежы, якую прывозяць людзі, таксама не адмаўляюцца. Кормяць сабак і катоў раз на дзень: сухім кормам і кашамі.

Доктар Аляксандр кажа, што сабакі пародзістыя, якія трапляюць у прыёмнік, утрымліваюцца ў клетках у цёплых пакоях. Праўда, хаскі з блакітнымі вачыма знаходзіцца тут жа, на вуліцы. У цёплых пакоях сядзяць мілыя шчанюкі і каты.

Галоўны рэдактар часопіса «Паляўнічы і рыбалоў» Аляксандр Ачарэтны скептычна ставіцца да заяваў «Фауны горада» аб тым, што сабакам і так добра:

― Пры наяўнасці дастатковай плошчы і добрага ўкрыцця, як будка, сярэднестатыстычная дварняга нармальна перанясе мароз да 20 градусаў. Яна мусіць мець магчымасць схавацца ва ўтульнай будцы без скразняку. Таксама яна мусіць мець магчымасць пяць метраў туды ― пяць метраў назад хадзіць. Важна, каб падлога была не бетонная: яна мусіць быць земляной ці драўлянай. У тых умовах, у якіх жывуць сабакі на Гурскага, гэта ненармальна.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 11.01.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.